Дзмітрыеў заклікаў кандыдатаў аспрэчваць у судзе рашэнне ЦВК аб абмежаванні колькасці назіральнікаў
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Дзмітрыеў заклікаў усіх альтэрнатыўных кандыдатаў аспрэчыць у судзе рашэнне Цэнтрвыбаркаму абмежаваць колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках падчас галасавання, паведамляе Радыё Свабода.
«ЦВК прыняў рашэнне абмежаваць колькасць назіральнікаў на ўчастку пяццю. Фармальная нагода – «пераможаны« каронавірус. (...) Гэта рашэнне супярэчыць Выбарчаму кодэксу. Я заклікаю ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў аб’яднаць намаганні ў барацьбе за наша права кантраляваць падлік галасоў. Трэба ісці ў суд. Мы гатовыя», – напісаў Дзмітрыеў у «Фэйсбуку».
Ён таксама накіраваў у ЦВК прапанову аддаваць прыярытэт назіральнікам, якія прадстаўляюць кандыдатаў у прэзідэнты – па адным на ўчастак, бо дазволеных назіральнікаў усяго 5 і кандыдатаў у прэзідэнты таксама 5, ён прапануе праводзіць акрэдытацыю «па формуле 5×5». Згодна з прапановай Дзмітрыева, кожны кандыдат можа назваць арганізацыю, ад якой будуць яго назіральнікі.
«І апошняе: давераныя асобы кандыдатаў могуць назіраць за хадой выбараў без акрэдытацыі. У кожнага кандыдата іх 30. Значыць, што ў нас ёсць мінімум 120 чалавек, якіх трэба скаардынаваць у назіранні на розных участках. Давайце разам дамагацца, каб Беларусь выбрала новага прэзідэнта», – напісаў Дзмітрыеў.
22 ліпеня ЦВК прыняў пастанову, якой абмяжоўваецца колькасць назіральнікаў на ўчастках падчас галасавання. У асноўны дзень галасавання прапануецца зменшыць колькасць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасавання – ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла абмежаванне колькасці назіральнікаў «фізічнай і эпідэмічнай бяспекай».
Па стане на 20 ліпеня ЦВК акрэдытавала ў нацыянальныя назіральнікі 42 856 чалавек агулам, 3436 – за апошні тыдзень. 31 186 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, па-ранейшаму прыпадае на долю грамадскіх аб’яднанняў, з абсалютная большасць – праўладныя.
Ад апазіцыйных партыяў – 4 назіральнікі (ад партыі БНФ 2, па адным ад Беларускай партыі «Зялёныя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Беларускі Хельсінскі камітэт выставіў 52 назіральнікаў, грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне» – 2.
Замежныя назіральнікі будуць толькі ад СНД – назіральнікаў вырашылі не накіроўваць АБСЕ і ПАРЕ.