Пётр Кузняцоў: «Свет настроіўся на супрацьстаянне з пуцінскай Расіяй аж да канца пуцінізму»
Аналітык і медыяменеджар Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале тлумачыць, чаму ўсе міралюбныя сігналы афіцыйнага Мінска не дасягаюць сваёй мэты. І гэта не таму, што палітвязняў у Беларусі — больш за тысячу.
9 траўня сёлета чакалі не як свята, а як нейкай часовай адзнакі, на якой магчымыя альбо прамежкавыя вынікі вайны, якая вызначае палітычны расклад, альбо лёсавызначальныя рашэнні і заявы. Не здарылася, тым не менш, ні таго, ні іншага.
Маскоўскі пафас у гэты раз выглядаў досыць сціпленька, а прамову Пуціна назіральнікі ахарактарызавалі, ну, па-рознаму, але ў цэлым — негатыўна. Не было там ні пераможных рэляцый, ні гучных пагроз, ні вялікіх планаў. Шмат апраўданняў і тлумачэнняў, трэба сказаць, пераканаўчых толькі для вельмі ўжо некрытычна думаючых людзей.
Не будзем паўтараць за шматлікімі ваеннымі экспертамі разборы таго, як у Масквы нешта ідзе не так. Занадта відавочна ўжо цяпер наступнае. Так, становішча на фронце няпростае, могуць быць яшчэ розныя сюрпрызы, абавязкова будзе яшчэ шмат ахвяр, і патэнцыял расійскіх войскаў яшчэ далёка не вычарпаны. У той жа час ужо зразумела, што зламаць Украіну не ўдалося нават на пачатковым этапе, выкарыстоўваючы першы імпульс, а цяпер гэта зрабіць будзе шматкроць складаней з улікам дапамогі літаральна ўсяго свету. Унутраных рэсурсаў у Расіі дастаткова, але для эфектыўнага іх выкарыстання патрэбная здаровая мадэль дзяржкіравання. Гэтым, трэба сказаць, у свеце не пакутуе ні адна аўтакратычная або таталітарная сістэма, і нашы пост-савецкія тут далёка не выключэнні. Хутчэй, наадварот: эталонны прыклад.
Перад Расіяй маячаць не вельмі прыемныя перспектывы: альбо згортвацца, што будзе раўназначна пройгрышу з усімі вынікаючымі; альбо ваяваць на знясіленне з верагоднасцю скончыцца раней за Украіну, якая падтрымліваецца ўсімі (і варыянт 1); альбо, нават калі ўявіць неверагоднае, і Украіна знясіліцца раней РФ — думаць потым, як спрабаваць утрымаць заваяванае ва ўмовах поўнага эканамічнага калапсу. Зрэшты, трэці варыянт падаецца куды менш верагодным, чым першыя два. Добрыя перспектывы проста адсутнічаюць, і ўжо нават пагрозы ядзернай зброяй амаль перасталі гучаць — або да каго-небудзь нешта дайшло, ці каму-небудзь нешта кулуарна вельмі папулярна патлумачылі.
На гэтым фоне з Мінска ў апошнія тыдні пастаянна ішлі вельмі міралюбныя сігналы з падкрэсліваннем сваёй выключна канструктыўнай ролі. Матывацыя зразумелая: каму хочацца падзяляць такі сумны лёс? Аднак рэзалюцыя G-7, дзе быў чорным па белым прапісаны намер прыцягнуць да адказнасці не толькі агрэсара, але і яго саюзніка, падобна, ставіць на спробах гандлю крыж. Што і прывяло да вельмі агрэсіўнай прамовы на Мінскім парадзе, якая, зрэшты, наўрад ці кагосьці спалохае.
Праблема Мінска ў тым, што ўсяму — свой час. Захад дзесяцігоддзямі гатовы быў да дыялогу, сапраўды гэтак жа, як Украіна — сябраваць, не ў апошнюю чаргу дзеля нейтралітэту Беларусі. Чыста геаграфічна, калі зірнуць на карту, тут да Кіева 280 км, да Варшавы — 180, да Вільні — 40. Ідэальны плацдарм, каб «адсюль гразіць мы будзем шведу».
Але ёсць у прыродзе межы, якія можна перайсці толькі раз, сапраўды гэтак жа, як адзін раз можна з'есці пельмені. Спроба з'есці іх жа другі раз — гэта трохі ўжо не пра кулінарыю гісторыя. У сітуацыі, калі Захад не завагаўся перад пагрозай ядзернай вайны і адкрыта прыняў выклік, за гэты «кавалак зямлі» гандлявацца ніхто не стане, ужо проста стаўкі іншага парадку. Козыр біты, і больш для гульні не існуе. Адсюль і рэзалюцыя, і ўсе астатнія сумныя і рэаліі, і перспектывы.
Свет настроіўся на супрацьстаянне з пуцінскай Расіяй аж да канца пуцінізму. Вынік, раней ці пазней, так ці інакш, прадвызначаны. І вельмі цікава, якія пры ліквідацыі пуцінскага рэжыму знойдуцца аргументы ў ягонага хаўрусніка на карысць таго, каб яго «пакінулі ў спакоі».