Дракахруст: Лукашэнка стварае сабе алібі. Рыхтуецца да паразы Расіі?
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст разважае наконт чарговай порцыі «шчырасці» Лукашэнкі ў новым інтэрв'ю.
– Хіба не самы цікавы момант у інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі Дзіяне Панчанка – гэта расповед пра тое, што ён нібыта да апошняга моманту не ведаў пра планы Уладзіміра Пуціна напасці на Украіну, – пішаЮрый Дракахруст.
«Я вам клянуся, што ў нас не было размовы пра тое, што Расія будзе ўчыняць нейкія дзеянні супраць Украіны. Адзінае, за некалькі дзён мы з ім сустракаліся ў яго ў загараднай рэзідэнцыі і абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася. Ён мне даслоўна сказаў (упершыню таксама пра гэта вам кажу): "Слухай, Саша, ты ведаеш, такая сітуацыя, калі, крый божа, што здарыцца, ну, мы саюзнікі…"
Вядома, саюзнікі, усе ведаюць нашы дамовы: супраць Расіі нехта ваюе – мы ўступаем у вайну, супраць Беларусі – яны ўступаюць у вайну, у нас адзіная армія фактычна тут створаная. "Калі раптам што здарыцца…" – кажа Пуцін. Я кажу: "Слухай, што можа здарыцца?" – "Ну, усякае можа быць. Ты прыкрый мяне, калі ласка"».
Амаль усё астатняе ў інтэрв'ю – перапеў тэзаў расійскай прапаганды ды хваласпевы Пуціну. А вось гэтыя шчыраванні...
Іх варта супаставіць з заявамі таго ж Лукашэнкі студзеня 2022 года, калі войскі АДКБ праводзілі вайсковую аперацыю ў Казахстане. Тады Лукашэнка расказваў, што быў ледзь не ініцыятарам, рухавіком гэтай аперацыі і разам з Пуціным яе планаваў.
І насамрэч не так і важна, калі Лукашэнка быў шчырым – у студзені 2022 года ці ў цяперашнім інтэрв'ю Панчанку – і ці быў хоць калі-небудзь.
Незалежна ад таго, як там было насамрэч, як прымаліся рашэнні, важна тое, як ён расказвае пра іх, пра свой удзел у іх прыняцці, у тым вобразе самога сябе, які ён стварае перад аўдыторыяй.
Цяперашні вобраз – «я не ведаў, са мной не абмяркоўвалі, не ўзгаднялі, мяне нават загадзя не інфармавалі». Як у савецкай камедыі «Дыяментавая рука»: «Не вінаватая я, ён сам да мяне прыйшоў».
Ведаў ці не ведаў – можна толькі гадаць. Але варта нагадаць кантэкст. За два тыдні да ўварвання, 10 лютага, менавіта на тэрыторыі Беларусі пачаліся вучэнні «Саюзная рашучасць», на якія прыехалі дзясяткі тысяч расійскіх вайскоўцаў.
Яны 24 лютага і сталі ўдарнай сілай, якая ўчыняла ўварванне ва Украіну з Беларусі. Такая аперацыя патрабавала складанага і маштабнага лагістычнага забеспячэння і пэўнага спрыяння ў гэтым беларускага боку.
Па ідэі, гэтае спрыянне трэба было забяспечыць загадзя і праінфармаваць галоўнага беларускага начальніка, каб ён аддаў адпаведныя распараджэнні.
Расповеды Лукашэнкі пра тое, што ён нічога не ведаў, тым больш дзіўныя, што яны відавочна дыскрэдытуюць яго, сведчаць яго ўласнымі вуснамі пра яго несамастойнасць, падпарадкаванасць, марыянеткавасць.
На Захадзе, ва Украіне ды і ў ладнай частцы беларускага грамадства распаўсюджанае меркаванне, што Лукашэнка – гэта лялька, робат, раб Пуціна. Па ідэі, Лукашэнку гэта не павінна падабацца, ён павінен гэтую візію абвяргаць. А ён яе чамусьці сам жа і ўмацоўвае.
Адказ Лукашэнкі ў альтэрнатыўнай рэальнасці мог бы гучаць жа і супрацьлеглым чынам: «Пуцін за месяц да 24.02.22 сказаў мне: "Саша, нельга больш цярпець паводзіны Кіева, Захаду трэба даць урок. Я пачынаю. Мы ж саюзнікі, славяне. Ты са мной, з Расіяй?" І далей па тэксьце – "Ты прыкрый мяне, калі ласка".
І з такой байкі (не горшай, але і не лепшай за тую, што Лукашэнка расказаў Панчанка) вымалёўваўся б вобраз Лукашэнкі як сапраўды паплечніка Пуціна, таго, хто разам прымаў рашэнне, але і разам браў на сябе адказнасць.
Прычым відавочна, што ані Пуцін, ані яго прэсавы сакратар Дзмітрый Пяскоў не абвяргалі б, хаця і не пацвярджалі б такую версію камунікацыі Лукашэнкі і Пуціна. Як і цяперашнія, рэальныя шчыраванні Лукашэнкі яны не будуць ані пацвярджаць, ані абвяргаць.
Дык а чаму ж не было сказана, што Лукашэнка ўсе планы ведаў загадзя, чаму ён сам на сябе павесіў цэтлік марыянеткі?
Напэўна, таму, што іміджавыя страты ад сказанага меншыя, на яго погляд, пераваг ад агучвання версіі «я не ўхваляў гэтую вайну, гэта не мая вайна, мяне прымусілі».
Гэта пасланне многім – Захаду, Украіне, беларусам, расійскім элітам. Прыбяруць Пуціна паўтарэннем мяцяжу Прыгожына ці палацавым пераваротам – Лукашэнка загадзя падрыхтаваў алібі: «Я нічога не ведаў, я не ўхваляў гэтую вайну, гэта была ідэя выключна гэтага вар'ята».
А калі Расія ў той ці іншай форме прайграе вайну – ён таксама будзе спасылацца на гэтае сваё алібі: мне не сказалі, са мной не ўзгаднялі, мяне прымусілі. Ці паверыць гэтаму хто-небудзь у выпадку паразы Расіі – цяжка сказаць. Але тое, што ў інтэрв'ю Панчанка Лукашэнка агучыў сваё алібі – гэта, прынамсі, праўдападобна.
У больш кароткатэрміновай перспектыве гэты аповед умацоўвае яшчэ адну важную тэзу інтэрв'ю – што Лукашэнка не хоча ўцягвання ў вайну беларускага войска: «Калі вы, украінцы, не пераступіце нашу мяжу, мы ніколі не будзем у гэтай вайне ўдзельнічаць. У гэтай гарачай вайне».
Расповеды пра тое, што ён не хацеў гэтай вайны ніколі, у тым ліку і ў лютым 2022 года, у пэўным сэнсе абгрунтоўваюць гэтую заяву пра тое, што ён і зараз не хоча ваяваць сваім войскам.
Паводле «Салідарнасці»