«Пацешна, што пра нежаданне супрацоўнічаць кажуць прадстаўнікі рэжыму, з якімі ніхто размаўляць не хоча»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман — аб выказваннях Мінабароны аб (не)супрацоўніцтве з НАТА.

nato.jpg.webp

2 студзеня ў эфіры тэлеканала «СТБ» намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай рабоце Анатоль Булаўка заявіў, што перспектыў супрацоўніцтва Беларусі з НАТА няма, паколькі альянс бачыць у Беларусі і Расіі праціўніка. Акрамя таго, Булаўка сказаў, што кіраўнікі краін НАТА недагавораздольныя, а на вучэннях Беларусь адпрацоўвае вайну з гэтымі дзяржавамі.

Пры гэтым зусім нядаўна намеснік начальніка дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Мінабароны Дзмітрый Рабіхін сцвярджаў адваротнае: Беларусь гатовая да дыялогу з НАТА нягледзячы на тое, што альянс прыпыніў супрацоўніцтва з нашай краінай у аднабаковым парадку.

Чаму рыторыка двух работнікаў аднаго ведамства так моцна адрозніваецца, «Салідарнасць» спытала ў палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.

— Булаўка абавязаны казаць такія рэчы, таму што гэта яго праца. Ён жа ідэолаг. Ён фактычна паўтарае тыя ідэалагічныя пастулаты, якія выкарыстоўвае Лукашэнка. Па стылістыцы і рыторыцы гэтыя выказванні вельмі нагадваюць выказванні ягоных расійскіх калег, на якіх ён арыентуецца, — тлумачыць Фрыдман. — Заявы Булаўкі і Рабіхіна здаюцца супярэчлівымі, але яны такія толькі на паверхні. Насамрэч яны злучаюць усё тое, што паўтарае з самага пачатку вайны Лукашэнка. З аднаго боку, у яго ідзе агрэсіўная антызаходняя рыторыка, прычым у выразах ён не саромеецца, а з другога, ён рэгулярна заклікае захад да дыялогу.

Вядома, ён часта кажа жорстка, каб у Расіі ніхто не сумняваўся, што ён на расійскім баку, але насамрэч Лукашэнка зацікаўлены ў дыялогу. І калі б які-небудзь еўрапейскі палітык якога заўгодна маштабу пажадаў бы сёння з Лукашэнкам сустрэцца або пагаварыць па тэлефоне, напэўна, ён бы на гэта пагадзіўся. Таму што ён зацікаўлены, каб пашырыць поле для манеўру.

Палітычны аглядальнік кажа, што такія выказванні прадстаўнікоў Мінабароны толькі забаўляюць, асабліва калі пра нежаданне супрацоўнічаць і размаўляць кажуць прадстаўнікі таго рэжыму, з якім у прынцыпе ніхто размаўляць не хоча.

— Іншая справа, калі б Булаўка вымавіў гэтыя словы, калі заходні бок звярнуўся да Лукашэнкі з прапановай правесці перамовы. Тады яны б горда выйшлі і сказалі: «Не, мы гэтага прынцыпова рабіць не будзем, таму што вы недагавораздольныя». Але нічога такога не адбываецца. Да іх ніхто не звяртаецца.

Больш за тое, калі ў лютым мінулага года кіраўнік Генштаба ЗША Марк Мілі патэлефанаваў начальніку Генштаба Беларусі, гэты званок адразу ж апублікавалі і падкрэслілі гэты факт. Ім было важна паказаць, што з імі гавораць. А цяпер з імі ніхто не гаворыць і не прызнае іх самастойнымі фігурамі, прынамсі, публічна. І таму яны могуць рабіць такія заявы.

Аляксандр Фрыдман падкрэслівае, што беларускае Міністэрства абароны вельмі падпарадкаванае, там няма ніякай самастойнасці.

— З аднаго боку, яны цалкам арыентуюцца на Лукашэнку, з другога — пазіраюць на Маскву. Паколькі ў Беларусі ўсё заточана на адну фігуру, то ўсе беларускія чыноўнікі арыентуюцца на тое, што кажа Лукашэнка, і развіваюць яго тэзісы. Тыя, хто ў сабе не ўпэўнены, проста паўтараюць яго словы, іншыя спрабуюць неяк творча іх развіваць.

Рабіхін і Булаўка вынялі са слоў Лукашэнкі тое, што падыходзіць пад іх профіль. Паколькі Лукашэнка рэгулярна кажа пра гатоўнасць да дыялогу, то Рабіхін, які ў Мінабароны адказвае за міжнароднае супрацоўніцтва, узяў гэты кампанент. А Булаўка як ідэолаг узяў нападкі. Гэта проста інтэрпрэтацыя з боку абодвух.

Асаблівасць беларускага чынавенства заключаецца ў панічнай боязі зрабіць нейкую памылку, сказаць нешта не тое, таму яны ўсе займаюцца тым, што альбо пераказваюць, альбо перафразуюць Лукашэнку. Таму я б не шукаў у іх словах нейкай самастойнасці.

Таксама аглядальнік дадае, што такімі размовамі наўмысна выводзяцца за дужкі тэмы, сапраўды важныя на сёння ў беларускім кантэксце.

— Гэта гісторыя з ракетай, якая ўпала ў Беларусі. У Лукашэнкі была магчымасць выказацца, але пакуль што ён гэтага не зрабіў. На гэтую тэму нічога не гавораць, проста замялі. Да таго ж былі больш сур'ёзныя для Беларусі выказванні з украінскага боку пра закрыццё для расійцаў меж у Беларусі.

Ёсць таксама выказванні Стралкова, калі ён заявіў, што Беларусь немінуча ўступіць у вайну. Але на гэтыя тэмы няма ніякай рэакцыі — аб тым, што сапраўды важна, не кажуць. Ім і няма чаго сказаць на гэтыя тэмы, бо адносна іх яшчэ не выказаўся Лукашэнка. Пакуль што яны перажоўваюць тое, што ён казаў цэлы год.