Баец ПКК: На жаль, Украiна не ваюе з Беларуссю — мы б хутчэй вырашылi пытанне iснавання рэжыму
Адзін з беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, даў інтэрв'ю для Youtube-канала «Жизнь-малина» — няпростае, пра няпростыя рэчы.
8 лiпеня на канале «Жизнь-малина» выйшла iнтэрв'ю з былым весляром зборнай Беларусi, якi трапiў у топ-6 на АГ-2004, — Паўлам Шурмеем. Двухметровы экс-спартсмен з 50-м памерам нагi пад пазыўным «Дзядзька» ўжо больш за год змагаецца за Украiну ў вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. 46-гадовы Шурмей, якi адмыслова прыляцеў з Нью-Ёрка, дзе жыў, ва Украiне стаў кулямётчыкам палка Калiноўскага, але атрымаў цяжкае раненне рукi, ад якога цяпер аднаўляецца ў Кiеве.
«Дзядзька» расказаў Мiкiту Мелказёраву шмат чаго пра жахi вайны: пра раненне, патрэбу прыкiнуцца забiтым, каб выжыць, чужыя смерцi i немагчымасць дапамагчы, – а таксама згадаў, як выпадкова сустрэўся з прэзiдэнтам Украiны Уладзiмiрам Зяленскiм. Словы пра тое, што яшчэ давялося пабачыць на вайне былому спартсмену, пераводзіла ў тэкст «Трыбуна».
Пра мясарубку
Зэкi «Вагнера» проста ўскрывалi нашы агнявыя кропкi. Проста iдзе хваля. Хлопцы адбiвалi з уласнай зброi. [У «Вагнера»] ёсць страты, яны адкацiлiся – але ж выявiлi кропкi, па iх пачынае працаваць танк. Адпрацоўвае – другая хваля iдзе. Зноў нашы хлопцы працуюць, [у працiўнiка] страты, але яны зноў выклікаюць танк, якi зноў працуе. Гэта проста мяса.
Жыццё на вайне – гэта цяжкая-цяжкая праца. Гэта бруд. Гэта смерць. Гэта жахi. Усё самае херовае, што можна сустрэць. Ты разумееш, што на «нулi» (на лiнii фронту. – Заўв. рэд.), каля «нуля» смерць можа адбыцца ў любы момант. Не веру, што камусьцi ўвогуле не страшна. Але калi ты можаш узяць страх у кулак, то будзеш працаваць.
Палон? Трэба наносiць ворагу такiя страты, каб ён забiў цябе, а не браў у палон.
Пра тое, як прыкiдваўся мёртвым
Мы рушылi на СП («спостережний пост», гэта значыць назiральны пункт. – Заўв. рэд.). Крыху бестурботна гэта рабiлi, бо было ўжо добра светла. I варожы БПЛА нас змаляваў, i мы ў чыстым полi трапiлi пад мiнамётны абстрэл. Хавацца не было месца, укрыцця не было. Мы вымушаныя былi па-сабачы па полi паўзцi. Потым, напэўна, мiнамёт выкарыстаў свой боекамплект, i па нас пачала працаваць БМД. [Давялося] ляжаць у полi, удаваць на забiтага, каб абстрэл скончыўся. Не самае прыемнае. Перад тварам трава, моцны-моцны пах палыну. Мурашкi поўзаюць. А ты размаўляеш з тым, хто наверсе ёсць: «Давай не сёння, хай гэта будзе не сёння». Гэта была пятнiца перад Вялiкднём у мінулым годзе.
Апынулiся пад такiм шчыльным абстрэлам ва ўвогуле непадрыхтаваным месцы… Мы тады два днi прабылi на СП, дзень мне спатрэбiўся, каб апрытомнець.
Пра раненне
Гэта было ўначы ўжо. Мы паехалi забiраць з задання групу хлопцаў – украiнцаў, «iнтурыстаў» (так называюць замежнікаў, якія ваююць за Украіну. – Заўв. рэд.). Прайшоў дождж, туды можна было трапiць цi гусенiцамi, якiх не было, цi на нашым «Хамвi» (таксама вядомы як «Хамер». – Заўв. рэд.). Мы паехалi на кропку. На жаль, «Хамвi» захрас. Мы знайшлi ў некалькiх дзясятках метраў, як мы вырашылi, больш-менш бяспечнае месца, вырашалi, што рабiць. I нас уначы змалявала «птаха», БПЛА. Пачаўся абстрэл. Паранiла двух «iнтурыстаў», мы засталicя аказаць iм дапамогу. I запрасiлi эвакуацыю, чакалi, калi знойдуць [машыну] на гусенiцах.
Праз нейкi час пачаўся другi абстрэл — на маю думку, танкавы. Усё былi пералёты, але апошнi стрэл трапiў у дрэва, якое было памiж мной i iншым беларусам. Аскепкамi зверху нас накрыла. Ну а ў хуткiм часе з'явiлася эвакуацыя для «iнтурыстаў» – i забрала i нас. Мне [аскепкi] дакладна трапiлi наскрозь [праз левую руку], перабiлi прамянёвы нерв (якi адказвае за рух практычна ўсiх мышцаў для разгiнання. – Заўв. рэд.). Патрэбны час, каб ён аднавiўся i потым усё працавала, як да ранення (пакуль Шурмей носiць фiксатар на перадплеччы i кiсцi. – Заўв. рэд.). Нiчога, праз нейкi час усё павiнна аднавiцца.
Пра выпадкi, калi нельга дапамагаць
Калi мы працавалi ў Iрпені ў мiнулым годзе, аднойчы хавалiся ад абстрэлу ў цэнтры будынка, у прыбiральнi. Сядзiм ушасцёх – i тут жаночыя крыкi: «Людзi, дапамажыце!» I я… А мне хлопец, для якога быў ужо не першы год вайны: «Дзядзька, сядзi. Ты нiчым не дапаможаш». Вельмi шчыльны абстрэл, ёсць заданне, ты павiнен яго выконваць. А [калi паспрабуеш дапамагчы, а] цябе параняць – хлопцы пойдуць выцягваць, з iмi нешта можа адбыцца, i ланцужок пойдзе. I ты [рвешся дапамагаць] – а табе: «Сiдзi».
Як пазней мы высветлiлi, гэта цывiльныя жыхары, якiя спрабавалi адыходзiць на ўкраiнскi бок, муж з жонкай. I проста ў мужыка не вытрымала сэрца – памёр ад iнфаркту. А жонку потым вывелi.
Пра першую смерць на вайне
Мы прыехалi ў Iрпень, нас завялi на пазiцыю ў будынак, i там я пазнаёмiўся з хлопцам. Валодзя, «Бронза» пазыўны ў яго быў, ветэран вайны ў Афганiстане, з 2014-га прымаў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе. I ён прыемна здзiвiўся: «О, беларусы прыехалi нам дапамагаць! Малайцы, хлопцы, дзякуй!»
Недзе праз паўгадзiны я пайшоў на другi паверх, i «Бронза» быў там. Мы завялi нейкую размову. Ён стаяў у дзвярным праёме, спiнай да вялiкага балкона, а я яму ў твар глядзеў, спiнай у калiдор. Пачаўся абстрэл раптоўна – БМП, мiнамёты. I першым жа прылётам нас двух кiнула ў калiдор. Ну i… Аскепак прыляцеў у яго. Мы разам апынулiся на падлозе – я ўстаў, ён не. Я пачаў яго цягнуць – пабачыў вялiкую лужыну крывi. Паклiкаў парамедыка – перабiтая пахавая артэрыя, а з гэтым i ў простых умовах вельмi мала шансаў на дапамогу. Праз тры хвiлiны я ўжо яму закрыў вочы.
Як псiхiка? Я ехаў на вайну, я рыхтаваўся да таго, што такое будзе адбывацца, на жаль.
Пра iншыя смерцi на фронце
У Бахмуце [загiнуў] баец мой, кулямётнiк – маленькi аскепачак прабiў бронекамiзэльку збоку i патрапiў проста ў сэрца. 7 лiстапада [2022 года].
З Мiраславам Лазоўскiм былi агульныя знаёмыя. Пасябраваў у Амерыцы яшчэ з яго сябрамi па «Белым легiёне». Калi ляцеў са Штатаў ва Украiну, ведаў, што з iм пазнаёмлюся, што ён чакае. Так, мы моцна пасябравалi. Гэта мог быць у будучай Беларусi сапраўды мiнiстр абароны. Ён не служыў у войску, але бачанне, як усё павiнна быць, вельмi моцнае было. I мы ж ведаем па працы ў «Белым легiёне», што яны займалiся вайскова-патрыятычнай падрыхтоўкай. Тут, на вайне, яго талент раскрыўся.
«Брэст» – ён быў лiдар. Няважна, была б рота, батальён, полк – гэта быў камандзiр. Цяжка без яго? Так.
Каму з загiнулых калiноўцаў можна ставiць помнiк? Усiм.
Пра смерць мацi
Мы на базе рыхтаваліся да наступнай аперацыі. Я ведаў ужо, што яна ў рэанімацыі, у цяжкім стане. I мне напісалі паведамленне [пра тое, што яна памерла]. Тое, што сын на вайне, той увесь бруд, які льюць на сем’і добраахвотнікаў [прарэжымнiкi] ў Беларусі, – усё гэта паскорыла гэты момант.
Адносіны ў нас былi самыя шчырыя. Яна мяне любіла, я яе любіў. Як павiнна быць памiж мацi i сынам. Я тут i ваюю супраць нашага агульнага ворага, таму што мацi мяне так выхавала. Як сябе адчувае чалавек, якi не можа прыехаць на пахаванне мацi? Нядобра сябе адчувае. Нядобра.
Ну, што? Заплюшчыў вочы i пайшоў працаваць.
Пра Зянона Пазняка
Яшчэ ў 1994-м я быў на баку БНФ i Зянона Станiслававiча Пазняка. [Нядаўна] Зянон Станіслававіч да мяне прыехаў у шпіталь у Кіеве. Я з ім пазнаёміўся да таго ў Нью-Ёрку некалькі гадоў таму. Вельмі добра тое, што ён прыехаў да хлопцаў у Бахмут. Я уразіўся. У яго ўзросце (на момант вiзiту Пазняку было 78 гадоў. – Заўв. рэд.)… Мне здаецца, ён яшчэ не раз можа так прыехаць. Чамусьцi гэтага не рабілі iншыя з тых, хто лічаць, што яны беларускія палітыкі.
Пра Уладзiмiра Зяленскага
У сакавiку паехалi наведаць сябра ў шпiталь. Перад уваходам звярнуў увагу на цiкавы бус – без пантоў, але няпросты. Каля лiфтоў хлопец сваiм позіркам кантраляваў сiтуацыю. Павярнулi ў аддзяленне – стаяць два чалавекi, нiбыта ахоўнiкi. Пайшоў далей, на чацвёрты паверх, наведаць яшчэ аднаго [сябра], назад амаль дайшоў на другi паверх – а там першы хлопец кажа: «Прабачце, хвiлiначку». Я спынiўся, адчынiлiся дзверы – i выходзяць два ахоўнiкi, Зяленскi i яшчэ два ахоўнiкi. I яны проста пайшлi. Зяленскi яшчэ павярнуў галаву на мяне – я так зразумеў, проста як на вялiкага [памерам] чалавека глядзеў. Усё гэта [заняло] 10 секунд, можа. Ахоўнiк сказаў: «Дзякуй», – i я за iм пайшоў у аддзяленне.
Я не ўяўляю сабе, каб у Беларусi цi Расii нейкi звычайны чалавек вось так у жыццi сутыкнуўся з Лукашэнкам цi з Пуцiным.
Пра вызваленне Беларусi
У 2008 годзе нас праводзілi на Алімпійскій гульні, i калi Лукашэнка ішоў перад намi, у мяне ў галаве была думка: «Цi паспеў бы я яму што-небудзь у горла ўтыркнуць?» Стаўленне да яго ў мяне з самага пачатку, мякка кажучы, нядобрае. У iнтэрнаце РВАР на плакатах з ЧС дапiсаў: «Беларусь у Еўропу, Лукашэнку ў жопу», «Луку на муку», – тое, з чым выходзiлi людзi ў 1996-м, у 1999-м. Праз шмат гадоў даведаўся, што праз гэта стаяла пытанне пра выключэнне мяне з вучэльні.
Мы [ў палку iмя Калiноўскага] Цiханоўскай сказалi: адкрытыя для ўсiх, хто жадае справай – справай! – прыняць удзел у вызваленнi Беларусi праз перамогу Украiны. Яны лiчаць, што яны Кабiнет, выходзяць на сувязь з прэзiдэнтамi, прэм'ер-мiнiстрамi – а дзе справа? Дзе людзi, якiя б ехалi на вайну?
Паход на Беларусь? Мы над гэтым працуем. План ёсць, але мы можам [толькi] прыватна пра гэта паразмаўляць. Я вось думаў, што маю родную Лiду з лiтоўскага боку трэба будзе вызваляць. На сёння гэта нерэальна, але нiхто не ведае, што будзе заўтра. [Цяпер] нам трэба рабiць яшчэ больш, каб, калi прыйдзе час i мы будзем уваходзiць у Беларусь, людзi там паўсталi. Яны павiнны разумець, што, на жаль, без страт нiчога не будзе. У свабоды ёсць кошт.
Мiрным шляхам мы не вырашым сiтуацыю ў Беларусi. Хочам мы гэтага цi не хочам, будзе, на жаль, вайсковы шлях. Акей, праз нейкi тэрмiн Украiна пераможа ў вайне, [дапусцiм], Расii будзе не да падтрымкi Лукашэнкi. Але што, Лукашэнка ад гэтага скажа: «Усё, прабачце, я паляцеў у Эмiраты»? А куды ўсе сiлавiкi [Лукашэнкi], уся рэпрэсiўная сiстэма? Што яна, аддасць уладу мiрным шляхам? Не. На жаль, Украiна не ваюе з Беларуссю, [iнакш] мы б хутчэй вырашылi пытанне iснавання рэжыму Лукашэнкi.
У нас з хлопцамi такая думка пра прапагандыстаў: мы iх збяром усiх у Беларусi, яны возьмуць шуфлi, сваiмi рукамi выкапаюць вялiкi катлаван, мы збяром лайно вадкае, якiм яны любяць палiваць людзей – i яны у гэтым лайне будуць вучыцца плаваць. Хто навучыцца – застанецца жывы, а хто не навучыцца – значыць, не надта добра старалicя.
Цалкам відэа можна паглядзець тут: