«Рашэнне аб уварванні будзе прымацца паміж Лукашэнкам і Пуціным, а не Шайгу з Хрэніным»

Палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч лічыць, што Расія цяпер спрабуе «панерваваць» Украіну, і Беларусь тут з’яўляецца своеасаблівай «пужалкай». А візіт сюды расійскага міністра абароны — псіхалагічным ціскам на Украіну.

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg


— Я пагаджуся з тым, што такія публічныя візіты павінны выклікаць вялікую занепакоенасць Украіны, адпаведна, адцягваць і ўвагу, і войскі на паўночную мяжу, — адзначыў у каментары «Філіну» Казакевіч. — Аднак у расійскага і беларускага ведамстваў ёсць і вялікая колькасць праблем, якія трэба абмяркоўваць. Тых жа тэхнічных: падрыхтоўка вайскоўцаў, продаж зброі, рамонт тэхнікі, яшчэ нейкая дапамога расійскім вайскоўцам і гэтак далей.

Усё тое, што было з пачатку ўварвання, але патрабуе новага рэгулявання і новых падыходаў, улічваючы зацяжны характар вайны.

Пры гэтым прыкмет таго, што бакі ўзгаднілі планы ўварвання на тэрыторыю Украіны, палітолаг не назірае.

— Не думаю, што закраналася пытанне ўварвання беларускіх войскаў або іх далучэння да ўварвання. Па-першае, пакуль мы наогул не бачым ніякіх прыкмет таго, што беларуская армія рыхтуецца да ўварвання. Зменшага, гэта пацвярджаюць звесткі, якія атрымліваюць украінскія спецслужбы, і незалежныя назіранні: ніякая групоўка войскаў на тэрыторыі Беларусі не фарміруецца.

Па-другое, мне здаецца, такое пытанне, як рашэнне аб уварванні, будзе ўсё ж такі прымацца на вышэйшым палітычным узроўні, гэта значыць падчас кансультацый паміж Лукашэнкам і Пуціным, а не Шайгу з Хрэніным. Гэта не той узровень.

Што тычыцца перадачы праз Шайгу нейкіх сакрэтных пасланняў або спецдаручэнняў, то я наогул не бачу ў гэтым сэнсу. У Пуціна з Лукашэнкам ёсць прамая тэлефонная лінія, а сустракаюцца яны цяпер наогул часцей, чым калі-небудзь.

— Вы кажаце, што не бачыце ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў. А як жа зверка даных у рамках мабілізацыі, якая ахапіла ўсе рэгіёны Беларусі?

— Так, працягваецца праверка мабілізацыйнай гатоўнасці. Трэба сказаць, што і падрыхтоўка рэзервістаў у нас актывізавалася на працягу апошняга года. Праходзяць усякія вучэнні, напрыклад, звязаныя з тэрабаронай, іншыя. Зразумела, што іх больш, чым раней, што не ўсе яны планавыя.

Але пакуль гэта выглядае менавіта як праверка на выпадак, калі раптам пачнецца ўварванне або ўзнікнуць нейкія іншыя пагрозы. Мінабароны павінна разумець, на каго можна разлічваць.

Пры гэтым думаю, што нават калі цяпер па выніках гэтай праверкі яны вырашаць, што за тыдзень змогуць мабілізаваць, умоўна кажучы, 100 тысяч чалавек, то потым акажацца, што і 40 тысяч не набраць: жывуць не па тых адрасах, з'ехалі, раптам выявілі новыя захворванні і гэтак далей.

Па гэтых мабілізацыйных мерапрыемствах нельга сказаць, што гэта падрыхтоўка да рэальнага ўварвання.

Не выключана, што ў іх могуць быць планы на будучыню: дапусцім, вясной кудысьці падлучыцца. Але пакуль яны сапраўды правяраюць баяздольнасць, дэманструюць суседнім краінам, што ў іх ёсць нейкі патэнцыял, ёсць гатоўнасць, ёсць прапрацоўка ўсякіх пагроз.

А яны з'яўляюцца, хай і ў фантазіях аднаго чалавека. І па ўсіх пратаколах сілавыя структуры павінны рэагаваць на такія рэчы і адпрацоўваць.