Марына Адамовіч падчас падарожжа да мужа: «Мікалай выбраў служыць Беларусі»

Напрацягу дзевяці месяцаў, з дня, калі Мікалая Статкевіча этапавалі ў гомельскае СІЗА, адзін дзень на тыдзень у Марыны Адамовіч праходзіць падобным чынам. Яна прачынаецца, запарвае ў тэрмасе каву, уладкоўвае прадукты для перадачкі, як таго патрабуюць нормы, сядае ў машыну і едзе ў Гомель да мужа — палітыка, якога з 31 траўня 2020 года ўтрымліваюць пад вартай па надуманым абвінавачанні.

Марына Адамовіч. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч. Фота Паўла Хадзінскага

Гэтым разам сярод, як падавалася, ужо надышоўшай адлігі раніцай раптоўна выпаў снег. Бліжэй да дзявятай гадзіны мы сустракаемся з Марынай Адамовіч, каб правесці з ёю гэты дзень у падарожжы. Каля дома Марына некалькі хвілін развітваецца з сабакам — сапраўдным ахоўнікам, які адважна абараняе сваю гаспадыню ад усіх незнаёмцаў. Паездка пачынаецца.

Як толькі ад’ехалі некалькі метраў ад дома, тэлефон Марыны Адамовіч пачаў звінець ад навін і паведамленняў.

— Ну вось, варта толькі выйсці з дому. Сувязь перыядычна блакуюць абсалютна лакальна — нашу хату і канкрэтна мой тэлефон. Яны даўно ўжо гэта робяць. У 17-м і 18-м, перад гадавінамі абвяшчэння БНР, сувязь адключалася ва ўсіх, хто да нас прыходзіў, прычым, нават тэлефанаванні. Але толькі ў тых, хто альбо да каго тэлефанавалі. Калі тэлефонам у нашай хаце не карысталіся, то за якіх 50-100 метраў усё было добра. У астатніх сувязь «уключылася» адначасова праз некалькі гадзін, ужо пасля завяршэння планаваных акцый. Такія вось дзівосы з мабільнай сувяззю.

Дрэннае надвор’е робіць і без таго складанае падарожжа — больш за 300 кіламетраў туды і назад — яшчэ больш складаным.

— З гэтай вайной няма часу глядзець на прагнозы. Учора было сухенька, думала, лёгка даляцім.

Дарога ў Гомель. Фота Паўла Хадзінскага

Дарога ў Гомель. Фота Паўла Хадзінскага

Далейшыя размовы — непазбежна пра вайну. Тады яшчэ Марына не ведала дакладна, але ўжо не сумнявалася, што муж усё ведае, нягледзячы на інфармацыйную блакаду. Яна расказвае, што, калі ніхто не верыў у тое, што магчымы найгоршы сцэнар, Мікалай падчас спаткання папярэджваў: сумнявацца ў дакладнасці даных выведак Брытаніі і Злучаных Штатаў не варта.

— Асабісты досвед і багаж ведаў дазваляе Мікалаю рабіць высновы, нават маючы аскепкі інфармацыі выключна з афіцыйных крыніц. Пры гэтым у сваіх высновах ён заўсёды вельмі дакладны. Потым я чытаю вядомых аналітыкаў і заўважаю, што Мікалай усё гэта даўно агучыў, ясна і коратка. Мяне гэта ў ім заўсёды здзіўляла.

Дарэчы, Мікалай часта ўзгадваў Георгія Станіслававіча Таразевіча, колішняга старшыню Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР, адначасова — намесніка старшыні Прэзідыўма Вярхоўнага савета СССР. Ён быў даверанай асобай Гарбачова ў шматлікіх «гарачых кропках». Моцны перамоўшчык, ён заўсёды імкнуўся спыніць войны. Удзельнічаў у вырашэнні канфліктаў у Грузіі, Нагорным Карабаху, Прыднястроўі і Літве. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада». Мікалай заўсёды лічыў яго сваім палітычным настаўнікам. Ён часта казаў, што калі Таразевічу задавалі пытанне, яму не трэба было думаць, як адказаць, трэба было толькі ўзгадаць. Таму што новага на свеце нічога не адбываецца, усё гэта ўжо было. І я думаю, што Мікалай зараз на той жа стадыі. Яму ўжо не трэба прагназаваць, доўга думаць, дастаткова ўзгадаць падобны момант у гісторыі ці нават у сваім жыцці. (Усміхаецца).

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

У сакавіку Мікалай Статкевіч цалкам пазбаўлены інфармацыйных крыніц.

— Мой «хлопчык» зусім без газет застаецца, нават без «саўбелкі». Тэлевізара няма, радыё толькі з вар'яцкай музыкай… Ну нічога, будзе кніжкі чытаць. А калі і гэта забароняць — пісаць будзе кніжкі.

Калі б Мікалай быў на волі, 24 лютага адразу заклікаў бы людзей на Плошчу?

— Верагодна — так. Толькі паўстае пытанне, хто б выйшаў за ім? Усё тыя ж некалькі тысяч чалавек? Ці мільён? Тым больш, што, як ён шмат год заўважаў, калі казаў пра пагрозу здачы незалежнасці: можа стацца, што мы паклічам людзей на Плошчу, а там ужо расійскія танкі стаяць супраць бяззбройных людзей. У той жа час ён ніколі не сумняваўся, што беларусы гатовыя бараніць незалежнасць. Зараз, на жаль, грамадства моцна запалоханае. Дакладней, яно заўсёды было запалоханым, але здараецца ж і катарсіс. Грамадства альбо кансалідуецца, альбо знікае. 2020 год — гэта было вельмі прыгожа. І назад у стан сну грамадства ўжо не вярнуць. Мне здаецца, што людзі затаіліся і чакаюць новага шанцу. У той жа час мне вельмі горка ад таго, што беларусы зараз сталі «ціснуць на пяткі». Скансалідаваліся, адчулі нарэшце сябе годным народам — і тут жа сталі масава з'язджаць. Я не кажу пра тых, каму пагражала рэальная небяспека.

Па дарозе ў Гомель. Фота Паўла Хадзінскага

Па дарозе ў Гомель. Фота Паўла Хадзінскага

Калі ў 2020 годзе ўсё пачалося і праз некалькі дзён пасля выбараў нарэшце аднавілася сувязь, мне пачалі тэлефанаваць сябры з іншых краін. Віншавалі з перамогай, пыталіся, як мы будзем фарміраваць урад… Але я адказвала, што не, гэта толькі пачатак, яшчэ не зараз. Калі б я толькі ведала, што гэта так надоўга. Думала, што за два гады мы ўсё ж управімся. А зараз канца і краю гэтай бяды не відаць. Хаця, безумоўна, усё вельмі паскорылася з вайной, і перамены могуць адбыцца раптоўна, у любую хвіліну.

Грамадства павінна выспець, яно толькі-толькі пачало выспяваць. А яшчэ я вельмі не люблю развагі кшталту «з’ехалі лепшыя, хто ж тут застанецца?». З’ехалі самыя энергічныя і практычныя. А лепшыя — «была тогда с моим народом, где мой народ, к несчастью, был». Зараз ад тых, хто застаўся, я адчуваю такую моцную падтрымку!

А падзяліцеся, калі ласка, выпадкамі, калі гэтая падтрымка асабліва адчувалася.

— Яна паўсюль. Бывае, проста заходжу ў мінскую краму, а мне там незнаёмая жанчына: «Марына, як вашы справы, як Мікалай?»

Аднойчы ў чарговы раз прыехала ў Гомель, напісала заяву на спатканне, прыйшлося пачакаць. Гуляла па горадзе. Заўважыла краму з прыгожым італьянскім абуткам. Увогуле, калі ў мяне ёсць капейка-другая, я люблю нешта купляць для Мікалая, каб апранаў, калі вернецца. Мне прыемна пра гэта думаць. І вось вырашыла хоць прыкінуць, як бы гэтыя туфлі на ім глядзеліся. Гаспадыня крамы падышла да мяне, пачала паказваць, прапаноўваць абутак… А я кажу, даруйце, але нічога не набуду, проста мушу перачакаць і заадно вырашыла паглядзець на прыгожыя рэчы. Яна мне: «Нічога, я вам усё роўна пакажу». А там, як высветлілася, яшчэ прадаваліся шоўкавыя шалікі, торбачкі… І за шклом на вітрыне ляжала прыгожая біжутэрыя. Гаспадыня дастала адтуль два пярсцёнкі і прапанавала мне выбраць адзін для сябе ў падарунак. Сказала, што пазнала мяне і жадае, каб мне хоць неяк было святлей. Ну хто ж мог чакаць? І падобнае здараецца нярэдка.

Па дарозе ў Гомель. Фота Паўла Хадзінскага

Па дарозе ў Гомель. Фота Паўла Хадзінскага

Бываюць, вядома, і іншыя выпадкі. Аднойчы на Камароўцы купляла Мікалаю гародніну. Выбіраю памідоры, размаўляю па-беларуску, а прадавачка мне з ярасцю: «Я ненавижу эту вашу белорусскую мову!» Я паклала назад тыя яе памідоры і пайшла сабе далей. І два чалавекі, якія стаялі за мной у чарзе, таксама адышлі ад прылаўка.

Раскажыце, з чаго звычайна складаецца перадачка для Мікалая, што ён любіць?

— Набор звычайна даволі стандартны. Асабліва за спіс таго, што там дазволена, не выскачыш. Максімальна шмат перадаю садавіны і гародніны. На жаль, з зелянінай я вельмі абмежаваная ў асартыменце. Я вось ніяк не зразумею, чаму пятрушку і ўкроп перадаваць можна, а рукалу, базілік ці шпінат — нельга? Такое адчуванне, што гэты асартымент прапісалі яшчэ ў 50-х і з таго часу там мала што змянілася. Салату айсберг, напрыклад, можна, а пекінку — не. Таксама кладу памідоры, перцы, цыбулю, часнык, радыс, зрэдку гуркі… Апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі — гэта можна. Мяса перадаю вельмі мала, вось зараз вязу сем невялікіх кавалачкаў. Звычайна больш, але ён сварыцца, што мяса псуецца. Крыху рыбы таксама кладу. З салодкага для Мікалая — зефір і мармелад. Ну і хлеб перадаю. Ён жа вайсковец, хлеб вельмі любіць. А яшчэ булачку з макам. З павідлам ужо нельга.

У Гомелі дзіўная лагістыка з перадачкамі. Там часта ўвогуле адзін чалавек прымае паперы і фіксуе ў кампутары, каму і колькі перадалі, каб не перабралі ліміт дазволенага. Потым гэты ж чалавек прымае прадукты, узважвае, а яшчэ і правярае, каб не было «недазволенага»: на маіх вачах усё пашчупае, парэжа… Мне было так непрыемна і балюча, калі ўпершыню ўбачыла, як крэмзаюць шыкоўныя перцы! А перцы ж парэзаныя хутка сапсуюцца. Увогуле, зразумела, што яму штотыднёвая перадачка не вельмі патрэбная, ён бы і без яе працягнуў. Гэта хутчэй сімвалічнае прывітанне, знак таго, што са мной усё добра, што я побач.

Па дарозе ў Гомель сустракаем першую калону расійскіх ваенных машын. Потым мы яшчэ сустрэнем шмат такіх калон.

— Калі так званыя манеўры пачаліся, тут гэтыя калоны ўвесь час туды-сюды цягаліся — альбо на расійскіх нумарах, альбо ўвогуле без. Пераважны кірунак нават цяжка было вызначыць, таму што адну калону даганяеш — другая насустрач. Прычым машыны такія старыя і страшныя, баюся ўявіць, якога яны ўзросту.  

Як гэта ўсё здарылася? Што трэба было ўбіць у галовы гэтым людзям, каб яны пайшлі забіваць сваіх родных, сяброў? Пра распятых данецкіх хлопчыкаў? Як той  Гебельс казаў — бывае хлусня, вялікая хлусня і прапаганда. І гэта сапраўды жахлівая зброя.

Пасля вымушанага перапынку на ваенную рэфлексію Марына Адамовіч працягвае распавядаць пра атмасферу пры прыёме перадач.

— Сваякоў вязняў, якія прыходзяць перадаваць перадачкі, я ўжо збольшага ведаю ў твар, але бываюць і новыя людзі, не вельмі дасведчаныя. Ля акенца ўжо высвятляецца, што яны не падрыхтавалі спіс, не запакавалі ўсё як след, не парэзалі… Тады там на століку гэта ўсё і робяць, пакуль усе астатнія чакаюць. Аднойчы чалавек такім чынам заняў 45 хвілін. Таму людзі ўжо стараюцца пракантраляваць загадзя, ці ўсе ўсё праверылі, ці напісалі спісы, і калі высвятляецца, што ёсць праблема — усе кідаюцца дапамагаць, перапакоўваць. Такая свая «карпаратыўная тусоўка».

Мінулы раз была адна цётачка, сына якой пасадзілі «за палітыку». Яна яго ўжо беднага кляла-кляла: «Дайце мне яго! Сядзеў бы не высоўваўся! Каб я яго зараз убачыла, нагамі б забіла!»… «А мне добра, а што іх не задавальняе, пенсіі ж носяць у час і няма вайны»… Народ ужо пачаў у яе пытацца, ці ведае ў Еўропе хоць бы адну краіну, дзе пенсіі не носяць, ці здагадалася яна, што мы ўжо даўно тут у стане вайны.

На паўдарозе спыняемся для перапынку. Марына размінае спіну, робіць улюбёныя практыкаванні. Праз некалькі хвілін едзем далей.

Марына Адамовіч у дарозе. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч у дарозе. Фота Паўла Хадзінскага

— А ці цяжка фізічна даюцца такія паездкі?

— Проста нерэальна цяжка. Са снежня зразумела, што мне проста не хапае моцы, каб вяртацца назад. Бывае, спыняюся, заплюшчваю вочы і правальваюся ў сон. Можа, вам кавы? Я, праўда, з тэрмаса ненавіджу, але ў дарозе нармальна. А ўвогуле я здзіўляюся, што ехаць цяжка, таму што мы з Мікалаем вельмі любім вялікую дарогу. Калі можна ехаць альбо не ехаць, мы заўсёды выбіраем ехаць. Але ўдваіх, вядома, прасцей, адно аднаго падмяняем, ды і іншая гэта дарога, радасная…

Марына Адамовіч. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч. Фота Паўла Хадзінскага

На машыне атрымліваецца фізічна складаней і даражэй, чым на цягніку, але я не рызыкую. Там дзевяць з дзесяці чалавек дакладна без масак, кашляюць многія. А калі са мной нешта здарыцца, Мікалаю больш ніхто не здолее дапамагчы. Больш нікога проста не дапусцяць.

Як вы пазнаёміліся з Мікалаем?

— На пачатку 90-х цэнтрам нашай «тусоўкі» і адначасова галоўнай дэмакратычнай кропкай у Мінску быў «Саюз пісьменнікаў». Там панаваў дух свабоды. Мы збіраліся там па абсалютна розных нагодах. Наш сябар Мікола Міхноўскі ўвесь час паўтараў мне, які класны хлопец Мікалай Статкевіч, якія цудоўныя акцыі робіць, усё ў такім духу. Вось на народзінах Мікалая Міхноўскага мы і пазнаёміліся.

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Пакуль «Саюз пісьменнікаў» не адабралі, гэтае месца было нашым улюбёным. Гады былі галодныя, але так было весела! Часам на кампанію 5-7 чалавек у нас быў адзін пакецік гарбаты і паўпачкі печыва. А калі плаўлены сырок быў на ўсіх адзін — гэта ваў!

Яшчэ да таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, сталі вяртацца беларускія вайскоўцы. Былі моцныя надзеі на беларускае войска, на сапраўды незалежную дзяржаву, на выбраны шлях…

А асабістае — яно на тое і асабістае. У кожнага ж ёсць свае асаблівыя даты, гукі, мелодыі… У нас такіх асаблівых дат вельмі шмат, але мы пра іх нікому не раскажам. Няхай здагадваюцца, з чым мы адно аднаго віншуем.

Так, бавіўшы час за размовай, мы даехалі да гомельскага СІЗА №3. Каля будынка СІЗА стаялі, пазіраючы на нас праз дзіркі ў балаклавах, дзясяткі міліцыянтаў з сабакамі. Узаемнае дзяленне на «мы / яны» і абсалютнае неразуменне адно аднаго маўкліва павісала ў паветры і дэманстравалася толькі кароткімі, пранізлівымі, зноў жа, узаемнымі позіркамі.

Мясцовая жыхарка заняла Марыне Адамовіч месца ў чарзе на перадачу. Жанчыны абняліся і кінуліся ў ваенную рэфлексію, якая ў памежным горадзе панавала паўсюль. Сваёй чаргі мы з Марынай чакалі ўсяго толькі некалькі хвілін. Яна сказала, такога не было ніколі, і замест таго, каб узрадавацца, што не давядзецца доўга чакаць, вельмі ўстрывожылася. Марына Адамовіч лічыць, што сваякі вязняў проста баяцца ехаць у Гомель падчас вайны.

Марына Адамовіч у гомельскім СІЗА №3 чакае сваёй чаргі, каб перадаць прадукты

Марына Адамовіч у гомельскім СІЗА №3 чакае сваёй чаргі, каб перадаць прадукты

Марына Адамовіч перадае прадукты Мікалаю Статкевічу ў гомельскім СІЗА №3

Марына Адамовіч перадае прадукты Мікалаю Статкевічу ў гомельскім СІЗА №3

Калі мэта паездкі была выкананая, мы з Марынай абышлі СІЗА, від на які адкрываецца са шматлікіх вокнаў жылых дамоў у цэнтры горада. Падышлі да высокай агароджы, абнесенай калючым дротам па перыметры. Марына працягнула руку ўгару, да даху СІЗА, дзе знаходзяцца прагулачныя дворыкі, куды Мікалай, верагодна, выходзіць на штодзённы шпацыр. Муж і жонка былі так блізка адно да аднаго, але ніяк не маглі ўбачыцца.

Да прысуду Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч не бачыліся паўтара года, акрамя кароткага спаткання праз год, пасля этапу ў Гомель. Марына ўзгадвае, як яны сустрэліся ўпершыню за такі доўгі час.

— Калі Мікалая этапавалі ў Гомель, мы прыехалі яго тут шукаць. Ужо па дарозе мне напісала сястра Уладзіміра Цыгановіча, які таксама праходзіць па той жа «справе», што напярэдадні яго жонцы ў Гомелі дазволілі спатканне.

І вось еду ў Гомель і, хоць яшчэ не ведаю, ці там ён, ці прывезлі яго, вырашаю абавязкова трапіць у суд, папрасіць аб спатканні. Ну а раптам? Так што ў Гомелі адразу прыехала ў суд, напісала заяву — і яе падпісалі. Памятаю, як я тады рыдала. Села ў машыну, і тут пачалася гістэрыка. Рукі трэсліся, ехаць не магла. Я проста выла.

У 12 гадзін я патрапіла на спатканне і ўбачыла Мікалая першы раз за год. Пасля спаткання выйшла пагуляць, падыхаць, і ўвесь горад тады быў у прыгожых, пышнакронных, квітнеючых каштанах.

Марына Адамовіч у дарозе. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч у дарозе. Фота Паўла Хадзінскага

Пасля таго, як амаль усе справы былі зробленыя, мы паабедалі ў мясцовай кавярні, а потым пад’ехалі ў суд.Без асаблівых ілюзій, але з моцнай надзеяй Марына Адамовіч вырашыла паспрабаваць і гэтым разам напісаць заяву на спатканне, але хутка вярнулася ў машыну, і мы паехалі ў Мінск, дадому.

Марына Адамовіч падчас абеду ў гомельскай кавярні. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч падчас абеду ў гомельскай кавярні. Фота Паўла Хадзінскага

Па дарозе Марына ўзгадвае цікавую гісторыю пра тое, як Мікалай пазнаёміўся з іншымі «паплечнікамі па злачынстве».

— Калі з Сяргеем Ціханоўскім Мікалай яшчэ быў знаёмы, дык Ігара Лосіка ён першы раз убачыў падчас этапу ў Гомель. Пра тое, што высокі хударлявы юнак — гэта Ігар Лосік, Мікалай здагадаўся толькі таму, што іх траіх — Статкевіча, Лосіка і Ціханоўскага — сярод усіх, хто ішоў па этапе, вялі ў кайданках з рукамі, скутымі наперадзе. Так ён даведаўся, што іх з гэтым хлопцам нешта звязвае. А з іншымі «чальцамі злачыннай групоўкі» пазнаёміліся толькі на судзе.

— У 2020 годзе, калі Мікалай меў намер вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта, ён сапраўды верыў, што гэтым разам нешта магчыма змяніць?

— Яшчэ ў 2019 годзе Мікалай гаварыў і пісаў, што ў дзеючай улады засталося мала рэсурсаў і прыхільнікаў. Ён спадзяваўся і верыў, што народ не пацерпіць больш «элегантнай перамогі», верыў у магчымасць працяглых мірных пратэстаў. Разлічваў на тое, што людзі больш не будуць трываць, што адбудзецца народнае абурэнне. Як і адбылося. Іншая справа — што ўсіх, хто мог арганізаваць і кансалідаваць людзей, пасадзілі.

Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў падчас акцыі ў Мінску, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў падчас акцыі ў Мінску, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Ну і трэба разумець, што на хуткую перамогу разлічваць было цяжка. Грамадства, якое 26 гадоў нічога не заўважала, павінна прайсці свой шлях сталення. Беларускае грамадства сталее вельмі хутка, але ж не імгненна.


— Якім трэба быць чалавекам, каб, добра разумеючы ўсё, з чым давядзецца сутыкнуцца, аднойчы ўжо прайшоўшы праз турэмныя пакуты, зноў і зноў кідаць выклік гэтай уладзе?

— Такім, як Мікалай. Я добра разумею матывы яго ўчынкаў і ўсё, што ён робіць. Незалежная, вольная Беларусь для яго — найвышэйшая каштоўнасць. Уладзімір Някляеў у свой час вельмі дакладна сказаў, што ў Мікалая ёсць самая каханая жанчына — гэта яго Беларусь. Прагрэс цывілізацыі заўсёды стваралі пасіянарыі, людзі, якія ахвяравалі сабой, асабістым дабрабытам, як мінімум. Мікалай выбраў служыць Беларусі. Ён паказвае сваім прыкладам мадэль годных паводзін, і гэта так ці інакш прарасце. Мікалай заўжды кажа, што каштоўнасці вартыя роўна столькі, колькі за іх гатовыя заплаціць іх носьбіты. Зараз украінцы гатовыя ахвяраваць сабой дзеля Украіны, таму ва Украіны ёсць будучыня. На жаль, у нас даволі доўга культывавалася, што асобны чалавек нічога не можа.

Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Марына Адамовіч падчас акцыі ў Мінску, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Марына Адамовіч падчас акцыі ў Мінску, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

— Як вы ўспрынялі гэтую лічбу — 14 гадоў?

— У 2015-м, калі Мікалая і іншых палітвязняў вызвалілі з непагашанай судзімасцю, увесь свет радасна пляскаў у далоні, але я разумела, што гэтая бомба пад яго ўжо была закладзеная. 293-ы артыкул, па якім Мікалай быў асуджаны, лічыцца асабліва цяжкім. Пасля вызвалення на яго «павесілі» судзімасць яшчэ на восем гадоў, так што яна заканчваецца толькі ў 2023 годзе. Такім чынам Лукашэнка падстрахаваўся ад удзелу Мікалая ў наступных палітычных кампаніях. Паводле закону, калі чалавек, у якога ёсць непагашаная судзімасць пры «асабліва цяжкім злачынстве», зноў здзяйсняе «асабліва цяжкае злачынства», ён лічыцца «асабліва цяжкім рэцэдывістам». Таму памер пакарання вызначаны не менш за дзве траціны ад максімальнага тэрміну, і рэжым мусіць быць строгім, асаблівым альбо турэмным. Простым матэматычным шляхам можна было падлічыць, што яму пагражала ад 10 да 15 гадоў.

Мікалай Статкевіч, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Мікалай Статкевіч, 2015. Фота Паўла Хадзінскага

Адзінае, у чым я падманулася, што прапусціла — гэта тое, што асаблівы рэжым прадугледжвае камернае ўтрыманне. Гэта такая завуаляваная форма турмы пад выглядам калоніі. Па сутнасці, асаблівы рэжым — гэта ўзаконенае маруднае забойства. Звычайна людзі не выжываюць там на працягу такіх тэрмінаў. Калі я прачытала пра гэта, проста распаўзлася лужынай у тым гомельскім гатэльчыку. Мікалая чакае асаблівы рэжым утрымання ў Глыбокім, куды яго павінны перавесці на працягу дзесяці дзён пасля таго, як пройдзе апеляцыя.

Вядома, усе мы як мантру заўсёды паўтараем, што не будуць яны сядзець гэтыя тэрміны, бо інакш жа немагчыма.

Марына Адамовіч у дарозе. Фота Паўла Хадзінскага

Марына Адамовіч у дарозе. Фота Паўла Хадзінскага

Калонія вельмі падобная да арміі. Адзінае што — за калючы дрот не выйдзеш. Там прадугледжанае казарменнае ўтрыманне, там ёсць атрады, спартыўныя пляцоўкі… Асаблівы рэжым — зусім іншае. У Глыбокім вельмі спецыфічны кантынгент. Там утрымліваюцца сапраўдныя асабліва небяспечныя рэцэдывісты — забойцы, гвалтаўнікі, асобы, асуджаныя да пажыццёвага зняволення,  і тыя, каму смяротнае пакаранне замененае на пажыццёвае. Сярод такіх людзей будзе мой Мікалай. Псіхалагічна гэта моцна мяне ўразіла. Але я ведаю, наколькі моцны Мікалай чалавек, як і ведаю тое, што ў іх столькі часу дакладна няма.

Краявіды на шляху з Гомеля ў Мінск. Фота Паўла Хадзінскага

Краявіды на шляху з Гомеля ў Мінск. Фота Паўла Хадзінскага