Колькі Вінніц здольнае вытрымаць вашае сэрца?
Сёння мне падаецца, што тое, у якой ступені мы захавалі ў сабе чалавечнасць, вымяраецца тым, колькі Вінніц, Буч і Марыупаляў наша сэрца здольнае вытрымаць.
Калі расійцы нанеслі ўдар па радзільным доме ў Марыупалі, адзін мой блізкі чалавек (які па сутнасці сваёй пацыфіст, але вельмі разважлівы — вы дакладна ведаеце такіх) сказаў: «пачакай, там трэба яшчэ разабрацца». Пры гэтым факт таго, што ўкраінку і яе ненароджанае дзіця забіла расійская ракета, быў для яго неаспрэчным. Але «разабрацца» ўсё ж трэба. Упэўненая, што і наконт Вінніцы «не ўсё так адназначна» з ягонага пункту гледжання. Я думаю: што яшчэ павінна здарыцца для таго, каб ён прызнаў існаванне абсалютнага зла? Колькі тэрактаў у мірных гарадах Украіны, колькі ахвяраў, колькі дзяцей — жывых і ненароджаных — павінна памерці, каб ён, гэты мой блізкі чалавек, перастаў казаць сваё невыноснае «трэба яшчэ разабрацца»?
Але прызнанне абсалютнага зла патрабуе далейшага дзеяння. Дзеянне ж патрабуе смеласці, адвагі, самаадданасці. Куды прасцей падоўгу «разбірацца». На жаль, сёння не толькі нашым асабліва разважлівым блізкім, чые думкі аздобленыя прапагандай, не дастаткова аднаго ракетнага ўдару па мірных жыхарах Украіны, каб нарэшце перайсці да дзеянняў, да супрацьстаяння злу. Учорашні ўдар па Вінніцы (за якім, дарэчы, застаўся як бы незаўважным «прылёт» 9 ракет у Мікалаеў) адбыўся падчас канферэнцыі ў Гаазе, прысвечанай адказнасці РФ за злачынствы ва Украіне. Пакуль купка самых разумных, дыпламатычных, адукаваных людзей свету пад лупай разглядала фота забітых украінскіх дзяцей і вырашала, ці то сапраўды было злачынства, альбо ў прынцыпе — дапушчальная страта, расійскія крылатыя ракеты стваралі новыя падставы для разгляду ў Гаазе, забіваючы і калечачы ўкраінцаў у самым цэнтры іх горада. ААН разглядала справу аб згвалтаванні беларусаў у засценках Акрэсціна амаль 2 гады. Два гады чальцы спецыяльнай камісіі казалі «трэба разабрацца», пакуль гвалтаўнікі подла, беспакарана ўхмыляліся ў твары сваім ахвярам, і баюся, што робяць тое дагэтуль.
Чаму так доўга? Таму што, як мы ўжо вызначылі, прызнанне абсалютнага зла патрабуе канкрэтных дзеянняў. Калі б паважанаму міжнароднаму суду ў Гаазе спатрэбілася менш часу, менш «прылётаў» крылатых ракет, каб прызнаць расійскія злачынствы, ці працягваў бы руку міністр замежных справаў Турцыі — краіны NATO — Лаўрову пасля сумеснай прэс-канферэнцыі 8 чэрвеня? Ці пытаўся б ён, як бы загадзя выбачаючыся, у Лаўрова дазволу на тое, каб сваё пытанне задаў журналіст украінскага выдання? Нагадаю, на той момант даўно ўжо звінелі ва ўсім свеце назвы шматпакутных ад расійскіх зверстваў Ірпеня, Марыупаля і яшчэ дзясятка ўкраінскіх гарадоў. Гэтых назваў краінам NATO відавочна не хапіла. Таму і здараюцца новыя вінніцы, новыя бучы.
Учора Уладзімір Зяленскі заклікаў прызнаць Расію тэрарыстычнай дзяржавай. «А калі б нехта нанес ракетны ўдар па медыцынскім цэнтры ў Даласе? Альбо, не дай Бог, у Дрэздэне, тады як бы гэта было названа? Хіба не тэрарызмам?» — справядліва адзначыў прэзідэнт Украіны. Колькі яшчэ разоў Зяленскаму прыйдзецца паўтарыць гэта — пытанне адкрытае.
Але ёсць і тыя, хто не стаў чакаць новых крывавых сведчанняў у сусветных медыя, не казаў, што «трэба разабрацца», а проста паехаў змагацца за мір і справядлівасць у якасці добраахвотніка — напрыклад, беларусы-каліноўцы, дзякуючы якім у нас, падаецца, яшчэ ёсць нейкі шанец.
Я зусім не жадаю сказаць, што калі вы чытаеце гэты тэкст, не знаходзячыся на полі бою ў складзе палку Каліноўскага, то павінны адчуваць сябе вінаватым. Зусім не. Але падумайце ці задайце сваім знаёмым, прыхільнікам «не ўсё так адназначна» пытанне: ці ёсць нешта, што яны вызначаюць для сябе як адназначна недапушчальнае? Колькі менавіта «прылётаў» крылатых ракет здольнае вытрымаць іх сэрца і вялізны разважлівы розум?
Мой блізкі чалавек, з асобы якога і пачалася гэтая рэфлексія, часта кажа, што «прыйдзе час, і мы пра ўсё даведаемся». Час даведацца даўно прыйшоў. Чакаць новых падстаў для ўласнага пераканання — значыць, чакаць новых злачынстваў, трагедый, забойстваў.