«Кадыраўцаў у палон браць не будзем». Кіеўскі афіцэр — пра вайну, у якой пераможа Украіна
«Гэта нейкая няправільная вайна. Нашы спяцы іх адстрэльваюць як зайцоў».
Вядомы гісторык і ваенны даследчык Марк Салонін зараз
знаходзіцца ва Украіне, дзесьці за 200 кіламетраў ад Кіева. Там ён працягвае
весці свой youtube-канал, у якім разважае пра апошнія падзеі на фронце. Учора
там з’явілася інтэрв’ю з украінскім афіцэрам-добраахвотнікам Аляксандрам, які
ваюе за радзіму з першых дзён расійскага ўварвання. Ён змястоўна распавёў пра
тое, што цяпер адбываецца ў Кіеве ды ўвогуле на гэтай крывавай вайне.
Мы вырашылі апублікаваць размову, у якой шмат аптымізму і веры, што ўсё хутка скончыцца перамогай святла.
— Вы знаходзіцеся ў Кіеве?
— Так, дакладна. Я ў горадзе Кіеве.
— Наколькі ведаю, вы з сябрамі ўступілі ў паліцыю.
— Так, патрульная паліцыя. Усё ж такі мы жывем у прававой дзяржаве, і ўсе людзі, гатовыя змагацца, атрымліваюць нейкую юрысдыкцыю. Яна дае ім права абараняць сваю радзіму.
Многія добраахвотнікі цяпер працуюць з СБУ, з ГУР. Хтосьці пайшоў у УСУ, нехта ў паліцыю. Людзі, якія гатовыя ваяваць, ідуць у нейкую структуру, дзе атрымліваюць зброю і паўнамоцтвы для выканання сваіх задач.
— Вас таксама забяспечылі зброяй, бронекамізэлькай?
— Безумоўна. Бронекамізэлька ў мяне свая. Ды і ўся наша група ў прынцыпе была гатовая. У кожнага было ўсё сваё.
— Нават у вас у паліцэйскім падраздзяленні ёсць гэтая страшна прыгожая NLAW (супрацьтанкавыя гранатамёты брытанскай вытворчасці — НЧ.)?
— Зброя — так, NLAW — так, гранатамёты — так. У нас усё гэта ёсць.
NLAW нам перадалі 11 штук. Навучылі. Мы цалкам гатовыя. Частка такіх гранатамётаў выязджае на перадавую ў момант нейкіх абвастрэнняў. І там сядзяць нашы людзі, чакаюць няпрошаных гасцей.
— Як доўга вас вучылі? І хто вучыў?
— Чатыры гадзіны. З усімі тэхнічнымі падрабязнасцямі, з усімі нюансамі. Вучыў наш украінскі інструктар, які прайшоў навучанне ў Еўропе.
— Ужо даводзілася выкарыстоўваць?
— NLAW не, але перадавалі іх сумежным падраздзяленням, якія выкарыстоўвалі і палілі танкі. Яна афігенна працуе, вельмі эфектыўна. Проста выдатна. Гэта нейкі вальс, я б нават сказаў.
— Некалькі простых пытанняў. Якая сітуацыя цяпер у Кіеве? Святло, вада, цяпло…
— Усё ёсць, усе службы працуюць. Смецце вывозіцца. Ёсць невялікія перабоі з прадуктамі ў крамах, але гэта хутчэй звязана з той панікай, якая была ў самым пачатку. Няма грэчкі, напрыклад, зменшыўся асартымент. Але ежа ёсць, ты галодным не застанешся. Крыху падняліся кошты, даляр крыху вырас, але ўсё гэта некрытычна.
— Аптэкі?
— Працуюць. У нашай групе ёсць спецыяльна прыкамандзіраваныя медыкі з поўным наборам медыцыны. Ёсць абсалютна ўсё, што нам неабходна. І для баявых дзеянняў, і для існавання групы. Гэта значыць, ніякіх праблем з лекамі няма, адзінае, можа, камусьці патрэбныя спецыфічныя лекі. Іх трэба дзесьці заказваць. Але гэта магчыма. Працуюць не ўсе аптэкі, але лекі ёсць. Дзесьці ёсць чэргі, дзесьці іх няма. Усё можна купіць.
— Як выглядае Кіеў? Таму што, калі глядзіш і чытаеш, сэрца сціскаецца — бомба там, ракета тут... Наколькі гэтыя разбурэнні прыкметныя воку?
— Ёсць, ёсць разбурэнні. Але іх не так шмат, як здаецца. Ёсць машыны кінутыя, там былі перастрэлкі на пачатковым этапе. У цэлым жа нічога не памянялася, акрамя таго, што ёсць блокпасты і стаяць «змейкі» з бетонных блокаў.
— Грамадскі транспарт?
— Не магу вам сказаць, але ведаю, што ездзяць таксі.
— Метро выкарыстоўваецца ў якасці сховішча?
— Так, у асноўным. Але ці працуе, не ведаю, не ездзіў.
— Холад, харчаванне. Фізічна вы як забяспечаны?
— У нас усё ў парадку. У нас ёсць спецыяльнае месца, усе рэсурсы, каб існаваць аўтаномна доўгі час.
— Псіхолаг?
— Так, ёсць у нашым падраздзяленні.
— Якая зараз (8 сакавіка — НЧ.) абстаноўка? Што адбываецца на паўночна-заходніх подступах да Кіева?
— Глядзіце, оркі замацаваліся, увайшлі ў шэраг гарадоў — Буча, Ірпень, Гастомель. Бліжэй да Жытомірскай трасы ёсць такая злучная дарожка паміж Бучай, Ірпеням і Гастомелем, у бок Капітанаўкі. Яны заехалі ў Капітанаўку, занялі дамы.
Ходзяць чуткі, што яны расстрэльвалі мясцовых жыхароў, мужчын. Яны баяцца, інцыдэнты з мясцовымі адбываюцца пастаянна, мясцовыя гінуць ад іх. Гэта людзі, якія не ў стане сябе абараніць.
Яны не гатовыя зараз развіваць наступ, спрабуюць там неяк выжыць у тых умовах, у якіх апынуліся. На мой погляд, яны былі непадрыхтаваныя. Рэзерваў, рэсурсаў у іх недастаткова. Тэхнікі шмат, але людзі дэмаралізаваныя. Тыя, хто траплялі ў палон, не выглядалі, як салдаты лепшай арміі ў свеце, як яны самі сябе пазіцыянуюць.
— Лічбы знішчанай тэхнікі ад Генштаба Украіны…
— Яны блізкія да рэальнасці. Думаю, на самай справе знішчанай тэхнікі нават больш. Яе вельмі шмат.
Я не магу зразумець іх тактыку. Яны ідуць калонай, яны падстаўляюцца, і іх проста паляць. Іх проста забіваюць. Калонамі. Ідуць як на забой. Я вам больш скажу — гэта сафары. Таму што яны адправілі сваіх салдат тэрміновай службы. Нашы спяцы, калі выязджаюць працаваць, яны іх проста адстрэльваюць як зайцоў. Мне не шкада, але я не разумею. Гэта нейкая няправільная вайна. Яны мяса на нас скідаюць.
— Па калонах тэхнікі працуюць сучасныя ўзбраенні?
— Неабавязкова. Слухайце…
— Звычайныя РПГ?
— Звычайны РПГ не зусім звычайны. Супраць лёгкабраняванай тэхнікі ён працуе выдатна. БМП згарае, аж гай шуміць. БТР — тое ж самае. З танкамі таксама можна пазмагацца, але тут «Джавеліны» супрэффектыўныя. І ў комплексе калі палічыць... Комплекснае ўзбраенне, напрыклад, пяхотнага ўзвода, якое цяпер даступна. Дык наш пяхотны узвод у абароне здольны супрацьстаяць пяхотнай роце расійскай.
Трэба разумець, што нашы знаходзяцца на замацаваных пазіцыях, усё бачаць, як усё будзе адбывацца, ім вядомая мясцовасць. Мы маем падтрымку людзей. І ворагу не вельмі добра. Я б сказаў, што яму вельмі дрэнна.
— Усе кажуць, што расійская армія дэманструе вельмі нізкі ўзровень камандавання, кіравання. У вас такое ж ўражанне?
— Так, у мяне такое ўражанне склалася.
— Былі паведамленні, што расійскім салдатам прапануецца здацца ў палон. І што няма тут ніякіх азвярэлых нацыстаў, што тут нармальныя людзі, а ў палоне ён атрымае той мінімум, які пакладзены палоннаму. І захавае сябе, не стаўшы забойцам. Гэта на самай справе так?
— Ведаеце, усё вельмі моцна залежыць ад сітуацыі. Рускія здаюцца падраздзяленнямі. Многія разумеюць, куды яны трапілі па факце. Зразумейце, гэта не вайна за Данбас, гэта не 2014 год, гэта не Крым, куды яны ўвайшлі без адзінага стрэлу. Тады ўсё было па-іншаму. Зараз наша армія гатовая.
Людзі злыя. У людзей ёсць загінулыя, пацярпелыя сваякі і знаёмыя. Таму рускіх ніхто не даруе. Так, калі пашанцуе, у іх ёсць шанец трапіць у палон і быць пасля адпраўленымі на радзіму, або адседзець свой належны тэрмін. І застацца ў жывых. Але калі гэты чалавек будзе са зброяй... Я магу казаць толькі пра сябе — я не буду гуляць з ім у гульні. У мяне двое дзяцей, я хачу, каб у іх быў бацька.
— Гаворка не ідзе пра тых, хто са зброяй…
— А, дык калі ласка. Калі здаюцца, а такіх шмат…
— Я кажу пра тых, хто без зброі, падняў рукі, пароль «Пуцін — х@ло» — і будзеш жывы.
— Марк, вы ж ведаеце, жывяце тут даўно. У нас на самай справе так цікава склалася... Украінцы адрозніваюцца ад рускіх. Вельмі моцна і менавіта ў гэтым аспекце. Здаўся — будзь здаровы. Папраўляйся, мы цябе памяняем на нешта патрэбнае для нас. Рабочая сіла зноў жа нам будзе патрэбна. Людзі, якія будуць аднаўляць гэтую краіну, як немцы пасля 1945-га і да 1953-га. Адбудуюць дамы і паедуць на радзіму.
— Яшчэ пра тэхніку. Ноччу на 8-е сакавіка Кіеў інтэнсіўна абстрэльвалі усялякімі лятаючымі аб'ектамі. Што атрымалася, колькі ахвяр?
— Нічога не даляцела, усё збілі. Больш таго, адна з ракет была збітая з самалёта, ракетай «паветра — паветра».
— Саша, ну не бывае так. Што, прама збілі ўсё?
— Так, ні адна ракета не ўпала. Усе былі знішчаныя ў паветры.
— Ёсць згадкі пра нейкага ўкраінскіга лётчыка-аса, які лётае над Кіевам і нешта здзяйсняе.
— Асабіста не знаёмы, але такая інфармацыя ёсць. Назбівалі вельмі шмат самалётаў і, зыходзячы з той колькасці відэаролікаў аб збітых варожых самалётах, не выключаю, што ёсць канкрэтны лётчык, які іх карае.
— Славутыя кадыраўцы. Як яны сябе ў баі паказалі?
— Яны празмерна жорсткія. Таму што ўвайшлі ў Гастомель, Бучу і Капітанаўку, і пра іх шмат водгукаў як пра тых, хто расстрэльвае мірнае насельніцтва.
А ў баі яны гараць дакладна гэтак жа. Іх рускія самі баяцца. Нашы іх не баяцца. Іх знішчаюць.
Вось у кадыраўцаў, напэўна, няма шанцаў трапіць у палон. Яны звычайныя тэрарысты, іх ніхто ў палон браць не будзе. Я думаю, яны гэта разумеюць. На гэты момант я не чуў ні аб адным паланёным кадыраўцы.
— Дзень 8 сакавіка пачынаўся для нас, тых, хто ў тыле, неяк вельмі трывожна. Было шмат паведамленняў, што яны паспрабуюць зладзіць генеральнае наступленне на Кіеў, каб да сустрэчы Лаўрова і Кулебы 10-га чысла ў Турцыі ўзмацніць перагаворныя пазіцыі. Як вы ацэніце падзеі 8 сакавіка?
— Як звычайна. Звычайны дзень вайны, ды ўсё. Ёсць загінулыя. Дакладна вам не скажу, колькі, але ведаю, што ўчора двое знаёмых загінула. Ну, вайна ідзе. Ніхто іх не баіцца, няхай ідуць сюды, няхай пачынаюць. Чым хутчэй... Я сустракаўся з многімі людзьмі з розных падраздзяленняў, структур — усе чакаюць: дзе?
Ёсць армія, якая кропкава працуе па тых, хто размясціўся на месцах. Але вельмі хочацца хутчэй гэта ўсё скончыць, спаліць іх да чортавай бабулі і заняцца сваімі справамі. Вось і ўсё. Знішчыць Расію. Цяпер не будзе ніякіх міравых.
— Што за гэты дзень карыснага зрабілі вы і ваша падраздзяленне?
— Адна з нашых груп сёння раздаўбала калону. Яны займаліся арткарэкціроўкай пры дапамозе беспілотных лятальных апаратаў. У выніку спалілі некалькі машын артылерыяй.
— Якая сітуацыя ў бальніцах, шпіталях?
— Патрэбныя медыкаменты, гэтым займаюцца спецыяльныя валанцёрскія службы. З пачаткам усёй гэтай катавасіі велізарная колькасць людзей, якія прымалі ўдзел як валанцёры ў 2014-2020 гадах, зноў ўключылася. Мы не адчуваем нейкіх вострых патрэбаў у медыкаментах. Наконт загружанасці шпіталяў нічога не скажу. Сёння ў мяне хлопцы забіралі цела загінулага таварыша, дык там былі больш бюракратычныя правалокі. То бок звычайная гісторыя.
— Напрыканцы прадстаўлю цябе, а то зусім забыўся гэта зрабіць. Гэта мой сябар Саша, мы абодва з ім нацысты. Я габрэйскі нацыст на сто адсоткаў, а ў Сашы мама руская, а па бацьку ён напалову венгр, напалову грузін. Калі я нічога не блытаю, вы ваявалі ў 15 годзе?
— Так, з 2015 па 2017 год я знаходзіўся ў зоне правядзення Антытэрарыстычнай аперацыі.
— Я не блытаю, што ў вас узнагародная зброя?
— Так, не блытаеце. І медалі ў мяне ёсць таксама.