Еўропа хоча абмежаваць цэны на расійскі газ. Ці атрымаецца?
Еўрапейская камісія прапануе абмежаваць цэны на расійскі газ, а разам з тым увесці абавязковае скарачэнне спажывання электраэнергіі ў ЕС, заявіла Урсула фон дэр Ляен.
Цэны на электраэнергію і паліва рэзка выраслі, паколькі Расія скараціла колькасць газу, які яна пастаўляе ў Еўропу, праз нібыта «тэхнічныя праблемы» і санкцыі, уведзеныя Еўропай за напад на Украіну.
«Мы прапануем абмежаваць цэны на расійскі газ... Мы павінны скараціць даходы Расіі, якія Пуцін выкарыстоўвае для фінансавання жорсткай вайны ва Украіне», -— перадае агенцтва «Reuters» словы прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен.
Некаторыя краіны ЕС, якім неабходна будзе ўхваліць прапановы ЕС, асцерагаюцца абмежаванні цэн на расійскі газ, бо гэта можа выклікаць скарачэнне паставак, якія яны ўсё яшчэ атрымліваюць з Масквы.
Фон дэр Ляен тлумачыць, што абмежаванне цэн азначае, што краіны змогуць працягваць купляць расійскі трубаправодны газ, які, паводле яе слоў, не можа быць лёгка перанакіраваны на іншыя рынкі, да тых часоў, пакуль цана не перавысіць узгоднены парог.
«Значныя збоі ўжо адбываюцца без абмежавання цэн», — гаворыцца ў заяве Еўрапейскай камісіі.
Асобна камісія заявіла, што ЕС вывучыць магчымасць стварэння еўрапейскага цэнавага арыенціру на звадкаваны прыродны газ (ЗПГ). На дадзены момант у Еўропе няма арыенціру для гандлю ЗПГ, у той час як у Азіі шырока выкарыстоўваецца японска-карэйскі маркер.
Фон дэр Ляен выклала надзвычайны план ЕС па зніжэнні цэн на газ і электраэнергію, якія павялічылі рахункі для хатніх гаспадарак і нанеслі ўдар па энергаёмістых галінах прамысловасці Еўропы. Еўропа хоча абмежаваць даходы генератараў, якія працуюць не на газе, і накіраваць іх прыбытак на меры падтрымкі хатніх гаспадарак і кампаній.
Еўрапейскія цэны на электраэнергію звычайна ўстанаўліваюцца газавымі станцыямі, і гэтае абмежаванне даходаў будзе накіравана на зніжэнне кошту электраэнергіі, якая выпрацоўваецца ветранымі і атамнымі станцыямі, а таксама вугальнымі генератарамі, якія маюць больш нізкія эксплуатацыйныя выдаткі. Абмежаванне даходаў таксама датычыцца і нафтагазавых кампаній. Акрамя таго, плануецца скараціць спажыванне электраэнергіі ў «гадзіны пік». Міністры энергетыкі краін ЕС абмяркуюць гэтыя прапановы на экстранным пасяджэнні 9 верасня.
Чаму цэны на электраэнергію прывязаныя да газу?
У энергетычнай сістэме ЕС аптовая цана на электраэнергію ўсталёўваецца апошняй электрастанцыяй, неабходнай для задавальнення агульнага попыту, тлумачаць карэспандэнты «Reuters».
Ветравыя электрастанцыі, атамныя, вугальныя і газавыя электрастанцыі і ўсе іншыя генератары прэтэндуюць на рынак электраэнергіі, прычым на першым месцы стаяць самыя танныя крыніцы, за якімі ідуць больш дарагія — такія, як газ. Газавыя заводы часта ўсталёўваюць цану ў гэтай сістэме.
Ідэя заключаецца ў тым, што, паколькі ўсе генератары прадаюць сваю энергію па аднолькавай цане, больш танныя генератары аднаўляльных крыніц энергіі ў рэшце рэшт атрымліваюць вялікі прыбытак — стымул, які дае больш інвестыцый у аднаўляльную генерацыю, неабходную Еўропе для дасягнення мэтаў у экалагічнай галіне.
Але такія краіны, як Іспанія, заявілі, што гэтая сістэма несправядлівая, паколькі яна прыводзіць да таго, што танная аднаўляльная энергія прадаецца спажыўцам па тым жа кошце, што і больш дарагая энергія на аснове выкапнёвага паліва.
Праз праблемы з расійскім газам базавы кантракт на пастаўку электраэнергіі ў Германіі на 2023 год у канцы жніўня вырас да рэкордна высокага ўзроўню ў 1050 Еўра за мегават-гадзіну (МВтг), што ў 14 разоў перавышае ўзровень гадавой даўнасці, хоць з тых часоў цэны часткова знізіліся.
Іншыя фактары, якія павышаюць цэны на электраэнергію, уключаюць у сябе праблемы з французскімі атамнымі станцыямі і моцную засуху ў Еўропе, якая абцяжарыла вытворчасць гідраэнергіі і паўплывала на пастаўкі вугалю.
Якія патэнцыйныя недахопы абмежавання цэн на расійскі газ?
Высокія цэны на газ ствараюць фінансавы стымул для прамысловасці і хатніх гаспадарак скараціць спажыванне газу — змены ў паводзінах, якія ўрады спрабуюць стымуляваць, каб забяспечыць дастатковую колькасць паліва, неабходную для зімовага перыяду.
Абмежаванне цаны на газ абмежавала б і гэты стымул, і крытыкі кажуць, што такі варыянт можа нават стымуляваць большае выкарыстанне газу.
Некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што адрасная фінансавая падтрымка хатніх гаспадарак з нізкім прыбыткам і прадпрыемстваў, найбольш пацярпелых ад рэзкага росту цэн, была б найлепшым варыянтам, чым паспешлівая перабудова рынку.
Застаюцца і іншыя пытанні наконт таго, як урады маглі б абмежаваць цэны на электраэнергію, якія залежаць ад газу, такім чынам, каб гэта не падахвочвала ўладальнікаў газавых электрастанцый вырабляць менш электраэнергіі.