Ці могуць масавыя забойствы ў Бучы лічыцца генацыдам?
Свет узрушылі фотаздымкі целаў украінскіх мірных жыхароў, якія засталіся на вуліцах Бучы пасля таго, як расійскія войскі пакінулі горад. Расія сцвярджае, што выявы і кадры з загінулымі сфабрыкаваныя, не падаючы пры гэтым ніякіх доказаў. ЗША і шэраг іншых дзяржаў заклікаюць судзіць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў ажыццяўленні генацыду.
Што менавіта ўяўляе сабой генацыд? «Бі-бі-сі» звярнулася з гэтым пытаннем да Філіпа Сэндса, прафесара права, дырэктара Цэнтра міжнародных судоў і трыбуналаў універсітэцкага каледжа Лондана і аднаго з ініцыятараў петыцыі аб стварэнні спецыяльнага трыбунала па пакаранні вінаватых у агрэсіі супраць Украіны.
Філіп Сэндс: Мы бачылі жудасныя фотаздымкі відавочна значнай колькасці забітых мірных жыхароў, і пры пэўных абставінах гэта можна было б лічыць генацыдам. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ахарактарызаваў гэта як акт генацыду.
Я думаю, што ён выкарыстоўвае гэты тэрмін у палітычным, а не ў строга юрыдычным сэнсе. І я думаю, ёсць адрозненне паміж [юрыдычным і] шырокім грамадскім разуменнем, што генацыд азначае масавыя забойствы.
З юрыдычнага пункту гледжання трэба даказаць намер знішчыць групу поўнасцю або часткова, а доказы гэтага канкрэтнага намеру расійскіх вайскоўцаў у гэтым канкрэтным выпадку адразу не відавочныя.
Тое, што выяўлена на здымках, безумоўна, з'яўляецца сведчаннем ваенных злачынстваў і, магчыма таксама, злачынстваў супраць чалавечнасці. Але мне здаецца, што гэта не адпавядае вызначэнню генацыду.
«Бі-бі-сі»: Такім чынам, генацыд азначае забойства цэлай групы людзей або часткі гэтай групы. Пра якую групу ў дадзенай сітуацыі можа ісці гаворка? Ці могуць тыя, хто лічыць гэта генацыдам, сказаць, што гаворка ідзе пра ўвесь украінскі народ?
Ф. С.: Стандартныя азначэнні ў Канвенцыі 1948 года аб генацыдзе вызначаюць групу па прыкмеце нацыянальнасці, або расы, або этнічнай прыналежнасці, або рэлігіі.
Так што ў гэтым канкрэтным выпадку, у той меры, у якой вылучаюцца абвінавачанні ў генацыдзе, група вызначаецца па нацыянальнай прыкмеце. То-бок забіваюць украінцаў. Не ўсіх з іх, але вялікая колькасць.
Гэта паслужыла падставай, напрыклад, для прызнання генацыдам падзей у Срэбраніцы ў Босніі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў — забойства вялікай колькасці баснійскіх мужчын-мусульман, каля васьмі тысяч. Міжнародны суд прызнаў гэта генацыдам. З іншага боку, у Вукавары ў Харватыі той жа Міжнародны суд прызнаў забойства каля 200 харватаў не генацыдам, а злачынствам супраць чалавечнасці.
Так што справа не толькі ў лічбах, хоць яны, зразумела, маюць значэнне.
«Бі-бі-сі»: Калі гэтыя падзеі дойдуць да суда, ці будзе адрознівацца пакаранне?
Ф. С: Не. У іерархіі міжнароднага права генацыд не цяжэйшы за злачынствы супраць чалавечнасці.
Возьмем просты прыклад. Кожны генацыд таксама будзе злачынствам супраць чалавечнасці, але не кожнае злачынства супраць чалавечнасці будзе генацыдам, таму што не заўсёды магчыма даказаць, што яно матываванае намерам знішчыць усю групу поўнасцю або часткова.
Калі забіць чатыры-пяць тысяч чалавек, гэта амаль напэўна будзе злачынствам супраць чалавечнасці, а таксама, у кантэксце вайны, ваенным злачынствам. Але ці будзе гэта генацыдам? Толькі калі вы зможаце даказаць, што гэтыя акты забойства матываваныя гэтым асаблівым намерам знішчыць групу.
«Бі-бі-сі»: Тыя, хто настойваюць на судовым разглядзе , — як яны могуць гэта даказаць?
Ф. С.: Я ўдзельнічаў у шматлікіх справах, звязаных з генацыдам, і гэта вельмі складана даказаць, таму што звычайна людзі, якія забіваюць, не пакідаюць пасля сябе шматкі паперы, на якіх напісана: «Я здзяйсняю гэты акт забойства, каб знішчыць гэтую групу людзей поўнасцю або часткова».
Застаецца спадзявацца на высновы, заснаваныя на паводзінах абвінавачаных, з якіх выцякае намер знішчыць групу. А гэта вельмі складана.
Суды неахвотна робяць высновы з мадэлі паводзін. Але адно варта растлумачыць: хоць у грамадскай свядомасці генацыд нейкім чынам разглядаецца як нешта большае, чым злачынства супраць чалавечнасці, з пункту гледжання міжнароднага права гэта не так.
Пакаранне будзе такім жа, і ў гэтым сэнсе катэгорыі гэтых міжнародных злачынстваў з'яўляюцца роўнымі.
Генацыд падняўся на вяршыню піраміды жахаў у грамадскай свядомасці. Я думаю, што гэта шмат у чым праз сам тэрмін, які выклікае асаблівы жах, а таксама таму, што ёсць нешта асабліва агіднае ў знішчэнні пэўнай групы людзей, а не проста вялікай колькасці індывідаў.
«Бі-Бі-Сі»: Ці існуюць юрыдычныя перадумовы для разгляду гэтай справы?
Ф. С.: Існуе вялікі юрыдычны ціск, каб спыніць тое, што адбываецца.
Існуе і яшчэ адно злачынства, якое мы не закранулі і якое, на мой погляд, з'яўляецца галоўным у гэтай справе.
Нюрнбергскі трыбунал назваў гэта «найвышэйшым злачынствам». І гэта злачынства агрэсіі. А злачынства агрэсіі мае асаблівае значэнне, таму што яно адзінае, якое выразна вядзе на вяршыню піраміды.
Генеральная Асамблея ААН вызначае агрэсію як прымяненне ўзброенай сілы дзяржавай супраць суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці або палітычнай незалежнасці іншай дзяржавы, або якім-небудзь іншым чынам, несумяшчальным са Статутам ААН. Агрэсія цягне за сабой міжнародную адказнасць.
Ніякія меркаванні любога характару, будзь тое палітычнага, эканамічнага, ваеннага або іншага характару, не могуць служыць апраўданнем агрэсіі. Агрэсіўная вайна з'яўляецца злачынствам супраць міжнароднага міру. Ніякае тэрытарыяльнае набыццё або асаблівая выгада, атрыманыя ў выніку агрэсіі, не з'яўляюцца і не могуць быць прызнаныя законнымі, гаворыцца ў рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года.
Праблема з іншымі злачынствамі — ваеннымі злачынствамі, злачынствамі супраць чалавечнасці і генацыдам — заключаецца ў тым, што вельмі складана даказаць, што адказнасць, індывідуальная крымінальная адказнасць кладзецца на самую верхавіну ўлады, на спадара Пуціна і яго непасрэднае асяроддзе.
А вось злачынства агрэсіі, вядзенне відавочна незаконнай вайны можна досыць лёгка ўсталяваць: гэта рашэнне Пуціна, і ён нясе за яго адказнасць.
Пераклад НЧ.