«Ён дагэтуль мне сніцца, як жывы». Дзяўчына Івана «Брэста» пра каханне, турму і смерць
Камандзір батальёна «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага Іван «Брэст» Марчук загінуў 26 чэрвеня 2022 года ў баі з расійцамі ля акупаванага Лісічанска. «Брэст» быў адным з найбольш вядомых беларусаў, што ваявалі ва Украіне.
Амаль праз год з моманту сьмерці Івана «Брэста» са «Свабодай» пагадзілася паразмаўляць ягоная сяброўка Надзея Ліхашапка. Дзяўчына расказала пра тое, як Іван сядзеў у турме за бандытызм, і пра ягоны няпросты характар. А таксама пра каханьне і гераізм.
«А дзе твая барада?»
«Мы былі знаёмыя пяць гадоў, дакладней чатыры, калі ня браць у разьлік апошні год. У нас былі вельмі складаныя стасункі, ня ўвесь гэты час мы былі разам», — пачынае аповед Надзея.
Украінка і беларус пазнаёміліся на сайце знаёмстваў. Надзея
расказвае, што яе вельмі захапіў вобраз Івана — зь вялікай барадой, у вайсковай
форме.
«Мы дамовіліся сустрэцца неяк вечарам, і вось ён прыяжджае,
выходзіць з таксі, а ў яго цалкам зголеная барада. І першае, што я пытаюся: "А
дзе твая барада?" Ён: "У сэнсе?" — "Ну ў цябе на фота такая прыгожая барада,
дзе яна?" — "Божа, табе што, падабаецца барада?" — "Вядома!"
А ён тады якраз прыехаў з францускага легіёну, быў увесь
зарослы, але да барбэра не пасьпяваў, хацеў падраўняць бараду — і адбылася
клясыка жанру: зразумеў, што ўсё пагана, і прыняў рашэньне цалкам згаліць. І
выглядаў ён тады як маленькі хлопчык, з прышчыкамі на шчоках, вельмі сьмешны».
Дзяўчына расказвае, што першае спатканьне было надзвычай
няўдалым, яна больш не хацела бачыцца з Іванам.
«Я памятаю, што села ў трамвай і думаю: "Трэба заўтра неяк
напісаць гэтаму хлопцу, што болей мы не пабачымся". Так я і зрабіла. Але я яму
вельмі спадабалася, таму ён пэрыядычна мне пісаў, хоць я і сказала яму, што нам
зусім у розныя бакі. Пісаў-пісаў, і месяцы праз два мы зноў сустрэліся. Ён неяк
спытаў: "Мо хочаш пакатацца на матацыкле?" А я дужа падкая на матацыклы, для
мяне барада плюс матацыкл — гэта проста забойная сумесь».
Паводле ўкраінкі, далей усё было як у кіно: прыяжджае Іван,
здымае шалом, а там ужо прыгажэзная барада.
«Так мы і пачалі стасавацца, ён амаль штодня прыяжджаў,
вельмі прыгожа дабіваўся мяне. Нават мама мая казала: "Надзя, ён як прыяжджае,
нават у мяне сэрца ў пяты ад таго, які прыгожы і файны мужчына, і так прыгожа
заляцаецца".
На дзень нараджэньня Надзеі Іван падараваў ёй квіткі на
канцэрт, а таксама паездку ў Львоў.
«Калі мы вярнуліся са Львова, то ён мне ўручыў дублікат
ключоў ад сваёй кватэры і сказаў: "Калі захочаш, то можаш перавозіць да мяне
рэчы". Так мы і зьехаліся. Паўгоду мы зь ім пражылі ідэальна. Гэта былі мае
найлепшыя паўгоду ў жыцьці».
«Вось у кагосьці ранак няўдала пачаўся»
У лістападзе 2018 году Івана Марчука затрымалі ўкраінскія сілавікі. Яго падазравалі ў падпальваньні прадпрыемстваў і гандлі зброяй у складзе злачыннай групоўкі. Усяго беларуса абвінавачвалі ў адзінаццаці эпізодах.
«Для мяне было сюрпрызам, калі ў адну з раніцаў нас паклалі
тварам у падлогу. Ваня мяне адвозіў на працу, мы селі ў машыну, ён кажа: "Пачакай, зараз аліву праверу". Гэта было дзесьці 7:40 ранку.
Іван расказваў потым, што пабачыў бакавым зрокам, як бяжыць
атрад сілавікоў, і яшчэ падумаў: "Вось у кагосьці ранак няўдала пачаўся". А
потым да яго даходзіць, што гэта ягоны ранак так пачаўся. У нас цэлы дзень быў
ператрус, мяне адпусьцілі дзесьці толькі а восьмай вечару, а Івана забралі».
Паводле ўкраінскіх праваахоўнікаў, Івану Марчуку пагражала
да 15 гадоў зьняволеньня. Яго абвінавачвалі ў нападах з выкарыстаньнем
супрацьтанкавай зброі і боепрыпасаў.
«Гэта быў цяжкі пэрыяд, я не змагла пратрымацца цалкам.
Дзесьці пасьля году зьняволеньня мы пачалі моцна сварыцца і разышліся. І я тады
была маладзейшая, і ён таксама, а ён увогуле такі гарачы-гарачы.
Падтрымліваць сувязь, калі Іван сядзеў у турме, увогуле
няцяжка, бо гэта ж Украіна. Я пастаянна хадзіла да сьледчага, прасіла яго
дазволу на спатканьні. Іван паўгоду сядзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня, ён
адразу пагадзіўся на супрацоўніцтва з паліцыяй. І праз гэта меў пэўныя
«плюшкі»: адна з такіх выгодаў была ў тым, што сьледчы дазваляў нам бачыцца, хоць
мы не былі мужам і жонкай.
Я прыходзіла, стаяла чаргу (яна магла займаць і чатыры
гадзіны), сустракаліся і адседжвалі ўсе свае законныя гадзіны. У мяне засталося
шмат лістоў ад Івана з таго пэрыяду. Насіла перадачкі яму, бо Ванька любіў
паесьці».
У выніку Івана асудзілі на тры гады і адзін месяц
зьняволеньня. Пакараньне адбываў у Барыспальскай калёніі.
«З калёніі мы кантактавалі праз тэлефон, у Івана там быў
мабільнік. Там ва ўсіх былі тэлефоны, гэта ўвогуле не праблема. Мы на сувязі
былі 24/7. Толькі што маральна было цяжка мне».
Іван Марчук выйшаў з турмы ў сьнежні 2021 году, а ў лютым
2022-га ўжо пачалася вайна.
«Яму нават сьледчы казаў: "Іван, ну ты ж не такі чалавек,
які зьвязваецца з бандытамі". І мне сьледчы тое ж казаў: "Я не ўяўляю, што Іван
там рабіў, уражаньне, нібыта ён, як у дзяцінстве, проста трапіў у кепскую
кампанію". Ён ня мог прайсьці міма якой-небудзь бабулі, якая прадавала кветкі
ці сьлівы, і мы заўсёды куплялі іх. Калі ў крымінальнай справе налічылі
адзінаццаць эпізодаў, то я была вельмі зьдзіўленая.
"Ваня, як так выйшла?" — "А я ня ведаю", — адказваў мне».
«Зараз пачнецца, зараз пачнецца»
Калі Іван выйшаў з турмы, то з Надзеяй яны пабачыліся толькі аднойчы. Дзяўчына зноў сказала беларусу, што гэта іх апошняя сустрэча.
«Я тады хадзіла да псыхоляга, каб не вяртацца да Івана, мне
было вельмі цяжка безь яго, я яго кахала, але мне хацелася іншага жыцьця. У
Івана ж усё на экстрыме. Я нават не магла назваць нас паўнавартаснай парай.
Нават апошні раз, калі мы зь ім былі разам, Іван тады сказаў: "Я настолькі
цікавае жыцьцё пражываю". А я адказала: "Мабыць, я і не ўяўляю цябе старым з домам,
зь дзецьмі, унукамі, са спакойным жыцьцём". Ён глядзіць на мяне і кажа: "І я
сябе такім не ўяўляю".
Надзея расказвае, што, нягледзячы на тое, што на момант
пачатку вайны яны ўжо паўтара году не былі разам, прыярытэты хутка расставіліся
зусім па-іншаму.
«Увесь гэты час мы правялі разам. Сумневаў у яго не было, ці ісьці на вайну. Ягоны сябра Паша, зь якім яны разам жылі, расказваў, што Іван ня спаў усю ноч на 24 лютага і казаў: "Зараз пачнецца, зараз пачнецца". Паша яму казаў: "Ды засьні ты, калі ласка, нічога не пачнецца, чаго ты сябе накручваеш". А Ваня хадзіў па пакоі, нібыта той маятнік. І тут чуюцца выбухі, Іван кажа: "Ну я ж гаварыў!" Адразу ж пачаў зьбірацца, ён быў адным зь першых у батальёне Каліноўскага».
Надзея расказвае, што Іван сябе якраз добра адчуваў у вайну,
а вось у мірны час пачынаў нудзіцца.
«Вайна — гэта сто адсоткаў ягоная стыхія. Ён быў вайскоўцам да
мозгу касьцей. Калі мы разам жылі, то яму было дастаткова сумна: нездарма
зьявіўся матацыкл, нездарма бандыцкія гісторыі — адрэналіну не хапала, ці што.
Ён нават хацеў паехаць у Сырыю, лічыў, што там можа быць карысным. Ад самага
дзяцінства ён гарэў гэтым Францускім легіёнам, хоць ніхто ў сям’і, апроч дзеда,
яго ў гэтым не падтрымліваў».
Украінка кажа, што заўсёды вельмі перажывала, калі «Брэст»
ішоў на баявыя заданьні.
«У нас былі супэркароткія перапіскі. Я проста пыталася: "Ок?" Ён адказваў: "Ок". Калі з апошняга баявога ён не адказаў, то я зразумела,
што нешта ня так, але спадзявалася, што ён у палоне. Я разумела, што Іван
абавязкова адпішацца».
«Злаваўся на тых, хто ў тыле»
Надзея расказвае, што незадоўга да сьмерці «Брэст» быў у Кіеве, было шмат унутраных супярэчнасьцяў унутры палку Каліноўскага.
«Іван вельмі злаваўся на тых, хто сядзіць у тыле. Ваня
прыехаў у Кіеў і проста іх разносіў, бо ў іх на «нулі» няма чаго паесьці, а ў
штабе на складзе паліцы ад харчу ломяцца. Плюс да ўсяго гісторыя, як Івана
пабілі незадоўга да сьмерці (інцыдэнт здарыўся менш чым за тыдзень да гібелі
«Брэста», яны пабіліся з камандзірам батальёну «Тэрор» Алегам «Варагам»
Васільевым»).
Надзея нікога не вінаваціць у сьмерці Івана, але пры гэтым
кажа, што быў цэлы шэраг фактараў, які склаўся ў такую гісторыю.
«Апошні раз, калі мы былі разам, ён быў вельмі стомлены,
злосны, раздражнёны. Ён прыходзіў позна, дзесьці а першай ночы. Я яму кажу: "Ну
дэлегуй ты камусьці частку абавязкаў". А ён адказваў, што ня ведае, каму можна
дэлегаваць. Я Івану казала, што яму трэба часьцей бываць у штабе, вырашаць там
праблемы. Але Іван быў іншым чалавекам, ён ведаў, дзе ягонае месца; ведаў, што
яно на перадавой, і ён сябе там адчуваў як рыба ў вадзе. А ўсе ўнутраныя
санта-барбары — гэта было не пра яго. Ён рабіў справу, а не мянціў языком».
На сёньняшні дзень Надзея Ліхашапка ніяк не кантактуе са
штабам палку Каліноўскага, хаця дапамагае звычайным хлопцам-добраахвотнікам.
Нядаўна дапамагала арганізаваць разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім, які
загінуў пад Бахмутам.
«Цяпер для мяне штаб палку Каліноўскага зусім памёр. Я
сустракала ў Кіеве бацькоў Івана, іх прывезьлі на машынах для палку. Прыехаў
«Кіт» (камандзір палку Каліноўскага Дзяніс Прохараў), павітаўся зь імі,
сеў у «тачку» й зьехаў. Потым гэты «цудоўны» чалавек прыйшоў да мяне ў кватэру,
дзе спыніліся бацькі Івана, зь пісталетам.
Быў год палку Каліноўскага. Як вы лічыце, на адзначэньне
запрасілі хоць кагосьці са сваякоў загінулых? Нікога-нікога. Мяне запрасілі
хлопцы, і тое толькі на апошнія паўгадзіны я прыйшла. Мяне сустракае «Кіт»,
працягвае руку, каб павітацца. Я яму кажу: "Ты лічыш, я падам табе руку?" Ён такі: "Ну ладна". А на фоне мільён відэа з Іванам. Я гаварыла з жонкай
«Сябро» (Васіля Парфянкова), яны робяць выставы ў памяць загінулых, і
калі была такая ў Кіеве, то ніхто са штабу проста не прыйшоў. Ну як такое
магчыма?»
«Сківіцы цокалі, калі еў»
У Францускі Іншаземны легіён Іван запісаўся яшчэ студэнтам.
Паехаў у Парыж па турыстычнай пуцёўцы, а там пайшоў на пункт
вэрбаваньня легіянэраў, яго ўзялі. Патэлефанаваў маці, што больш ня вернецца ў
Беларусь. Маці месяц праплакала.
«Іван быў вельмі валявы чалавек. Яму немагчыма загадваць,
каб ён нешта рабіў тое, што ён лічыць няправільным. А ў легіёне, на жаль, было
багата дзедаўшчыны, ён шмат з чым не пагаджаўся. У яго была свая пазыцыя ва
ўсіх пытаньнях, ад гэтага часта сядзеў у карцэры», — расказвае дзяўчына.
Паводле яе, Марчуку найбольш падабалася служыць у Францускай
Гвіяне, у джунглях. Таксама падабалася ахоўваць гасьцей, якія прыляталі ў
аэрапорт у ААЭ.
«А так ён пабываў у палове сьвету. Ён і маму з братам
прывозіў у «Дыснэйлэнд» у Парыжы».
У Марчука быў матацыкл Kawasaki Z1000. Ён любіў скакаць з парашутам,
тарзанкі. Таксама Іван быў зусім неабыякавы да ежы.
«Калі яму было смачна, то ў яго аж сківіцы стукалі адна аб
адну. Я нейкі час была хатняй гаспадыняй, дужа любіла яму гатаваць. Ягонай
улюбёнай стравай быў зялёны боршч. Таксама ён страшэнна любіў выпечку, я яе
рабіла амаль штодня. Ён любіў уключыць якое-небудзь відэа пра Беларусь, сесьці,
паставіць ля сябе малако і пірог. І так мог зьесьці палову пірага і выпіць
літар малака. І калі яму вельмі смачна, то ён мог выдаваць гукі, падобныя да
вуркатаньня. Яшчэ сківіцы цокаюць — і ня трэба ніякіх камплімэнтаў».
А вось алькаголь апошнія гады Іван Марчук цалкам перастаў
ужываць.
«Неяк быў момант, калі ў госьці да нас прыехаў яго пабрацім
Юры зь легіёну, яны вельмі добра прыклаліся да алькаголю. У нас тады была
вельмі паганая ноч, ён злавіў ці «белачку», ці нешта такое, было вельмі
«весела». І пасьля той ночы ён ня піў абсалютна», — расказвае Надзея.
«Мне не хапае ягонай магілы»
Дзяўчына расказвае, што толькі месяц таму ўсьвядоміла да канца, што Івана больш няма.
«Я ішла па вуліцы, было файнае надвор’е. І я думала, што
вельмі шкада, што Іван і іншыя хлопцы гэтага больш ніколі не пабачаць. І тады
да мяне прыйшло разуменьне, што мне ўсяго 26 і маё жыцьцё далей будзе бяз Вані,
што ўсе цяперашнія пляны я мушу будаваць ужо безь яго».
Асабліва Надзею турбуе той факт, што «Брэст» па-ранейшаму не
пахаваны, расейцы так і ня выдалі ягонага цела.
«Мне не хапае месца, дзе зь мірам і спакоем ляжыць Іван
Марчук, каб яго магіла была чыстай, прыбранай, каб я магла прыйсьці туды,
паразмаўляць зь ім. На сёньня я даю каля 50%, што ягонае цела атрымаецца знайсьці.
Калі ён загінуў, то я была ўпэўненая на 100%. Я дужа хачу верыць, што знойдзем.
Але рэальнасьць такая, што вельмі шмат гісторый, калі кагосьці не знаходзілі.
Ён дагэтуль мне сьніцца, як жывы. Да цяперашняга часу я шукаю
яго прозьвішча ў сьпісах на абмен, а потым адкрываю ягонае фота, дзе ён мёртвы,
і кажу сама сабе: "Надзя, ня трэба рэзаць самой сабе сэрца".
На тым фота не відаць твару Івана, і ў снах я бачу, як ён
прыходзіць з палону, худы ўвесь такі, і кажа: "Цяпер усё будзе добра". І гэты
сон круціцца з зайздроснай пэрыядычнасьцю. І ніхто ж з пабрацімаў асабіста ня
бачыў, як Іван загінуў».
Надзея кажа, што часта размаўляла зь Іванам пра ягоную
сьмерць. Ён прасіў дзяўчыну працягваць жыць паўнавартасна і пасьля таго, як яго
ня стане, не замыкацца ў сабе. Сёньня Надзея працуе на трох працах. Кажа, што
боль страты праз год не зьмяншаецца.
«Я ўзяла сябе ў рукі, троху абрасла камянямі па гэтай тэме.
Цяпер у мяне адна мэта — пахаваць Івана. Сказаць ягонай маме, што ўжо пахаваны
сын, у яго ёсьць месца. Маме Вані я паведаміла пра сьмерць адразу, як толькі
сама дазналася. Мы ўвесь час на сувязі, у нас добрыя стасункі. Я дужа ёй
удзячная. Яна вельмі клясная, проста неймаверная».
Украінка расказвае, што Іван разам з пабрацімамі на поўным
сур’ёзе плянавалі вызваленьне Беларусі пасьля таго, як перамогуць ва Ўкраіне.
«Яны гаварылі пра тое, што загінуць усё адно ў любым разе,
бо нікому ня трэба рэвалюцыянэры. Я ўспрымала гэтыя гісторыі як нейкі баявік,
бо гучала ўсё максымальна непраўдападобна, а яны, тым ня менш, верылі ў гэта.
Усе хлопцы ваююць ня толькі за Ўкраіну, але і будучыню
Беларусі. Ваня вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь. У яго заўсёды была Беларусь,
ён глядзеў, што кажуць Лукашэнка, Ціханоўская. Я заўсёды памятала, што ён
беларус, а не ўкраінец. Па-ўкраінску ён не асабліва ўмеў гаварыць, але стараўся
вельмі правільна вымавіць слова «Кохаю».