Погляд на «спецаперацыю» з альпійскіх вяршыняў

«Умом Россию не понять». Чаму? Таму што «Расія — гэта антыцывілізацыя і антыкультура». Аўтар першага безапеляцыйнага сцвярджэння — рускі паэт Фёдар Цютчаў (1803–1873). Большую частку свайго свядомага жыцця ён пражыў у Еўропе. Так што не варта здзіўляцца таму факту, што рускаму-еўрапейцу зразумець Расію еўрапейскім розумам было не дадзена.

Ілюстрацыйнае фота. Традыцыйная акцыя ў падтрымку Украіны ў Лондане. Фота чытача «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота. Традыцыйная акцыя ў падтрымку Украіны ў Лондане. Фота чытача «НЧ»

Праблема, зафіксаваная паэтам у 1866 годзе, сваёй актуальнасці не страціла ў наш час. Усе сур'ёзныя мысляры «нашай Расіі» адзначалі і працягваюць адзначаць адсутнасць мовы для апісання расійскай рэальнасці. На гэта наракаў Пушкін у «Яўгене Анегіне». Свой сум ён выказаў і ў прозе: «...вучонасць, палітыка і філасофія яшчэ па-руску не выказваліся; метафізічнай мовы ў нас зусім не існуе».
Сучасным мыслярам, напрыклад, сацыёлагу Сімону Кардонскаму, для выказвання той жа думкі спатрэбілася словаў у некалькі разоў больш: «...Значным кампанентам праблемы з'яўляецца яшчэ і наносная, прыўнесеная культура. Цяпер — рамка англійская, якая транслюецца сістэмай адукацыі. На англійскай мове, якая ўспрымаецца прафесійнай супольнасцю эканамістаў, сацыёлагаў і навучаных імі кіраўнікоў як родная, нельга апісаць тое, што адбываецца тут. Гэта не дазваляе нам называць адносіны, у асяродку якіх мы жывем, сваёй мовай, не дазваляе нават выпрацаваць гэтую мову. Дакладней, мова выпрацоўваецца, але з выкарыстаннем мацюкоў».
Сімон Кардонскі вылучае ў рускай мове тры складнікі: афіцыйная мова бюракратыі (мова дакументаў); мова адмаўлення афіцыйнасці, на якой крычаць на пратэставых акцыях, і... мацюкі (адважуся выказаць здагадку, што гэта класіфікацыя сацыёлага справядлівая і для тэрыторыі Беларусі).
Звярніце ўвагу: з дапамогай усіх пералічаных складнікаў ні вучонасць, ні палітыка, ні філасофія тлумачыцца не ў стане. Амаль два стагоддзі прайшло — а мала што змянілася.
Гісторык Андрэй Фурсаў наступным чынам тлумачыць такі гістарычны парадокс: «Заходняя навука заточаная пад тлумачэнне пэўнага тыпу грамадства — такога, дзе ўлада і ўласнасць адасобленыя, дзе выразна дыферэнцыраваныя эканамічная, сацыяльная і палітычная сферы, а таму базавыя адзінкі іх арганізацыі — рынак, грамадзянская супольнасць і палітыка — лёгка канстытуююцца ў якасці базавых аб'ектаў аналізу трох сацыяльных дысцыплін».
На жаль, няпроста адшукаць мікраскоп, з дапамогай якога можна разгледзець зазор паміж уладай і ўласнасцю на бязмежных прасторах Саюзнай дзяржавы. Успомнім прызнанне аднаго з найбагацейшых людзей Расіі Алега Дзерыпаскі: «Калі дзяржава скажа, што мы павінны адмовіцца ад кампаніі (РусАл. — С. Н.), мы адмовімся».
Артыкул 41 Асноўнага закона гарантуе беларусам права на страйк. Але не варта спяшацца радавацца. Гэта жа, як і не варта верыць усяму, што напісана на плоце. У якасці доказу прывяду выказванне адзінага беларускага палітыка ад 18 лютага 2014 года: «Давайце дамовімся без усялякіх там наскокаў. Калі вы пасля сённяшняй гутаркі паспрабуеце недзе зладзіць страйк, не будзеце працаваць на сваім працоўным месцы, — вы больш туды не прыйдзеце. Я прыму рашэнне: той, хто дэманстратыўна закрыў свае квадратныя метры, акенца ці шапік, ён больш там не з'явіцца. Проста вам нідзе ў Мінску і ў краіне не дадуць арандаваць плошчы».
Пераканаўча? Яшчэ як! Аднак тым, для каго англійская мова з'яўляецца роднай, такой пераканаўчасці не зразумець.

74% vs. 1%

Аўтар другога безапеляцыйнага сцвярджэння пра тое, што «Расія — гэта антыцывілізацыя і антыкультура», — прафесійны палітолаг. Цікава, што ён разумеў пад цывілізацыяй і культурай, калі навешваў на Расію цэтлікі антыцывілізацыі і антыкультуры?
Пачнем з культуры. Любое яе навуковае вызначэнне, якіх каля тысячы, пазбаўленае маральных ацэнак. Прывяду самае агульнае, згодна з якім культура — гэта небіялагічны спосаб вырашэння агульнабіялагічных праблем.
Ці можна ўявіць жывую істоту, пазбаўленую культуры? Безумоўна. Па-за культурай знаходзяцца ўсе прадстаўнікі фаўны, за выключэннем віду Homo sapiens.
Паводле красавіцкага апытання Лявада-Цэнтра, 74% расіян падтрымлівае дзеянні ўзброеных сіл Расіі ва Украіне. Спадзяюся, што сярод чытачоў «НЧ» не набярэцца і 1% прыхільнікаў «спецаперацыі». Але ці азначае гэта, што праціўнікі «спецаперацыі» павінны расчалавечваць сваіх апанентаў?
Калі павінны, то чым такія людзі адрозніваюцца ад нацыстаў?
З вызначэннем Расіі ў якасці антыцывілізацыі — аналагічная гісторыя. На ўзроўні бабулек на лавачцы, якія супрацьпастаўляюць цывілізацыю дзікасці і варварству, як гэта рабілі мысляры ў XVIII стагоддзі, усё нібыта пераканаўча.
Аднак я разбіраю сцвярджэнне не бабулек, а прафесійнага палітолага. Хацелася б даведацца, што ён разумее пад цывілізацыяй? Ці знаёмае яму, напрыклад, такое вызначэнне: «Тэорыя лакальных цывілізацый грунтуецца на ідэі аб тым, што ў ходзе агульнагістарычнага развіцця на зямным шары фарміруецца абмежаваная колькасць асаблівых стратэгій чалавечага быцця, якія адрозніваюцца адна ад адной. Кожная з гэтых стратэгій дамінуе на пэўнай, вельмі значнай тэрыторыі і аказваецца фактарам, які вызначае ўвесь лад жыцця» (Ігар Якавенка, культуролаг).

Арыгінальная спроба паглыбіцца ў гісторыка-культурныя аспекты

Сярод бясконцай разнастайнасці відаў чалавечай дзейнасці варта вылучыць РАЗУМЕННЕ. З яго трэба пачынаць не толькі распрацоўку любога плана, але разуменне не павінна пакідаць чалавека ў працэсе рэалізацыі такога плана, і тым больш пры падвядзенні вынікаў.
Што ж прапануе сваім чытачам прафесійны палітолаг? Цытую: «Часта ў кантэксце вайны ва Украіне можна пачуць дыскусіі на тэму: гістарычныя ці палітычныя падставы, матывы для ўварвання або агрэсіі Расіі ва Украіне і г. д. На самай справе, няма ніякіх цывілізацыйных параметраў, якімі можна было б растлумачыць гэтую вайну і да якіх варта было б звяртацца ў пошуках адказаў. Спробы паглыбіцца ў гісторыка-культурныя аспекты ў аналізе палітыкі Масквы — гэта надаць ім нейкае сэнсавае значэнне і каштоўнасць, чаго на самай справе ніколі не было і няма».
Аднак…
Палітолаг, гэтак жа, як і паэт Фёдар Цютчаў калісьці, ужо не першы год жыве ў Еўропе. З альпійскіх вяршыняў сама думка пра тое, што палітыка Масквы можа быць падвергнутая рацыянальнаму аналізу, здаецца яму дзікай. Ён упэўнены, што забойцы і гвалтаўнікі «не матывуюць свае дзеянні».
Між іншым, гісторыя антычнай цывілізацыі — зрэшты, як і любой іншай, — не ў апошнюю чаргу ёсць гісторыяй забойстваў і гвалту.
Тут я вымушаны паставіць кропку і паабяцаць чытачам у наступным артыкуле падвергнуць рацыянальнаму аналізу, г. зн. паспрабаваць «зразумець розумам» дзеяння ініцыятараў «спецаперацыі».