«Не эксцэсы выканаўцаў, а метад вядзення вайны». Ва Украіне зафіксавана больш за 14 тысяч расійскіх злачынстваў

Вінніца, Крэменчуг, Краматорск, Марыупаль, Буча… Доўгі спіс ўкраінскіх гарадоў, якія ў нашай памяці назаўжды застануцца сведкамі страшных расійскіх злачынстваў. Хто і кім будзе за гэтыя злачынствы пакараны і ці варта ўвогуле пацярпелым украінцам і іх сваякам спадзявацца на справядлівы суд?

Марыупаль. Фота ТАСС

Марыупаль. Фота ТАСС

Пра гэта падчас анлайн-сустрэчы, арганізаванай «Прававой ініцыятывай», разважалі ўкраінскія праваабаронцы — кіраўніца Цэнтра грамадзянскіх свабод Аляксандра Мацвейчук і выканаўчая дырэктарка Цэнтра Аляксандра Раманцова.

Цэнтр грамадзянскіх свабод мае досвед выяўлення і збірання доказаў расійскіх вайсковых злачынстваў з 2014 года. Гэта першая ўкраінская арганізацыя, якая скіравала мабільныя групы ў Крым, а пазней і ў Луганскую, Данецкую вобласці, каб дакументаваць факты міжнародных злачынстваў непасрэдна на месцах здарэнняў.

Што такое міжнародныя злачынствы?

Згодна з трактоўкай праваабаронцы Аляксандры Мацвейчук, гэта злачынствы, якія па сваёй сутнасці датычацца ўсёй міжнароднай супольнасці.

— Кажучы проста, гэта зверствы, якія абураюць міжнародную супольнасць, — адзначае Аляксандра. — Незалежна ад таго, дзе яны здзяйсняюцца, лічыцца, што пераслед злачынцаў — мэта супрацы ўсёй міжнароднай супольнасці, а не толькі краіны, на тэрыторыі якой яны адбываюцца.

Якія існуюць віды міжнародных злачынстваў?

Акрамя вайсковых злачынстваў, да ліку міжнародных адносяцца злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд.

Усе гэтыя віды злачынстваў маюць агульна-крымінальны і кантэкстуальны элементы. Кантэкстуальны элемент азначае, што злачынства здзяйсняецца ў рамках ўзброенага канфлікту.

Каб зразумець, што менавіта маецца на ўвазе пад сур’ёзнымі парушэннямі міжнароднага гуманітарнага права, прапануем звярнуцца да артыкула №8 Рымскага статута міжнароднага крымінальнага суда.


Пералік магчымых вайсковых злачынстваў даволі доўгі. У прыватнасці, да іх адносяцца наўмыснае забойства, катаванні альбо бесчалавечнае абыходжанне, наўмыснае прычыненне моцных пакутаў, нанясенне сур’ёзных цялесных пашкоджанняў і шкоды здароўю, незаконнае, бессэнсоўнае, крупнамаштабнае знішчэнне будынкаў маёмасці, не выкліканае вайсковай неабходнасцю, узяццё закладнікаў, незаконная дэпартацыя альбо перасоўванне, наўмысны напад на грамадзянскае насельніцтва, на грамадзянскія аб’екты, забойства альбо раненне камбатанта (салдата дзейнай арміі, які склаў зброю і, не маючы больш сродкаў абароны, здаўся) і іншыя.

На жаль, зараз мы ўсё гэта фіксуем, — кажа Аляксандра Мацвейчук.

Праваабаронца адзначыла тры асноўныя трэнды, якія назіраюцца ў паводзінах расійскіх вайскоўцаў. Па-першае, Расія выкарыстоўвае вайсковыя злачынствы як метад вядзення вайны.

Гэта не нейкія эксцэсы выканаўцаў, не адзінкавыя выпадкі зверстваў нейкіх пэўных падраздзяленняў расійскай арміі, — падкрэслівае праваабаронца. — Гэта патэрн вядзення вайны, які падтрымліваецца і легалізуецца вышэйшым вайсковым і палітычным кіраўніцтвам РФ.

Эксперткі нагадваюць, што расійская армія гэтак жа вяла вайну ў Чачні, Грузіі, Сірыі, Лівіі і ў іншых краінах, дзе Расія выкарыстоўвае канфлікт для дасягнення ўласных геапалітычных мэтаў.

Расія мэтанакіравана знішчае жылыя дамы, цэрквы, школы, атакуе і разбурае медыцынскую інфраструктуру і шпіталі, абстрэльвае гуманітарные калідоры альбо ініцыятывы з гуманітарнай дапамогай, — кажа Аляксандра Мацвейчук. — Мы фіксуем шматлікія віды злачынстваў супраць грамадзянскага насельніцтва — катаванні, забойствы, згвалтаванні, выкраданні.

Людзі спрабуюць выехаць з Марыупаля. Фота Alexander Ermochenko / Reuters

Людзі спрабуюць выехаць з Марыупаля. Фота Alexander Ermochenko / Reuters

Па-другое, на акупаваных тэрыторыях выкарыстоўваецца вельмі прагматычная і жорсткая тактыка тэрору супраць грамадзянскага насельніцтва дзеля таго, каб утрымаць гэтыя тэрыторыі пад кантролем.

Мы атрымліваем дзясяткі паведамленняў з просьбамі аб дапамозе ад людзей на акупаваных тэрыторыях, — адзначае праваабаронца. — Украінцы пішуць пра выкраданні, пра цэлую сетку незаконных месцаў несвабоды, дзе ўтрымліваюць, катуюць і забіваюць выкрадзеных людзей.

Аляксандра нагадвае, што жахі Бучы, сведкамі якімі мы ўсе былі, — яркая ілюстрацыя таго тэрору, які зараз супрацоўнікі Цэнтра грамадзянскіх свабод фіксуюць на акупаваных частках украінскай тэрыторыі.

Буча. Фота REUTERS/Oleg Pereverzev

Буча. Фота REUTERS/Oleg Pereverzev

Трэці «трэнд» — дэманстратыўнасць злачынстваў.

Калі падчас папярэдніх васьмі гадоў РФ імкнулася неяк схаваць уласныя злачынствы, сказаць, што гэта не яны, што яны ўвогуле не з’яўляюцца бокам канфлікту, што ўкраінская армія сама сябе расстраляла, а грамадзянскія самі сябе забілі, тады зараз Расія ўвогуле нічога не саромеецца, — падкрэслівае праваабаронца.


Нагадаем, што пасля таго, як увесь свет убачыў злачынствы, здзейсненыя расійскімі акупантамі ў Бучы, Пуцін запрасіў да сябе падраздзяленні, якія ваявалі, і паказальна ўзнагародзіў іх чальцоў медалём.

Хто і як дакументуе факты расійскіх злачынстваў?

Для пачатку варта адзначыць, што паміж дакументаваннем і расследаваннем злачынства ёсць вялізная розніца.

Дакументаванне — гэта фіксацыя факта злачынства, здзейсненага ў пэўным месцы, у пэўны час, які пацвярджаецца словамі пацярпелых альбо сведкаў злачынства.

У працэсе дакументавання ўсё пачынаецца з апрацоўкі інфармацыі, якая ёсць у адкрытых крыніцах, — журналісцкіх матэрыялах, Telegram-каналах, спецыялізаваных суполках па розных раёнах Украіны. Уся гэтая інфармацыя абагульняецца, сістэматызуецца, і такім чынам выяўляецца здарэнне, якое пазней можа быць вызначана як вайсковае злачынства.

Мы стварылі глабальную ініцыятыву, якая называецца «Трыбунал для Пуціна», — кажа праваабаронца Аляксандра Раманцова. — З ёй супрацоўнічаюць грамадскія праваабарончыя арганізацыі па ўсёй Украіне. Ініцыятарам сталі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў, Харкаўская праваабарончая група і Украінскі Хельсінкскі саюз. Для таго, каб прадэманстраваць сістэмную сутнасць вайсковых злачынстваў расійскай арміі, нам падтрэбнае сістэмнае бачанне.

Зараз у базе ініцыятывы «Трыбунал для Пуціна» больш за 14 000 эпізодаў расійскіх вайсковых злачынстваў.

На жаль, ёсць акупаваныя тэрыторыі, на якіх да этапа праверкі выездам мы пакуль што не можам дайсці, — кажа Аляксандра Раманцова. — Пры гэтым у нас ёсць прынамсі 4 вобласці (Харкаўская, Сумская, Чарнігаўская, Кіеўская), якія з канца лютага да пачатку красавіка знаходзіліся пад акупацыяй. Зараз мы ездзім туды і размаўляем непасрэдна з тымі, хто пацярпеў ад расійскіх злачынстваў падчас акупацыі.


Супрацоўнікі Цэнтра грамадзянскіх свабод вельмі актыўна займаюцца наборам і навучаннем валанцёраў, каб сфармаваць як мага больш груп для выездаў на месцы, дзе патэнцыйна адбылося вайсковае злачынства. Навучанне прайшлі ўжо больш за 300 чалавек.

Наша мэта — сабраць усю інфармацыю, унесці яе ў базу, каб яна стала часткай сістэмнага аналізу, і ў далейшым дасылаць гэтыя матэрыялы ў пэўныя структуры, — распавядае Аляксандра Раманцова.

На вуліцах Марыупаля. Фота ТАСС

На вуліцах Марыупаля. Фота ТАСС

«Гэта вельмі задакументаваная вайна»

Вялізную дапамогу ў дакументаванні вайсковых злачынстваў аказваюць лічбавыя праграмы — ад агульнадасяжных, кшталту Google street maps, да спецыялізаванных. Для пошуку і ідэнтыфікацыі злачынцаў праваабаронцы таксама выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі — асабліва ў гэтым плане дапамагаюць расійскія «Одноклассники» и «Вконтакте». Таксама існуюць шматлікія базы, што дапамагаюць даведацца падрабязнасці пра асобу злачынца.

Напрыклад, калі палонны ўзгадвае прозвішча альбо псеўданім пэўнага чалавека, які здзяйсняў катаванні, тады цэлы шэраг спецыялізаваных баз дае магчымасць у аўтаматычным рэжыме знайсці іншыя эпізоды, у якіх імя, прозвішча альбо псеўданім гэтага чалавека таксама фігуравалі, — кажа Аляксандра Мацвейчук.

Байцы атрада з Чачні пад кіраўніцтвам дэпутата Дзярждумы Адама Дэлімханава на тэрыторыі завода "Азоўсталь". Фота Chingis Kondarov / Reuters

Байцы атрада з Чачні пад кіраўніцтвам дэпутата Дзярждумы Адама Дэлімханава на тэрыторыі завода "Азоўсталь". Фота Chingis Kondarov / Reuters

Таксама для збора інфармацыіі пра вайсковыя злачынствы выкарыстоўваюцца дзяржаўныя ўкраінскія сервісы.

Вельмі папулярнае выкарыстанне дзяржаўнай прылады «Дія». Людзі, у якіх усталяваная гэтая прылада, могуць даслаць інфармацыю пра пашкоджанне іх будынка ў сувязі з вайной проста ў рэжыме анлайн, — кажа праваабаронца. — Увогуле існуюць шматлікія лічбавыя інструменты, якія дазваляюць кожнаму чалавеку стаць удзельнікам дакументавання вайсковых злачынстваў. Самы папулярны — прыкладанне «iWitness», каманда якога супрацоўнічае з міжнародным крымінальным судом. То-бок зараз мы маем інструменты, пра якія, скажам, падчас Другой сусветнай вайны людзі нават не марылі.

Ці спрыяюць расследаванню даклады ААН і іншых уплывовых міжнародных арганізацый?

Збіраць інфармацыю і праводзіць расследаванне — не адное і тое ж.

Многія міжнародныя арганізацыі збіраюць інфармацыю, робяць пэўныя высновы, прэзентуюць іх, але да таго, што злачынца аказваецца на лаве падсудных, гэта аўтаматычна не прыводзіць, — адзначае Аляксандра Мацвейчук. — Падобнай дзейнасцю, напрыклад, займаецца Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і шматлікія іншыя арганізацыі. Савет ААН па правах чалавека стварыў камісію па расследаванні злачынстваў, здзейсненых у рамках гэтай вайны. Але яны таксама напішуць справаздачу з рэкамендацыямі. Гэта ўсё вельмі істотна, але, на жаль, правасуддзе такія справаздачы не набліжаюць.

Тады хто праводзіць непасрэдна расследаванне вайсковых злачынстваў?

Па-першае, адразу некалькі дзяржаўных органаў Украіны — Нацыянальная паліцыя, Служба бяспекі Украіны і Офіс Генеральнага пракурора, у якім існуе так званы дэпартамент вайны — каардынацыйны цэнтр па расследаванні ўсіх міжнародных злачынстваў на тэрыторыі Украіны.

Па-другое, Міжнародны крымінальны суд.

У 2014 і 2015 гадах Украіна даслала дзве дэкларацыі ў Міжнародны суд, на падставе якіх ён усе гэтыя 8 гадоў займаўся папярэднім вывучэннем справы, — нагадвае Аляксандра Мацвейчук. — Пасля поўнамаштабнага ўварвання 39 краін звярнуліся да галоўнага пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Ахмад Хана з просьбай распачаць паўнавартаснае расследаванне, і 2 сакавіка ён гэта зрабіў. Зараз група пракурораў, як з гонарам адзначае Карым Ахмад Хан, самая вялікая за гісторыю дзейнасці Міжнароднага крымінальнага суда, працуе ва Украіне і збірае інфармацыю.

Але па сутнасці праблема прыцягнення вінаватых у здзяйсненні вайсковых злачынстваў да адказнасці дагэтуль не вырашаная. У гэтым плане сітуацыя не нашмат лепшая, чым пасля Другой сусветнай вайны.

Толькі ў нашай базе больш за 14 000 злачынных эпізодаў. У ліпені прадстаўнікі Офіса Генпракурора заявілі, што яны адкрылі 23 000 крымінальных спраў, — кажа праваабаронца. — То-бок сістэма стала. Бо 23 000 крымінальных злачынстваў падчас вайны не можа расследаваць нават самая лепшая праваахоўная сістэма ў свеце.

Ускласці адказнасць за расследаванне такой колькасці злачынстваў на Міжнародны крымінальны суд, на жаль, таксама не ўяўляецца магчымым.

Міжнародны крымінальны суд, згодна са сваёй палітыкай, хутчэй за ўсё абмяжуецца адкрыццём толькі некалькіх справаў, — адзначае Аляксандра Мацвейчук. — Груба кажучы, яго супрацоўнікі проста абяруць некалькі справаў, якія будуць расследаваць, а ўсе астатнія дзясяткі тысяч застануцца на адказнасці нацыянальнай сістэмы.

Фота Leah Millis / Reuters

Фота Leah Millis / Reuters

Такім чынам, мае месца прабел у адказнасці. А дзе ж гэты орган, які павінен праводзіць эфектыўнае расследаванне?

Калі мы збіраем інфармацыю, калі нашыя мабільныя групы едзяць на месцы здарэнняў, калі размаўляем з людзьмі, якія перажылі катаванні альбо згвалтаванні ці страцілі сваіх блізкіх, мы фіксуем гэта не проста для гісторыі, бо мы не гісторыкі, не архівісты і не музейныя супрацоўнікі, — кажа кіраўніца Цэнтра грамадзянскіх свабод. — Мы праваабаронцы, і робім гэта для будучых мэтаў правасуддзя, з надзеяй, што ўсё, што мы ўжо сабралі, дапаможа вызначыць вінаватых. І рана ці позна людзі, якія здзяйснялі гэтыя зверствы, вайсковыя злачынствы, будуць пакараныя, будзе справядлівы судовы працэс, які, базуючыся на сабраных доказах, вызначыць ступень вінаватасці канкрэтных людзей.

Эксперткі таксама адзначаюць, што наяўнасць такой вялізнай колькасці вайсковых злачынстваў на ўкраінскай тэрыторыі — следства абсалютнай беспакаранасці расійскіх вайскоўцаў на працягу дзесяцігоддзяў.

Яны здзяйснялі вайсковыя злачынствы ў Чачні, Малдове, Грузіі, Сірыі, Лівіі і проста ўпіваліся сваёй беспакаранасцю, — падкрэслівае Аляксандра Мацвейчук.