Паротнікаў: «Размовы, што Масква цісне на Мінск увесці беларускія войскі ва Украіну, выгадныя самому Лукашэнку»

Эксперт па бяспецы ў інтэрв'ю «Филину» ацаніў, ці ўзрастае з цягам часу верагоднасць удзелу беларускага войска ў расійскім ўварванні.

Андрэй Паротнікаў. Фота: euroradio.fm

Андрэй Паротнікаў. Фота: euroradio.fm


У медыяпрасторы зноў загаварылі пра магчымае падключэнне Беларусі да расійскай «спецаперацыі». Дроў у топку трывожнасці падкінуў і сам Аляксандр Лукашэнка, які літаральна на днях падчас візіту на «Белшыну» сказаў, што трымае напагатове Узброеныя сілы і на захадзе, і на поўдні краіны — «10 падраздзяленняў выставіў уздоўж мяжы за спінай у памежнікаў, каб не ўлезлі ў Беларусь», — і прыгразіў Кіеву магчымым ударам.
— Я кажу: мы не збіраемся нікуды заходзіць, пакуль вы не перайшлі чырвоную лінію. Як толькі вы пяройдзеце нашу мяжу або будзеце нацэльваць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (у іх такая шальная думка была), мы імгненна адкажам, заявіў ён.
Ці варта ўспрымаць агрэсіўную рыторыку сур'ёзна і рыхтавацца да ўдзелу нашай краіны ў вайне?
— У дачыненні да магчымых пагроз з тэрыторыі Беларусі і характару гэтых пагроз больш рацыянальна глядзець не на меркаванні людзей, якія прадстаўляюць самі сябе, а на пазіцыю афіцыйных структур Украіны, — адзначае ў інтэрв'ю «Филину» кіраўнік праекта «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў. — З гэтай нагоды ёсць заява Генштаба, які не бачыць пагрозы маштабнага наземнага ўварвання з Беларусі. Таксама ёсць ацэнка Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны, што дзеянні, якія яны назіраюць з тэрыторыі Беларусі, з'яўляюцца: першае — мерамі дэманстратыўнага характару, якія носяць яўна палітычную, а не ваенную накіраванасць (маюцца на ўвазе мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі); другое — мерамі абарончага характару (умацаванне асобных напрамкаў ад мяжы з Украінай углыб тэрыторыі Беларусі).
Пры гэтым традыцыйна захоўваецца пагроза паветраных і ракетных удараў з беларускай тэрыторыі. Стварэння ўдарных груповак, на думку кампетэнтных ўкраінскіх органаў, не фіксуецца.
Што тычыцца заяваў Лукашэнкі пра «планы Польшчы», за спінай якой нібыта стаіць Амерыка з фінансаваннем і ўзбраеннямі, акружыць Беларусь, тут не прагучала нічога новага, кажа эксперт па бяспецы:
— Ён сапраўды баіцца Польшчы, і вялікае пытанне, хто ў яго асяроддзі гэты страх падтрымлівае. Бо відавочна, што гэта не проста антыпольская пазіцыя, таму што ён асабіста не любіць Польшчу, а пазіцыя, якая рэгулярна падмацоўваецца некаторымі звесткамі, якія падаюцца пад пэўным вуглом.
А калі казаць пра правядзенне фартыфікацыйных мерапрыемстваў на мяжы з Украінай, вельмі цікавы момант: чаму патрэба ў правядзенні такіх мерапрыемстваў паўстала на чацвёрты месяц вядзення вайны? Адзін з варыянтаў адказу — факт ператварэння батальёна Каліноўскага ў полк. Беларускія ўлады абсалютна рэальна асцерагаюцца спробы беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў зайсці на тэрыторыю Беларусі. Хоць, з майго пункту гледжання, для такіх страхаў перадумоў пакуль што няма.
У цэлым, паўтаруся, Лукашэнка не сказаў нічога новага, што не агучваў бы ў тых ці іншых фармулёўках за апошні год — усё тыя ж думкі пра агрэсіўны Кіеў, які правакуецца Захадам, у першую чаргу, Польшчай, Брытаніяй і ЗША. А ваяўнічая рыторыка, акрамя таго, што адлюстроўвае яго асабістую пазіцыю, мае і інструментальны характар — маўляў, са мной лепш размаўляць па-добраму, інакш я магу і дрэнна.
Наколькі рэальная да зыходу чацвёртага месяца вайны пагроза ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, ці ўзрастае гэтая небяспека з цягам часу або змяншаецца і што можа паслужыць каталізатарам? Андрэй Паротнікаў звяртае ўвагу на дзеянні УСУ:
— Калі б яны сапраўды баяліся маштабнага беларускага ўварвання, то на межах з Беларуссю, напэўна, была б разгорнутая сур'ёзная групоўка войск. Украінскі Генштаб па зразумелых прычынах не паведамляе пра колькасць сваіх груповак войск і іх дыслакацыю. Але, паводле ацэнкі беларускіх уладаў, на тэрыторыях уздоўж мяжы з Беларуссю знаходзіцца да 20 тысяч вайскоўцаў УСУ. На бягучы момант гэта менш за 3% колькасці ўкраінскай арміі — відавочна, у Кіеве лічаць, што гэтай колькасці дастаткова, каб стрымаць любую верагодную пагрозу, зыходзячы з абстаноўкі на бягучы момант.
Таксама варта ўлічваць: заявы пра тое, што Масква цісне на Мінск з мэтай ўвесці беларускія войскі ва Украіну, нічым не пацверджаныя. Тады ўзнікае пытанне ў гісторыі з нібыта крамлёўскім ціскам: каму гэта выгадна? І мы бачым, што адзіным бенефіцыярам тут з'яўляецца сам Аляксандр Лукашэнка.
Такім чынам Лукашэнка спрабуе рэанімаваць стары наратыў пра тое, што ён гатовы і здольны стрымліваць крамлёўскі экспансіянізм, і гэта нават атрымліваецца, адпаведна, Захаду трэба з ім на гэты конт уступаць у дыялог. Таму, з майго пункту гледжання, размовы пра ціск Масквы льюць ваду на млын афіцыйнага Мінска.
Калі ж гаварыць пра аб'ектыўныя палітычныя перадумовы, якім чынам Масква магла б прымусіць Мінск да ўдзелу ў вайне, то цяпер, на думку эксперта, такіх няма зусім.
28 лютага Уладзімір Пуцін прызначыў свайго памочніка, Уладзіміра Мядзінскага, кіраўніком расійскай дэлегацыі на перамовах з Украінай. Таму на любое гіпатэтычнае патрабаванне Масквы паўдзельнічаць у вайне заўсёды можа быць дадзены адказ: «А навошта нам гэта рабіць, калі вы самі імкнецеся да мірных перамоў, якія праводзіць досыць блізкі да Пуціна чалавек?»
Так што магчымы прамы ўдзел Беларусі ў вайне пакуль не знаходзіць наогул ніякага аб'ектыўнага пацверджання. Больш за тое, ацэнкі кампетэнтных украінскіх структур, якія маюць несувымерна вялікія магчымасці атрымання інфармацыі і яе аналізу, чым мы з вамі, сведчаць пра адваротнае, — рэзюмуе эксперт па бяспецы.