«Лукашэнка цяпер цалкам залежыць ад Масквы»
«Калі б Масква хацела яго прыбраць, яна б гэта зрабіла. Тым больш Беларускі
протамайдан не выступаў з антырасійскімі лозунгамі»...
Пра гэта, пра трагедыю Лукашэнкі і пратэсты ў Беларусі амерыканскі
Рыгор Іофэ, вядомы ў свой час прыхільнік «беларускага гаранта» і аўтар
кнігі «Переоценивая Лукашенко в культурном и геополитическом аспекте»,
распавёў расійскай «Медузе». Прапануем урыўкі з інтэрв’ю.
«Беларусь — вельмі адкрытая краіна, яна даўно не аддзеленая ад заходняга свету»
— Існуе папулярнае меркаванне, што беларускае грамадства перарасло Лукашэнку. Вы з гэтым згодныя?
— Так, гэта даволі распаўсюджанае меркаванне, я б нават сказаў — клішэ, мем…
Нядаўна Максім Самарукаў з «Карнегі» апублікаваў вельмі цікавы артыкул. Ён якраз піша, што рэжым вельмі адстаў ад грамадства. І гэта на самай справе не ўнікальна для Беларусі — у Лацінскай Амерыцы было тое ж самае. Але пры гэтым ён робіць вельмі цікавае назіранне, цытую яго: «Прыбяры Лукашэнку — і застанецца невялікая, упарадкаваная і параўнальна шчаслівая краіна, якая лепш за ўсіх на постсавецкай прасторы гатовая ўступіць хоць у ЕС, хоць у NATO». Гэта назіранне, на самай справе, вельмі трапнае. Пра тое, што рэжым адстаў ад грамадства, можна, як кажуць, спрачацца. А вось супраць гэтага назірання нічога не скажаш.
Беларусь сапраўды вельмі добраўпарадкаваная краіна з цудоўнай
інфраструктурай. Калі б геапалітычная сітуацыя дазваляла, яе нават сёння бяры
хоць у NATO, хоць у Еўрапейскі саюз. Але пад чыім кіраўніцтвам гэта ўсё
дасягнута?
«Вярнуць сітуацыю ў стан да 9 жніўня ўжо не атрымаецца»
— Вас паслухаць, дык ніякіх прычын для пратэстаў не было…
— Ну як не было? А вынікі выбараў? Праўда, у адрозненне ад многіх іншых назіральнікаў, я б не стаў кідацца ў процілеглую крайнасць. Безумоўна, 80% — гэта надзьмуты паказчык, перш за ўсё з дапамогай датэрміновага галасавання.26 гадоў ва ўладзе — гэта зашмат у любым выпадку. Што ён, англійская каралева, ці што? Улада карумпіруе, а абсалютная ўлада карумпіруе абсалютна. Прывык ён. У інтэрв'ю [украінскаму журналісту Дзмітрыю] Гардону ён сказаў вельмі шмат цікавага, але, з майго пункту гледжання, дапусціў адзін буйны пралік, калі прызнаўся: «Як жа я прачнуся — і ўжо не прэзідэнт? А што ж мне рабіць? Я з 38 гадоў не ведаю іншага ладу жыцця». Выдаў сваю галоўную таямніцу.
Лукашэнка даўно ўжо павінен быў падумаць пра пераемніка. Перадача ўлады ва ўмовах, калі ўладная вертыкаль усё яшчэ маналітная і ён яе кантралюе, была б значна менш балючая для яго самога, чым калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю. Безумоўна, было б дзіўна трывіялізаваць незадаволенасць шырокіх слаёў насельніцтва. Папросту гэта не адмяняе таго факту, што і ў Лукашэнкі ёсць свая сацыяльная база.
— Рэжым Лукашэнкі наогул можа абысціся без рэпрэсій?
— Практычна ўсе рэжымы на постсавецкай прасторы — да пэўнай ступені рэпрэсіўныя. Паглядзіце на расійскі, паглядзіце на сярэднеазіяцкія, паглядзіце на азербайджанскі. Гэта адпавядае тым грамадствам, якія там ёсць. Беларускае грамадства паўстала супраць гвалту — гэта добра. Значыць, наступным разам яго будзе менш. Тым больш, што цяпер узровень жорсткасці аказаўся празмерна высокім. Часткі сілавікоў, якія адправілі на вуліцы, — гэта спецназ, яго звычайна не выпускаюць, калі ў пратэст уцягнутыя 200 тысяч чалавек. У дадзеным выпадку адбылася неадэкватная рэакцыя: выпусцілі АМАП, далі яму карт-бланш, калі гэта магло толькі стымуляваць далейшы пратэст.
Пра што гэта кажа? На мой погляд, не толькі пра падвышаную рэпрэсіўнасць, закладзеную ў самой сістэме, але і пра тое, што сам Лукашэнка і яго асяроддзе страцілі нюх. Гэты нюх доўга яму не здраджваў. У 2011 годзе ён даваў мне два інтэрв'ю агульнай працягласцю ў сем гадзін. Гэта быў цікавы для мяне вопыт, пра які ў мяне захаваліся настальгічныя ўспаміны. Дык вось, мяне тады ўразіла, што нават праз паўтара дзесяцігоддзі ва ўладзе ён трымаў руку на пульсе. Але ва ўмовах, калі атрыманая табой інфармацыя жорстка фільтруецца, з цягам часу прытупляецца нюх. Ён мог бы сысці прыгожа, калі б да гэтага дадумаўся. Цяпер ён цяжка паранены, магчыма, смяротна, хоць гэта яшчэ не факт.
— Калі на мітынгу ў сваю падтрымку ён пагражаў пратэстоўцам, то выглядаў нібы пакрыўджаны дзіця. І зусім разгубленым — калі выступаў перад незадаволенымі рабочымі, а яму крычалі: «Сыходзь!»
— Вы маеце рацыю, гэта выглядала дзікавата, таму што было, кажучы мудрагелістай мовай, нерэлевантна, — гэта значыць, неадэкватна размаху пратэстных настрояў. Зразумела, што ў тым, чым ён палохаў пратэстоўцаў, —дзевяностымі гадамі, алігархамі, бандытамі, — былі свае рацыі. Але, з іншага боку, паглядзіце: нават падчас масавых пратэстаў ступень жорсткасці не дайшла да таго, каб іх удзельнікі разбілі хаця б адну вітрыну. Значыць, пратэсты былі з-за яго ўласнага стылю кіравання, а яго адказы відавочна не пра тое. Ён сапраўды паводзіў сябе, як вы сказалі, як пакрыўджанае дзіця. Зрэшты, ён ужо перагрупаваўся, мы гэта таксама бачым.
— Пераламаў сітуацыю?
— Калі не выкарыстоўваецца момант — і людзі не арганізуюцца для ўзяцця
ўлады, то іншы бок пераходзіць у контрнаступ. Калі на вуліцах Мінска сабраўся
200-тысячны натоўп, ён мог узяць многія будынкі. І нягледзячы на тое, што ў
Адміністрацыі прэзідэнта, па ўсёй бачнасці, забарыкадаваліся адборныя часткі,
наўрад ці яны б сталі страляць па тысячах людзей.
У распараджэнні Лукашэнкі застаюцца ўсе структуры, якія вельмі нядрэнна арганізаваныя, у тым ліку структуры кіравання эканомікай. Ён адклікаў ланцуговых сабак з АМАПу, аднак ён выбарачна можа вярнуць іх назад. Цяпер мы бачым, што, нягледзячы на цэлы шэраг пераходаў на іншы бок — ну хто там, два-тры дыпламаты, дырэктар Купалаўскага тэатра [Павел Латушка], — палітычная эліта не расколатая, а вельмі маналітная. Прытым, што ў ёй ёсць наогул людзі ліберальных поглядаў, ва ўсякім выпадку, у эканамічным плане.
Але яму ўсё роўна не вярнуць Беларусь да таго стану, у якім яна была да таго, як гэта ўсё пачалося. Тое, што адбылося 9 жніўня і пазней, ужо ніколі не забудзецца. Вядома, ён сядзіць апошні тэрмін. Вядома, ён траўмаваны. Вядома, той раскол, які і раней быў, цяпер набыў рысы непрымірымага. Нічога там ужо не склеіць. Адзінае — казаць, што яго дні заканчваюцца, усё ж заўчасна.
Але ён цяпер знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад Масквы. Ён страціў палітычны капітал, які набыў на Захадзе. Масква выдатна бачыць, што Лукашэнка смяротна паранены, і гэта яе цалкам задавальняе. Цяпер ён падпіша ўсе інтэграцыйныя карты, у тым ліку 31-ю. Усе козыры цяпер у Расіі, а вінаваты толькі сам Лукашэнка. Бо ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі, калі яна наогул была, будавалася на расказах пра расійскую небяспеку. А цяпер ён пераабуўся ў паветры, бачыць небяспеку выключна на Захадзе, тэлефануе Пуціну і моліць: «Дапамажы мне».
Калі б Масква хацела яго прыбраць, яна б гэта зрабіла. Тым больш Беларускі протамайдан не выступаў з антырасійскімі лозунгамі. І ўся гэтая сімволіка — бел-чырвона-белыя сцягі — зусім мае такой скіраванасці. Гэта не сцягі ЕС ці Украіны, як было падчас пратэстаў 2010 года. Але, мабыць, Маскву задавальняе цяперашняя сітуацыя поўнага раззбраення Лукашэнкі. А стратэгічна яна, можа быць, папросту чакае, калі знойдзецца кампрамісная фігура.
— Так, але вы толькі што самі патлумачылі, чаму Лукашэнка больш не гарант незалежнасці Беларусі, а магчыма, і наадварот.
— Сапраўды, гэта драма ці нават трагедыя Лукашэнкі як чалавека, але гэта не адмяняе яго заслугі як бацькі беларускай дзяржаўнасці… Іншая справа, што ў сітуацыі эмацыйнай жорсткасці гэтыя словы гучаць як нейкая крамола — але ж я досыць далёкі ад Мінска, таму не толькі стараюся, але і маю магчымасць разважаць спакойна.
Паводле meduza.io