«Хто каго любіць — той таго і чубіць». Імперскі менталітэт і непазбежнасць «спецаперацыі»

Для тых, хто прымае рашэнні ў Крамлі і ў Палацы Незалежнасці, няма больш важнай задачы, чым захаванне стабільнасці, пад якой разумеецца нязменнасць улады.

17172234_nedoimperia.jpg


Ісус Хрыстос сказаў: «Бо дзе будзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае» (Евангелле паводле Матфея 6:21). Ці не на гэта новазапаветнае выслоўе абапіраўся Карл Маркс, калі безапеляцыйна сцвярджаў, што «быццё вызначае свядомасць»? Не выключана.
Калі пагадзіцца з Марксам, а заадно і з Хрыстом, то антызаходні курс Крамля, што канчаткова сфарміраваўся ў 2007 годзе (мюнхенская прамова Пуціна) розумам не зразумець. Здавалася б, сваю будучыню постперабудоўчая эліта Расіі назаўжды звязала з Захадам. Паўтара трыльёна долараў, выведзеных з краіны і распіханых па швейцарскіх і іншых лонданскіх банках, плюс яхты, вілы і іншая дарагая нерухомасць для дзяцей, жонак і палюбоўніц — якія яшчэ патрэбныя доказы немагчымасці павароту элітнай хаткі задам на Захад, а да Радзімы перадам?
Аднак, як гаварыў Гегель: «Усё рэальнае разумнае, усё разумнае рэальнае». А рэчаіснасць, калі пагадзіцца з Bloomberg Billionaires Index, такая, што з пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» Расіі ва Украіне сукупны маёмасны стан найбольш багатых прадпрымальнікаў з РФ знізіўся на $45,484 мільярда. Больш за ўсіх збяднеў шчыры сябар Уладзіміра Пуціна, саўладальнік «Новатэка» і «Сибура» Генадзь Цімчанка, маёмасць якога патаннела амаль на $7 мільярда.
Мне запярэчаць: сяброўства сяброўствам, але справа дзяржаўных інтарэсаў — гэта іншае. На жаль, пра якія дзяржаўныя інтарэсы можа ісці гаворка, пры суадносінах ваенных бюджэтаў Расіі і краін NАТO дзесьці прыкладна 1 да 15 ($ 66 млрд vs. $ 1092 млрд.)!
Разумныя людзі раяць ніколі не прыпісваць злому намеру тое, што цалкам можна растлумачыць глупствам. На першы погляд, «спецаперацыя» — гэта той самы выпадак.
«Спачатку была вера, — тлумачыць расійскі палітолаг Уладзімір Пастухоў. — Не, не святая, але вельмі кранальная вера ў тое, што Захад слабы і бездапаможны, і наогул ён даўно ўжо занепадае і вось-вось канчаткова занепадзе. На гэтай веры быў пабудаваны светапогляд прыведзеных Пуціным у Крэмль элітаў. Цэнтральным пунктам веры быў тэзіс пра тое, што Захад — слабак, які адступіць, варта толькі яго як след “прагнуць” сапраўдным “мужыкам”».

Задача №1

Каб прасунуцца далей наперад, мне спатрэбіцца любімы тэзіс блогера Аляксея Кунгурава, на які ён увесь час спасылаецца: «Генезіс вялікіх сацыяльных сістэм носіць незваротны характар. Гэта значыць, што логіка развіцця сістэмы мае прыярытэт перад бягучай палітычнай логікай і нават перад логікай самазахавання кіруючага класа. Для Расіі тым раздарожжам, што вызначае выбар шляху паміж жыццём і смерцю, стала адмова ад развіцця ў імя захавання стабільнасці. Сацыяльная сістэма, якая адмаўляецца ад развіцця — гэта значыць, ад назапашвання сістэмнай складанасці, — непазбежна дэградуе і гіне».
Кунгураў — блогер. Ні кандыдацкімі, ні іншымі навуковымі ступенямі ён не абцяжараны. Але ў гэтым выпадку асабіста мне няма чаго яму запярэчыць. Для тых, хто прымае рашэнні ў Крамлі і ў Палацы Незалежнасці, няма больш важнай задачы, чым захаванне стабільнасці, пад якой разумеецца нязменнасць улады.
На бязмежных прасторах ад Балтыкі да Ціхага акіяна гэтая задача заўсёды вырашалася ў рэжыме «тут і цяпер», таму чарада паслядоўных пераможных рашэнняў нязменна вяла да стратэгічных паразаў. Як гэта адбывалася на практыцы, мае аднагодкі мелі магчымасць назіраць на мяжы 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя, а нашы дзяды-прадзеды — у 1917 годзе.
У імперскім мінулым і сучаснасці Расіі сумнявацца не даводзіцца. Але ўслед за расійскім эканамістам Уладзіславам Іназемцавым неабходна адрозніваць імперыю, якая сфарміравалася вакол Масквы ў XV—XVII стагоддзях праз захоп усходніх тэрыторый і іх наступную каланізацыю; і ўласна Расійскую імперыю, утвораную шляхам ваеннага заваявання зямель ад Фінляндыі і Польшчы праз Бесарабію, Паўночны Каўказ і Закаўказзе да Цэнтральнай Азіі.
Ад расійскага складніку імперыі ў Перабудову коштам дзвюх чачэнскіх войнаў Крамлю ўдалося захаваць толькі Паўночны Каўказ. Аднак перспектыва яго знаходжання ў складзе РФ аптымізму не выклікае: у Чачэна-Інгушскай АССР узору 1989 года жыло 23,5% рускіх, а сёння ў Чачні іх менш 2%, а ў Інгушэціі — менш 1%.

На пакрыўджаных возяць ваду

Прынцыповае адрозненне Расійскай імперыі ад імперый, якія ствараліся еўрапейскімі дзяржавамі прыблізна ў тыя ж часы, палягала ў тым, што расійскія калоніі не былі заморскімі. Адна справа — страціць англічанам Індыю, крыўдна, але перажыць можна, і зусім іншае, калі «паміж каланізатарамі і каланізаванымі народамі не было натуральных перашкодаў, якія падкрэслівалі адрозненні. Гэта спрыяла актыўнай асіміляцыі рускіх сярод каланізаваных імі народаў, у тым ліку, праз змешаныя шлюбы.
Вынікам стала фарміраванне ўстойлівага парадоксу рускай каланіяльнай свядомасці. Тэрыторыі ўсіх калоній рускі чалавек наогул не прывык аддзяляць ад тэрыторыі метраполій. Для яго ўсё гэта да нашага часу — “Руская зямля”. Многія шчыра не могуць зразумець, пра якую-такую Украіну ідзе гаворка. Для іх гэта не больш чым фігура маўлення. Але адначасова жыхары заваяваных штыкамі — і часам вельмі жорсткім чынам — зямель успрымаюцца імі не як заваяваныя народы, а як “далёкія вясковыя сваякі, якія маюць патрэбу ў апецы”» (Уладзімір Пастухоў).
Пра якую вайну тады гаворка?! Хто каго любіць — той таго і чубіць, і ў гэтым міжсабойчыку няма месца для чужых. Самі разбярэмся.
Можна па-рознаму ставіцца да сацыялагічных апытанняў ва ўмовах «спецаперацыі», але ў тым, што большасць расіян падтрымлівае дзеянні расійскіх Узброеных Сіл ва Украіне, сумнявацца не даводзіцца (74% у красавіку паводле звестак Лявада-Цэнтра).
Прапаганда ў чарговы раз прадэманстравала сваю эфектыўнасць, аднак не па прычыне крэатыўных здольнасцяў прапагандыстаў. Расійская прапаганда разлічаная на імперскі соцыум, які адчувае сябе пакрыўджаным. Ён быў усім (выратавальнікам чалавецтва), а стаў нічым.
А на пакрыўджаных ваду возяць. У пакрыўджаных свая логіка. Яе не зразумець людзям, якіх не раздзіраюць крыўды.