«Смак таго варыва, якое беларускія ўлады заварылі за два гады, дробка здаровага сэнсу не выправіць»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай іранічнай манеры канстатуе, што візіт Нэнсі Пэлосі на Тайвань — гэта вельмі змрочны знак для абодвух славянскіх саюзнікаў.

og_og_1592154584251280555.jpg


Падвышаная баявая гатовасць кітайскай арміі не зрабіла ўчора чаканага ўражання. Пэлосі высадзілася на Тайвані, і нічога ёй за гэта не было, акрамя экстраных вучэнняў кітайскай арміі. Гэта значыць, я ўпэўнены, што кітайскія ўлады не даруюць абразы і яшчэ зробяць у адказ што-небудзь дрэннае. Я нават крыху баюся сабе ўявіць, што яны могуць зрабіць. І ўжо дакладна не буду пра гэта казаць, каб не наклікаць. Але што б яны ні зрабілі, гэта не адменіць галоўнай высновы — крутыя хлопцы крутыя, пакуль не знойдзецца хто-небудзь больш круты. Не ведаю, што там далей будзе за Кітаем, але для двух славянскіх саюзнікаў гэта дрэнны знак.

Таму што саюзнікам падабалася Амерыка «глыбокіх заклапочанасцяў». Можна было паводзіць сябе як хуліган у падваротні і ведаць, што табе за гэта нічога не будзе. Проста прыстойныя людзі не хочуць звязвацца з хуліганам.

І хоць Амерыка глыбокіх заклапочанасцяў скончылася як мінімум з пачаткам вайны ва Украіне, саюзнікі ніяк не маглі ў гэта паверыць. Усе спадзяваліся, што яна да іх яшчэ вернецца. Таму што з новай Амерыкай зусім немагчыма мець справу. З ёй немагчыма ўжываць шантаж як інструмент знешняй палітыкі. А іншыя інструменты знешняй палітыкі ў саюзнікаў даўно атрафаваліся за непатрэбнасцю.

Вось пасадка самалёта на Тайвані сімвалічна, але вельмі наглядна прадэманстравала, што ад шантажу цяпер няма ніякага толку. І стратэгію «хулігана ў падваротні» трэба мадыфікаваць у адпаведнасці з новай рэальнасцю. А як ты яе са сваёй падваротні мадыфікуеш?

І, мяркуючы па расчараванай ажытацыі ў саюзных тэлевізарах, вось гэты сімвалічны жэст зрабіў на саюзнікаў уражанне. І ў некаторых тэлевізарах даажытаваліся да высноваў аб тым, што пасля таго, як Кітай саступіў, кітайскі ўплыў у альтэрнатыўным свеце пяройдзе да Расіі.

І, вядома, у альтэрнатыўным свеце саюзнага тэлевізара можа здарыцца што заўгодна. Але ў сапраўдным свеце базіс для кітайскага ўплыву — не адвага і прыдуркаватасць. Ён трымаецца на сотнях мільярдаў інвестыцый і кітайскай уласнасці. Вось спачатку ўсё гэта трэба адкупіць, а ўжо потым — прасіцца за руль.

Нешта я захапіўся геапалітыкай. Прабач. Я ж табе хацеў на самай справе сказаць пра прызначэнне на высокую пасаду былога міністра фінансаў Максіма Ермаловіча (Максім Ермаловіч стаў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта — НЧ.). Пра тое, што беларуская ўлада вырашыла дадаць у сябе дробку, так бы мовіць, здаровага сэнсу. Таму што грошай няма, а тыя, якія ёсць толькі і шукаюць спосаб збегчы з краіны. Або, хаця б, схавацца. Так трэба адлюстраваць перад уладальнікамі грашовых знакаў, што ў беларускай уладзе ёсць людзі, з якімі можна бяспечна мець справу.

Скажу кораценька, літаральна ў двух словах. Не сумняюся, што Максім Ермаловіч застаўся такім жа добрым чалавекам і выдатным спецыялістам, якім ён быў да камандзіроўкі ў Лондан. Але яно не спрацавала да 2020 года, калі разважных інгрэдыентаў у беларускай улады было значна больш і ўжо тым больш не спрацуе цяпер. Таму што смак таго варыва, якое беларускія ўлады заварылі за апошнія два гады, дробка здаровага сэнсу не выправіць.

Пераклад НЧ