Расія — спонсар тэрарызму. Цяпер гэта прызналі ў ЕС. Што з таго Беларусі?
Еўрапарламент прызнаў Расію спонсарам тэрарызму і дзяржавай, якая выкарыстоўвае тэрарыстычныя сродкі. Еўрадэпутаты адзначылі, што неабходна прыцягнуць да адказнасці тыя дзяржавы, якія падтрымліваюць і робяць магчымай узброеную агрэсію Расіі. Відавочна, больш увагі звернуць і на кіраўніцтва Беларусі.
Еўрапейскі парламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю аб прызнанні Расійскай Федэрацыі дзяржавай — спонсарам тэрарызму. Галасаванне прайшло ў сераду, 23 лістапада, у Страсбургу падчас пленарнага пасяджання Еўрапарламента. "За" гэты дакумент выказаліся 494 дэпутаты, "супраць" — 58, яшчэ 44 еўрапейскіх палітыкаў устрымаліся, адзначае korrespondent.net.
Асноўныя палажэнні рэзалюцыі аб прызнанні Расіі дзяржавай — спонсарам тэрарызму напярэдадні былі ўзгодненыя на ўзроўні кіраўнікоў палітычных груп Еўрапейскага парламента.
"Еўрапарламент... рашуча асуджае ваенныя злачынствы і акты тэрору супраць цывільнага насельніцтва, учыненыя Расійскай Федэрацыяй і яе паслугачамі з мэтай дасягнення разбуральных палітычных мэтаў ва Украіне і на тэрыторыі іншых краін, і прызнае Расію як дзяржаву, якая спансуе тэрарызм і як дзяржаву, якая выкарыстоўвае тэрарыстычныя сродкі", — гаворыцца ў дакуменце.
Еўрадэпутаты асудзілі акупацыю Расіяй Запарожскай АЭС як дзеянне, накіраванае на ажыццяўленне тэрору супраць насельніцтва Украіны, таму што гэта ператварае атамную станцыю ў ваенны аб'ект. Яны выказалі салідарнасць з народам Украіны і іншымі ахвярамі расійскай агрэсіі.
Дакумент заклікае Раду ЕС уключыць так званую "групу Вагнера" і іншыя мілітарызаваныя групоўкі, што фінансуюцца Расіяй, у пералік асоб, груп і ўстаноў, уцягнутых у тэрарыстычную дзейнасць і на якія распаўсюджваецца адпаведныя санкцыі ЕС.
Еўрадэпутаты адзначылі неабходнасць прыцягнення да адказнасці і тыя дзяржавы, недзяржаўных гульцоў і некаторых асобаў, якія падтрымліваюць і робяць магчымай узброеную агрэсію Расіі, а таксама ўзмацняюць яе вайсковы патэнцыял. Кіраўніцтва Беларусі застаецца амаль адзіным саюзнікам РФ у вайне.
У той жа час дэпутаты заклікалі Еўракамісію і краіны-сябры аб'яднаць намаганні па стварэнні шырокага міжнароднага "кампенсацыйнага механізму", які павінен ўключаць стварэнне міжнароднага рэестра нанесенай шкоды і механізмы ўзаемадзеяння з украінскімі ўладамі па гэтых справах.
Еўрапейскія дэпутаты заклікалі ЕС і краіны-сябры забараніць публічне выкарыстанне якой-небудзь сімволікі, звязанай з расійскай ваеннай агрэсіяй і якая тым ці іншым чынам апраўдвае або падтрымлівае такія злачынныя дзеянні.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо адрэагаваў на пастанову Еўрапарламента:
"Я вітаю рашэнне Еўрапарламента аб прызнанні Расіі дзяржавай — спонсарам тэрарызму і дзяржавай, якія выкарыстоўваюць сродкі тэрарызму. Расію неабходна ізаляваць на ўсіх узроўнях і прыцягнуць да адказнасці, каб пакласці канец яе шматгадовай палітыцы тэрарызму ва Украіне і свеце", — напісаў Зяленскі ў Telegram.
Расійскі бок адзначыў, што гэта рэзалюцыя ні да чаго нікога не абавязвае, таму што мае рэкамендацыйны характар.
Гісторык
Аляксандр Фрыдман пракаментаваў навіну так: “Гэтая рэзалюцыя мае карысць
для Крамля: цяпер Масква можа весці на роўных перамовы са сваімі даўнімі
(Хезбала, Хамас) і новымі (Талібан) партнёрамі-тэрарыстамі”.
Паводле korrespondent.net, www.ukrinform.ua