Сталі вядомыя абставіны смерці каліноўца Івана «Брэста» Марчука
26 чэрвеня вайскоўцы з палка Каліноўскага выконвалі заданне. На жаль, вярнуліся не ўсе. Некаторыя трапілі ў палон, а 6 жаўнераў загінулі. Пра тое, як гэта адбылося, распавёў відавочца падзеяў.
Некалькі беларусаў выжылі пад Лісічанскам. Адзін зь іх, R., на ўмовах ананімнасьці пагадзіўся расказаць пра той бой Радыё Сваб*да.
«25 чэрвеня з УСУ паступіла, можна сказаць, баявая трывога, што патрэбна наша дапамога для прыкрыцьця адыходу ўкраінскіх войскаў зь Лісічанску. Каб праціўнік не адрэзаў групоўку, якая адступае, і не ўзяла іх у шчамлёткі. Мы павінны былі стрымліваць праціўніка ў адным з кірункаў, недалёка ад Лісічанскага нафтаперапрацоўчага завода», - кажа ён.
Сам R. тлумачыць, што знаходзіўся доўгі час на пазыцыях пад Мікалаевам, але быў прыкамандзіраваны да «Волата». Пра гэта асабіста прасіў “Брэст”, якому патрэбен быў спэцыяліст. R. прабыў у Кіеве літаральна адзін дзень, а ўжо адтуль накіраваўся ў Краматорск.
“Калі мы прыехалі туды 25 чэрвеня, то там ужо актыўна ішлі баявыя дзеяньні. Прыпаркавалі аўтамабілі, пайшлі ля будынку. Па НПЗ працавалі танкі праціўніка, вяліся абстрэлы. „Брэст“ накіраваўся ў штаб для больш дакладнага праясьненьня задачы. З намі таксама былі грузіны з Іншаземнага легіёну, мы разам павінны былі ўтрымліваць рубяжы. Уначы адправіліся на пазыцыю. Грузіны адправіліся першымі, бо ў іх былі прыборы начнога бачаньня. Мы дачакаліся ранку і выйшлі на наш рубеж».
Суразмоўца Свабоды кажа, што камандзір прыняў рашэньне, што занятая пазыцыя нявыгадная і трэба рухацца наперад.
«У выніку мы аказаліся дастаткова далёка ад саюзных сілаў, фактычна наша група была ў тыле праціўніка. Мы зрабілі аблёт з дапамогай бесьпілётніка, але нічога не знайшлі, бо там была вельмі густая расьліннасьць, а тэхніку старанна схавалі. Таксама тэхніка была схаваная ў ангарах у населеным пункте. Дронам было вельмі цяжка кіраваць, было шмат вонкавых узьдзеяньняў на яго, таму мы яго пасадзілі. Калі спрабавалі адступаць, то зайшлі ў „зялёнку“ (на вайсковым жаргоне гэта лес, лясістая мясцовасьць. — РС), дзе сутыкнуліся з ротай праціўніка, якая рыхтавалася да атакі на НПЗ. Завязаўся вельмі шчыльны бой, дыстанцыя да праціўніка была ўсяго каля 15 мэтраў. Усе пачалі стрэліць, падаць, адпаўзаць».
Пасля гэта беларусы адступілі на блізкую вышыню, пры гэтым ніхто не быў нават паранены. R. называе гэта сапраўдным цудам.
«Ужо на вышыні на нас выехала расейская тэхніка — танкі, а таксама бронеаўтамабілі „Тыгр“. Тэхніка была схаваная ў „зелянцы“ і завялася, калі пачаўся бой. Пасьля абстрэлаў з танка і пулямётных чэргаў з „Тыграў“ у нас зьявіліся першыя цяжка параненыя. Эвакуаваць іх адтуль не было ніякай магчымасьці, бо там адкрытая мясцовасьць”.
Па словах беларускага добраахвотніка, першым раненьне атрымаў іх камандзір «Брэст».
«Ён спрабаваў стрэліць з гранатамёта ў танк. Як толькі стаў у поўны рост, яго адразу расстралялі. Незразумела да канца, з чаго менавіта стралялі, але раненьні былі кулявымі. Ішоў вельмі шчыльны агнявы кантакт. Было задзейнічана шмат кулямётаў. Чуўся такі трэск, гук ад куляў, калі яны прызямляліся побач, і фантанчыкі зямлі ўзьляталі ўгору. Я бачыў краем вока, як на дарозе нехта ляжаў. Хутчэй за ўсё, гэта быў „Брэст“. Ён быў у вельмі цяжкім стане: ні весьці бой, ні самастойна адыходзіць ён ужо ня мог».
R. кажа, што змог нават стрэліць з гранатамёта. Ён расказвае, што іншыя ўдзельнікі бою, якія выжылі, кажуць, што пападаньні ў танк праціўніка былі, але яны не прабівалі браню.
«Калі глядзець па здымках, якія выклалі расейцы, то відаць, што ў „Сябро“ шмат кулявых: і ў нагу, і ў руку, і ў твар. Што тычыцца „Атама“, то іншы хлопец, які таксама выратаваўся, бачыў яго. „Атам“ быў у самым цяжкім стане сярод нас усіх, у яго не было паловы сьпіны, нешта зрабіць было немагчыма. І „Брэст“, і „Сябро“, і „Атам“, хутчэй за ўсё, загінулі вельмі хутка пасьля атрыманых раненьняў».
Добраахвотнік кажа, што расейцы пераўзыходзілі іх у сіле ў пяць-дзесяць разоў. Таксама адбілася ня самая выгадная пазыцыя — гэта адбывалася на краі яру, а да найбліжэйшага лесу было каля 300-400 мэтраў.
«Мяне параніла ў нагу, куля прайшла між пальцаў. Я пачаў адпаўзаць па гэтым полі. Праціўнікі мяне бачылі: калі я толькі падымаўся на карачкі, каб хутчэй рухацца, то па мне пачынаў працаваць кулямёт. Калі гаварыць на ваеннай тэрміналёгіі, то кулямёт страляў па мне „на сем гадзін“. Калі я клаўся цалкам, то кулі не даставалі мяне, праляталі над галавой. Я так мог паўзьці 50 мэтраў, потым зноў падымаўся на карачкі — і па мне зноў стралялі», — расказвае R.
Суразмоўца кажа, што на працягу ўсяго бою чуў размовы праціўнікаў, яны абмяркоўвалі раненьні, шляхі абыходу. Беларус чуў, што сярод расейцаў таксама былі параненыя, але не ўпэўнены, колькі іх было і наколькі цяжкімі былі тыя раненьні.
«Калі я поўз, то разумеў, што, хутчэй за ўсё, ня выберуся. Нават калі дапаўзу да канкрэтнага пункту, то расейцы будуць ужо там і мяне застрэляць. У мяне была адна граната з сабой, думаў кідаць у праціўнікаў, але яны былі далёка, зьбіраўся нават падарвацца на ёй. Быў такі стан пад адрэналінам, рашэньні прымаліся і мяняліся кожныя тры сэкунды, у выніку прыняў канчатковае, што трэба паўзьці. У мяне была з сабой рацыя, я пэрыядычна зьвязваўся са сваімі, яны чакалі мяне на пункце эвакуацыі. Я прапоўз мэтраў шэсьцьсот і прабег тры кілямэтры з параненай нагой. На месцы эвакуацыі сустрэў іншых пабрацімаў, якія выжылі».
Калі ў машыны грузіліся байцы, якія выжылі, то ў тым месцы ўжо таксама вёўся абстрэл, пачала таксама працаваць артылерыя.
«„Брэст“ — гэта вельмі шчыры чалавек, сапраўдны. Мы зь ім неяк вельмі добра стасаваліся, знаходзілі агульную мову. Мы шмат зь ім прайшлі разам, удзельнічалі ў баях пад Мікалаевам, удвух бралі палонных расейцаў. Гэта быў сапраўдны ваяр», — кажа R. пра свайго камандзіра.