«Лукашэнка банальна баіцца: а што будзе на наступным этапе вайны з Украінай?»

Лукашэнка запатрабаваў «вызначыцца» ад калег па АДКБ. Чаму ён гэта зрабіў і якога адказу беларускі кіраўнік чакае, «Філін» абмеркаваў з аналітыкам украінскага Інстытута будучыні Ігарам Тышкевічам.

У час апошняга саміту АДКБ лідары краін імкнуліся стаць падалей ад Пуціна. Фота: БелаТА

У час апошняга саміту АДКБ лідары краін імкнуліся стаць падалей ад Пуціна. Фота: БелаТА


На сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетавым 11 лютага Лукашэнка заклікаў да большага згуртавання ў АДКБ.

«Калі хтосьці думае, што канфлікт Украіны і Расіі — гэта не наш канфлікт, што ціхенька дзесьці адседзімся, то нічога падобнага, так не будзе. Прыйдзе час (ён недалёка, літаральна заўтра) — ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю. Я не кажу, што на шкоду нацыянальным інтарэсам і гэтак далей. Але з усімі нашымі саюзнымі недахопамі нам давядзецца дакладна вызначаць сваю палітыку, сваю лінію для таго, каб дзейнічаць разам. Разам заўсёды прасцей і лягчэй», — сказаў Лукашэнка.

— Якую дапамогу Лукашэнка жадае атрымаць у выніку сваіх заклікаў да краін-членаў АДКБ?

— Пытанне не ў тым, што Лукашэнка разлічвае атрымаць ад іншых краін АДКБ дадатковую дапамогу. Пытанне ў тым, што арганізацыя фактычна развальваецца. Лукашэнка застаецца адзіным, на каго Пуцін можа націснуць.

Давайце ўзгадаем дэмарш Арменіі на апошнім саміце АДКБ: прем’ер Пашынян раскрытыкаваў працу арганізацыі і адмовіўся падпісваць выніковыя дакументы. Арменія разлічвала на падтрымку падчас баявых дзеянняў супраць Азербайджана. Але ўлазіць у вайну па сваіх прычынах не хацелі не толькі Расія і Беларусь, але і краіны Цэнтральнай Азіі, якія цесна супрацоўнічаюць з Турэччынай у межах Арганізацыі цюркскіх дзяржаў.

Давайце ўзгадаем, што ў краінах Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан) ідзе фактычна падмена АДКБ структурамі, якія ствараюцца пры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Давайце ўзгадаем, што Форум па бяспецы ў Астане фактычна пераўтвараецца ў рэгіянальную арганізацыю. І ўсё гэта адбываецца шмат у чым пад патранажам Кітая.


Што прадэманстравалі свежыя заявы Лукашэнкі: з аднаго боку, яму важна замерыць сярэднюю тэмпературу па бальніцы — паглядзець, як на яго патрабаванні рэагуюць, у тым ліку новы сакратарыят АДКБ, якім ён бачыць будучыню арганізацыі. Бо ўплыў Беларусі ў арганізацыі пасля адстаўкі Станіслава Зася з пасады генеральнага сакратара істотна знізіўся.

З другога боку, рыторыка Лукашэнкі пра дапамогу і гарантыі тлумачыцца тым, што ён банальна баіцца: а што ж будзе на наступным этапе вайны з Украінай? Цяпер гарантам бяспекі яго рэжыму з’яўляецца Расія. А што, калі яна пачне прайграваць у вайне і ёй не будзе справы да Беларусі?

Таму Лукашэнку важна, каб ён не застаўся з міжнароднай супольнасцю адзін на адзін, каб побач з ім былі хаця б эфемерныя саюзнікі па АДКБ.

— Чаму краіны АДКБ, акрамя РФ і Беларусі, дыстанцыяваліся ад пазіцыі Масквы і Мінска ў вайне з Украінай?

— Яны не рызыкуюць выступаць на баку Украіны, але і не падтрымліваюць расійскі бок. Цяпер, калі ідзе вайна, большасць краін АДКБ лічыць занадта рызыкоўным звязваць сябе дадатковымі абавязацельствамі альбо пацвярджаць старыя датычна РФ.

Пра незадаволенасць Арменіі ўжо сказаў, а краінам Цэнтральнай Азіі сёння значна выгадней памяняць фармат супрацоўніцтва ў межах АДКБ на фармат супрацоўніцтва ў межах ШАС.

Пакуль Расія губляе статус супердзяржавы, Кітай наадварот узмацняе гэты статус — у тым ліку праз пашырэнне ўплыву на суседнія краіны.


З аднаго боку, краіны Цэнтральнай Азіі не могуць гэтаму запярэчыць і супрацьстаяць, а з іншага — ім выгадна развівацца ў фармаце супрацоўніцтва з КНР, асабліва з улікам агрэсіўнай палітыкі Расіі супраць Украіны.

АДКБ як арганізацыя, створаная з мэтай расійскага ўплыву, будзе паціху адміраць. Дэ-юрэ яна можа існаваць яшчэ доўга — ніхто не хоча грукаць дзвярыма, выходзячы з яе. Але дэ-факта арганізацыя знаходзіцца ў глыбокім крызісе.