Працы ўкраінскай ілюстратаркі — самыя шчымлівыя дакументальныя сведчанні вайны
Даволі проста ўспрымаць вайну ў лічбах: столькі людзей загінула, столькі ракет трапіла, столькі дамоў знішчана… Нашмат складаней разглядаць вайну ў асобах. Слухаць дрыготкі голас тых, хто страціў родных, глядзець на вочы загінулых, якія ніколі ўжо не пабачаць свет.
Калі набрацца смеласці і зазірнуць у гэтыя вочы, тады хаос вайны, яе недапушчальнасць, яе сатанінская сутнасць паўстануць перад намі і нагадаюць, што вайна — гэта смерць, у ёй не можа быць аніякай радасці, не можа быць пераможцаў.
Ілюстратарка
Вольга Вільсан намалявала больш за 150 партрэтаў абаронцаў Украіны і мірных
жыхароў, якія сталі ахвярамі расійскай агрэсіі. Да жанчыны звяртаюцца родныя
забітых. У сваіх паведамленнях да ілюстратаркі, чытаць якія без слёз немагчыма,
блізкія ўзгадваюць, якім быў іх родны чалавек, пра што ён марыў, што любіў і як
ён загінуў.
Вольга публікуе гэтыя гісторыі на сваёй старонцы ў Instagram, за якой сочаць больш за 75 тысяч чалавек, і малюе партрэт забітага чалавека — часта сярод чальцоў сям’і альбо побач з улюбёнай хатняй жывёлай. Пры гэтым жывыя чальцы сям’і намаляваныя яркімі колерамі, а тыя, хто іх пакінуў, стаяць побач, намаляваныя глыбокім сінім, які сімвалізуе зыход у вечнасць.
Серыю дакументальных сведчанняў расійскіх злачынстваў ва Украіне Вольга пачала з выявы забітай у выніку абстрэла радзільні ў Марыупалі цяжарнай жанчыны і яе ненароджанага дзіця.
— Я прысвячаю ілюстрацыю гэтай маці і іншым жанчынам, якія былі вымушаныя пакутаваць ад жахаў, учыненых расійскімі злачынцамі і іх прыхільнікамі. У гэтай вайны няма ні годнасці, ні прычыны ні літасці. Гэта проста сляпая злосць і генацыд усіх украінцаў. Вельмі балюча назіраць за сярэднявечным варварствам у дваццаць першым стагоддзі пасярод еўрапейскага кантынента, — пракаментавала гэтую працу Вольга Вільсан.
Адну з ілюстрацый мастачка намалявала пасля трагедыі ў доме састарэлых у горадзе Крэменная Луганскай вобласці.
— 11 сакавіка расійскія войскі абстралялі з танка дом састарэлых у Крэменной. Яны паставілі перад домам танк і пачалі страляць, — піша Вольга. — З тых, хто дажыў да старасці ў гэтым доме — 56 чалавек загінулі на месцы. 15 чалавек, якія выжылі, былі выкрадзеныя акупантамі і вывезеныя на акупаваныя тэрыторыі. Ніводная душа, якую забралі забойцы і бандыты, не будзе забытая. Мы плачам аб тых, хто быў вымушаны пакутаваць без усялякай прычыны. Такія масавыя забойствы і жахлівыя злачынствы не паддаюцца тлумачэнню.
У сакавіку безліч людзей аб’ядналі свае высілкі для пошукаў 4-гадовага хлопчыка Сашы, які разам з бабуляй у лодцы ўцякаў з акупаванага раёну Вышгарада. Лодка перакулілася, бабуля загінула, яе цела хутка знайшлі. Але маленькага Сашу маці шукала яшчэ тры тыдні, верыла ў тое, што знойдзе яго жывым. 5 красавіка знайшлі цела хлопчыка.
Саша быў у выратавальнай камізэльцы, але яго занадта доўга шукалі. Гэтую трагедыю таксама перадала ў ілюстрацыі Вольга Вільсан.
На адзін са шчымлівых малюнкаў, на жаль, трапіў і беларус Ілля. Ён загінуў, абараняючы Украіну. З просьбай намаляваць каханага да мастачкі звярнулася дзяўчына вайскоўца.
— Ілля загінуў на вайсковым заданні ва ўзросце 27-гадоў паміж Бучай і Ворзелем, — піша дзяўчына. — Ён быў вельмі светлым і добрым чалавекам. Беларус, прыйшоў абараняць Украіну ў 2014 годзе, ва ўзросце 19 гадоў. Верыў у Валгалу і Валькірый, якія забіраюць жаўнераў з поля боя...
Наступная праца прысвечаная абаронцу Украіны Андрэю Раманаву.
— «Будзь моцнай! Ты павінна быць моцнай». Ён кожны дзень паўтараў ёй, нібыта нешта адчуваў, нібыта рыхтаваў яе да чагосьці, — узгадвае ў допісе блізкі чалавек загінулага вайскоўца. — Муж і бацька траіх дзяцей Андрэй Раманаў гераічна загінуў пры выкананні задання на Жытомірскай трасе ў вёсцы Забучча, Кіеўская вобласць, 31.03.2022 г. Пасля гэтага задання ён павінен быў вярнуцца дадому, да сям'і. Але не паспеў...
Акрамя фіксавання трагедый і злачынстваў, Вольга ў сваіх ілюстрацыях дзякуе тым, хто кожны дзень набліжае перамогу Украіны, нават проста працягваючы сваю працу.
Напрыклад, наступным чынам мастачка выказвае захапленне супрацоўнікам украінскай чыгункі:
— Хачу выказаць вялізную ўдзячнасць чыгуначнікам, — піша Вольга Вільсан. Яны працягваюць працаваць, ратуючы тысячы жыццяў і рызыкуючы ўласнымі. На ілюстрацыі намаляваная правадніца цягніка Наталля Бабічава. Два тыдні яе эвакуацыйны цягнік ратаваў людзей з усёй Украіны. Ён трапіў пад агонь, калі ехаў у Ліман за групай дзяцей. Наталля загінула ад аскепкаў. Ёй было 48 гадоў. Яе дачка кажа, што хоча быць падобнай да сваёй маці.
Ад расійскіх злачынстваў пакутуюць не толькі ўкраінцы, але і іх улюбёныя жывёлы — чацвераногія чальцы сямей. З просьбай аб наступнай ілюстрацыі да мастачкі звярнулася гаспадыня сабакі.
— Добры дзень, даўно не адважвалася вам напісаць, — піша ў паведамленні да Вольгі дзяўчына. — Майго маленькага Персіка расстралялі расіяне ў горадзе Буча 27 сакавіка 2022 года. Мы яго вельмі любім і вельмі сумуем. Уся сям'я яго вельмі любіць, ён быў для нас як дзіця. Я разумею, што іншым яшчэ больш сумна, але для нас гэта вельмі вялікая страта. У бабулі нават быў інсульт, таму што яна вельмі перажывала, цяпер яна ачуняла дома, але мы ўсё роўна кожны дзень яго ўзгадваем.
Але часам у самоце, страціўшы ўлюбёных гаспадароў, застаюцца і самі жывёлы.
— Добры дзень. Намалюйце, калі ласка, маю бабулю, — піша Вользе ўнук загінулай жанчыны. — Яна памерла ад холаду і голаду ў сваёй напаўспаленай кватэры ў Марыупалі. Калі мы змаглі знайсці людзей, якія прыехалі па яе, яе ўжо пахавалі суседзі ў двары дома. Пазней мы даведаліся, што яе цела перапахавалі ў брацкай магіле. Бабуля была самым добрым чалавекам, якога я ведаў, мы любім яе, сумуем па ёй і адчуваем бясконцы боль...
Падпісвайцеся на старонку ілюстратаркі Вольгі Вільсан у Instagram. Твары рэальных людзей, іх боль і пакуты сведчаць пра вайну нашмат больш, чым бездакорныя прамовы палітыкаў і лічбы стратаў.