Лукашэнка сабраўся ваяваць за Заходнюю Украіну

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз агучыў магчымасць уводу беларускіх войскаў на ўкраінскую тэрыторыю. Ён не выключыў варыянту, калі Беларусь будзе ваяваць за Заходнюю Украіну. Пра гэта ён заявіў 10 чэрвеня на рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя метадаў і форм працы з насельніцтвам на мясцовым узроўні».

1600415360_1629.jpg


Лукашэнка зноў абрынуўся з папрокамі на адрас заходніх краін, якія нібыта мараць пра напад на Расію і таму плануюць атакаваць Беларусь. Ён не выключыў удзелу беларускіх вайскоўцаў у нападзе на Украіну. У якасці абгрунтавання ўдзелу ў акупацыі ён назваў неабходнасць ваяваць за Заходнюю Украіну, каб яе «не адцяпалі».
«Яны дагэтуль не сышлі ад мэты выраўнаваць фронт, каб ён праходзіў: Смаленск — Пскоў, Смаленск — Бранск — Курск і туды да Растова. Ім трэба выраўнаваць фронт. А мы, амаль тысячу кіламетраў, балкон гэты, яго трэба зрэзаць. Гэта іх мэта — яны перад гэтым не спыняцца, зойдуць яны з Украіны Заходняй ці яшчэ аднекуль. Яшчэ, можа, за Заходнюю Украіну давядзецца ваяваць, каб не адцяпалі. Таму што гэта для нас да смерці падобна, не толькі для ўкраінцаў. Страшныя працэсы адбываюцца вакол», — заявіў ён.
Раней Лукашэнка неаднаразова публічна разважаў пра магчымасць нападу беларускіх войскаў на заходнія рэгіёны Украіны. Паводле яго версіі, гэта можа быць зроблена для «абароны» Украіны ад раздзялення.
«Я вам скажу думку, якая мяне не пакідае апошнім часам. Мне здаецца, такая, шалёная думка, што калі так будзе далей весці сябе, да прыкладу, Польшча, іншыя краіны, то мы, Беларусь, Расія і Украіна, будзем разам ваяваць супраць вас. Таму што ў Польшчы ўжо асобныя дзеячы і палітыкі точаць шашкі і шаблі і бачаць Заходнюю Украіну ў складзе Польшчы, гэта значыць ужо ў галаве расчляненне Украіны. Нават цяперашняе кіраўніцтва Украіны сабе гэтага дазволіць не можа. Самі яны супрацьстаяць так званым цяперашнім саюзнікам, украінцы, не змогуць. Таму я не выключаю што нам, тром славянскім народам, у тым ліку ўкраінцам, давядзецца абараняць цэласнасць Украіны», — заявіў Лукашэнка ў пачатку траўня ў інтэрв'ю «Associated Press».
Аналагічны тэзіс ён агучыў і на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 23 траўня.
«Нас турбуе тое, што яны гатовыя, палякі і натаўцы, выйсці, дапамагчы такім чынам забраць, як да 39-га года, Заходнюю Украіну. Нас гэта насцярожвае не толькі з пункту гледжання сённяшняй бяспекі. Гэта іх стратэгія па Заходняй Беларусі. Таму мы вуха востра трымаем. Як я гаварыў, яшчэ ўкраінцам давядзецца нас прасіць, каб мы не дапусцілі вось адрыву гэтай заходняй часткі і іншых частак ад Украіны. Гэта мая такая пазіцыя, але вы гэта ведаеце. Вы сапраўды ведаеце, гэта я ведаю», — заявіў Лукашэнка падчас пратакольнай сустрэчы.
Паводле reform.by.