«Сына расстралялі ў патыліцу». Ініцыятыва «Трыбунал для Пуціна» збірае сведчанні ваенных злачынстваў Расіі

"Трыбунал для Пуціна" — ініцыятыва з такой назвай аб'яднала самыя вялікія праваабарончыя арганізацыі Украіны. Актывісты "Трыбунала" шукаюць і дакументуюць сляды ваенных злачынстваў расейскай арміі ва Украіне і апытваюць сведак. Робяць яны гэта ў кааперацыі з праваабаронцамі, а ўсе напрацаваныя матэрыялы потым перадаюць у следчыя органы, распавядае currenttime.tv.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Наталля Яшчук і Святаслаў Рубан — дакументатары "Трыбунала для Пуціна". Менавіта яны апытваюць сведак і збіраюць доказы для далейшага выкарыстання следчымі. Сёння ў іх няпросты дзень: яны апытваюць Уладзіміра Захлюпанаго, дырэктара школы ў Гастомелі — невялікага гарадка пад Кіевам, які некалькі тыдняў быў акупаваны расійскімі вайскоўцамі.


Уладзімір выехаў з Гастомеля яшчэ ў першыя дні вайны. Яго сын Сяргей застаўся і быў забіты. "Знайшлі яго з рукамі ззаду, за спіной. Яго расстрэльвалі ў патыліцу", — распавядае бацька.
"Ён з сабакам і катом пайшоў у падвальнае памяшканне дома. Там людзі былі, у падвальным памяшканні, ім не дазвалялі выходзіць без дазволаў. І ў адзін з момантаў атрымалася так, што сабачка, які быў у Сяргея, выскачыў. Ён пайшоў, выйшаў за ім", — распавядае мужчына.
Паводле яго слоў, за такую вольнасць яго сына моцна збілі. Суткі ён ляжаў, не мог устаць, а потым усё-ткі паспрабаваў дайсці ў сваю кватэру.
"Але там пражывалі расейскія вайскоўцы, яго зноў забралі. І на гэты раз адвялі: адкрылі чыйсьці гараж, выбілі замок, завялі яго ў гараж і потым расстралялі", — кажа Уладзімір.
14 сакавіка расейскія вайскоўцы расстралялі з кулямётаў і гарматы калібра 30 мм траіх бяззбройных падлеткаў, якія перабягалі дарогу ў вёсцы Махнацін пад Чарнігавам. Валянціну было 18 гадоў, Женю і Багдану — 17. Родныя, сябры і суседзі спрабавалі іх выратаваць, але не змаглі. Вось іх аповяд пра тое, што адбылося:


Па словах Уладзіміра, на месцы расстрэлу яго сына суседзі знайшлі шэсць гільзаў. Дзве з іх былі ў бетоне, гэта значыць сына проста дабівалі, кажа дырэктар школы. Цела забітага побач з домам пахавалі таксама суседзі. Яны паказалі бацьку гэта пахаванне: усяго ў магілах было тры цела, адно з якіх належала Сяргею.
Школе, якой кіраваў Уладзімір, таксама дасталася ад акупантаў: менавіта ў ёй у сакавіку ў Гастомелі жылі расейскія вайскоўцы. Яны павыбівалі дзверы, скралі тэхніку, але ўсе гэтыя страты для Уладзіміра нішто ў параўнанні з гібеллю сына.
Наталля Яшчук распавядае, што як дакументатар "Трыбунала для Пуціна" запісвае падобныя паказанні. "У нас ёсць свая метадалогія збору інфармацыі: гэта збор відэадакументацыі. З фіксацыяй часу і даты, што менавіта здарылася, хто пацярпеў, якія наступствы ваеннага злачынства", — тлумачыць яна.
Усяго над ініцыятывай "Трыбунал для Пуціна" працуюць больш за сотню ўкраінскіх праваабаронцаў — у кааперацыі з праваахоўнымі органамі. Працэс збору доказаў яны пачалі адразу ж, з першых дзён вайны. Спачатку проста запісвалі месцы злачынстваў. Пасля дэакупацыі тэрыторый пачалі па гэтых месцах ездзіць і размаўляць з тымі, хто выжыў.
Мікалай — таксама з Гастомеля і таксама дае паказанні для следчых. Цяпер ён ваенны, таму просіць не паказваць яго твар. Кажа, што пасля перажытага выбару прафесіі ў яго ўжо не было: расейскія вайскоўцы збіраліся яго расстраляць, але пакаранне перапыніў раптоўны абстрэл.
"Мне два разы пагражаў, каб мяне прыстрэлілі, на трэці даў ПМ (пісталет Макарава) свайму малодшаму, каб той пайшоў мяне расстраляў за (ВК) Пакроўскім", — распавядае Мікалай.
Паказанні Мікалая запісвае Святаслаў Рубан.
"У нашай кваліфікацыі мы карыстаемся Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда. У адпаведнасці з гэтым выконваем першасную функцыю збору і апрацоўкі інфармацыі, — тлумачыць ён. — І потым перадаем гэтую інфармацыю юрыстам для далейшага фармавання спраў. І органам следства — для расследавання".
Святаслаў кажа, што па паказаннях Мікалая быў знойдзены штаб расейскіх вайскоўцаў у Гастомелі. "Тут быў штаб, мы знайшлі і аддалі адпаведным структурам тое, што знайшлі. Тут была Ульянаўская брыгада", — паказвае ён.

Алена Юзвак — яшчэ адна жыхарка Гастомеля, якая дае паказанні. Яна кіраўніца амбулаторыі ў Гастомелі. Жанчына распавядае пра захоп будынкаў расейскімі вайскоўцамі і іх разбурэнне — усё гэта таксама вайсковыя злачынствы.

"Яны па ўсіх дзвярах стралялі, усе дзверы пашкоджаны! Я толькі не разумею, для чаго, — абураецца Алена. — Дагэтуль я не разумею, для чаго гэта было зроблена! Бо гэта медыцынскае ўстанова!"
Сярод дзясяткаў запісаных інтэрв'ю ў Наталі і Святаслава ёсць апавяданні жанчын, якія шукаюць сваіх зніклых сваякоў. Праваабаронцы кажуць, што гэта самыя цяжкія справы.
Адна з апытаных, жыхарка горада Бровары ў Кіеўскай вобласці, распавядае аб сваёй пляменніцы Вікторыі Андруша. Яе ўзялі ў палон і вывезлі ў Расію яшчэ ў канцы сакавіка, калі ўжо расейская армія пакідала Кіеўскую вобласць. Вікторыя — настаўніца матэматыкі і інфарматыкі. Дзе яна цяпер — ніхто не ведае.
"Мы даведваліся інфармацыю ад тых людзей, якія вярталіся з палону, яны пацвярджалі, што там ёсць сапраўды настаўніца з Бровараў. Але Вікторыя ў нас не ваенная. Яна настаўнік! — падкрэслівае Вольга Шчэрба, сваячка зніклай без вестак. — На абмен яе не падаюць і не пацвярджаюць, што яна ёсць у іх у палоне".
Па інфармацыі Святаслава Рубана, ва Украіне ўжо зафіксавана больш за 11 тысяч эпізодаў ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі.
"Што тычыцца Кіеўскай вобласці, у нас ёсць даныя з 107 населеных пунктаў. І на сённяшні дзень гэта больш за 1000 эпізодаў", — падкрэслівае праваабаронца.
Праваабаронцы кажуць, што першыя сабраныя імі звесткі аб злачынствах ужо прапрацаваны следчымі, і цяпер украінскія юрысты рыхтуюць справы да падачы ў міжнародныя суды. Пакуль гэта адзінкавыя выпадкі, але і Наталля і Святаслаў вераць, што іх праца паскорыць правасуддзе.
"Для чаго мы ўсё гэта робім? Мы маем досвед Чачні, дзе адбылося шмат злачынстваў, але ніхто адказнасці за гэтыя злачынствы не панёс, — падкрэслівае Наталля Яшчук. — Менавіта таму Украіна хоча правесці фіксацыю ваенных злачынстваў — каб яны спрацавалі і ў Міжнародным крымінальным судзе, і ў ААН, і ў ЕСПЧ, каб вінаватыя панеслі пакаранне і каб свет убачыў гэта і гэтую тэму не забыўся. І вопыт, які перанеслі ўкраінцы, больш ніколі не паўтарыўся!"