Лукашэнка абяцаў Украіне «жэстачайшы» адказ у выпадку любога «прылёту». Прыляцела — маўчыць
Нават падзенне ўкраінскай ракеты на тэрыторыю Беларусі не вывела мінскага мача з улюбёнага геапалітычнага шпагату.
Раніцай 29 снежня ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці ўпала ракета комплексу С-300. Афіцыйны Мінск, не чакаючы вынікаў расследавання, адразу заявіў, што яна — украінская. З таго часу рэжым Лукашэнкі і трымаецца гэтай версіі. І, хутчэй за ўсё, сваёй пазіцыі не зменіць. Украінская — значыць украінская.
Здавалася б, гэтыя заявы мусяць пацягнуць за сабой нейкія дзеянні. Прынамсі, менавіта імі лукашэнкаўцы пагражалі Кіеву ў выпадку хаця б якой эскалацыі. Маўляў, толькі паспрабуйце — мы вам так адкажам, што мала не падасца.
Ну, асабіста Лукашэнка і пагражаў тонам непахіснага мача. «Давядзіце прэзідэнту Украіны і іншым вар'ятам, што Крымскі мост ім падасца кветачкамі, калі яны дакрануцца сваімі бруднымі рукамі хоць да аднаго метра нашай тэрыторыі», — казаў ён на восеньскай нарадзе з сілавікамі. І ўвогуле ўвесь дыскурс у гэтым напрамку быў вытрыманы ў такіх інтанацыях. Толькі якое ваеннае памкненне хоць з Украіны, хоць з Польшчы альбо Літвы — у нас напагатове тут і войскі, і сумесная з расійцамі групоўка, і тэрабарона.
І вось прыляцела. Цэлая ракета, якую давялося збіваць пільным вайскоўцам з ПВА. Выглядае, што снарад сапраўды ўкраінскі, бо і Іванава далёка ад Расіі, і ўвесь дзень 29 снежня УСУ зацята адбівалі паветраныя атакі з боку РФ, і нейкі выпадковы стрэл аказаўся зусім не туды, куды меркавалася. Паляцела ў раён беларускай вёскі Гарбаха. Паказальна, што ўкраінскі бок такога эксцэсу і не адмаўляе. Кажа, ну так, усялякае магло здарыцца ў той гарачцы. Сваё расследаванне распачалі і ў Кіеве, то паглядзім, якія будуць вынікі.
Аднак ужо зараз паўстаюць пытанні. Дык а дзе абяцаны «жэстачайшы» адказ? Дзе «Крымскі мост 2.0», дзе кветачкі? Няма кветачак. Другі дзень запар Лукашэнка маўчыць на гэты конт нібыта вады ў рот набраўшы.За яго гавораць падначаленыя. Гавораць, яўна транслюючы пазіцыю свайго галоўнакамандуючага. І пазіцыя тая абсалютна традыцыйная — і нашым, і вашым.
«Мы разглядаем дзве версіі. Ненаўмысны пуск зенітнай кіраванай ракеты з прычыны нізкай навучанасці разліку або няспраўнасць ракеты. Альбо гэта наўмысная правакацыя Узброеных сіл Украіны», — заявіў начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў УС РБ палкоўнік Кірыл Казанцаў.
Дзве версіі, зноў жа, існуюць у беларускіх улад ад самага пачатку. Першая — ну, неяк незнарок усё гэта адбылося. Другая — правакацыя злосных УСУ.
Відавочна, што кожная з версій адрасавана рознай аўдыторыі. Пра ненаўмыснасць — гэта сігнал Кіеву. Маўляў, такое бывае, бо вайна ж. Усё разумеем, праглынём гэту гісторыю, забудземся пра яе за святочнымі навагоднімі клопатамі.
Другая — сігнал Маскве. Так, цалкам магчыма правакацыя. Украінскія «нацысты» толькі на яе і здатныя. Мы вось тут зараз якраз разбіраемся з гэтым, бо трэба ж усё запратакаліраваць. Як разбяромся, дык адразу вызначымся з контрмерамі. А вы там у Крамлі працягвайце рыхтаваць пагадненне аб добрай цане на газ.
Але, вядома, аніякіх захадаў у адказ не будзе. За выключэннем выкліку ў МЗС украінскага амбасадара, якому ўжо выказана моцная заклапочанасць. А ў астатнім — з Новым годам, добрага вам Раства.
Нават надзвычайнае здарэнне, якое магло прынесці чалавечыя ахвяры ў Іванаўскім раёне, не прымусіла Лукашэнку парушыць свой знакаміты геапалітычны шпагат. Бадай, у гэтай дысцыпліне ён дасягнуў набольшых поспехаў за амаль трыццаць гадоў кіравання.
Адно толькі што прастора для манеўру ўсё больш звужаецца. Аднойчы шпагат стане немагчымым праз рызыку літаральна парвацца на дзве часткі. І гэты момант набліжаецца.