Ратаванне свету ў прамысловых маштабах

Дзеля міру на Зямлі Украіна павінна сама здацца Расіі, Еўрасаюз — капітуляваць, а NATO — скласці зброю. Пажадана, дарэчы, каб NATO склала сваю зброю адразу на расійскія склады. І яшчэ зусім крышачку — на беларускія. Пра хітры план беларускай улады па выратаванні свету разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_minsk_hvali_internat_fota_novy_czas__4__logo.jpg

У Мінску ўчора зноў ратавалі свет. Я што хачу сказаць? Гэта ўжо ў іх уваходзіць у прывычку. Ну, адзін раз ужо ратавалі. Дык цяпер яшчэ раз будзем ратаваць. І вось што характэрна, ніхто ж іх не просіць сябе ратаваць — а яны ўсё роўна ратуюць.

Але цяпер ужо выратаванне свету набыло, можна сказаць, прамысловыя маштабы. Не вырабы дробных рамеснікаў, як у дваццатым годзе, калі сёй-той выратаваў планету аўтаматам без ражка. А нармальны, салідны дзяржаўны падыход.

Міністр быццам бы замежных спраў ратаваў свет на канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Таму што свет рухаецца ж да «гарантаванага знішчэння» па «лесвіцы эскалацыі». Аднак жа беларускія ўлады, калі што, гатовы яго выратаваць. Разам з Расіяй. Таму што яны ж — разам з Расіяй — вядомыя міратворцы і выратавальнікі чалавецтва.

Глядзіце таксама

А сёй-той ратаваў ужо, вядома, у індывідуальным парадку. Бо гэты хтосьці ўсё ж такі мае салідны досвед. Яму памочнікі не патрэбны. Так ён спачатку зноў ратаваў Украіну. Каб яна ўжо здалася ў палон — і тым уратавалася. Потым трошкі выратаваў ад развалу Еўрасаюз. Праўда, зусім крышачку — сказаў, што ён асабіста вялікі энтузіяст еўрапейскага адзінства. А галоўнае, вядома, зноў ратаваў свет ад разбуральнай вайны.

У кагосьці ёсць план, як трэба ратаваць свет. Зноў жа — вялікі досвед. Яшчэ з дзве тысячы дваццатага года. Таму ў яго ёсць выразны план дзеянняў літаральна для ўсяго чалавецтва. Вось трэба проста, каб усе здаліся Расіі (і яе малодшаму саюзніку, які заўсёды побач). Спынілі ўжо гэты бессэнсоўны супраціў, які вядзе да нагнятання канфлікту. Украіна здалася Расіі, Еўрасаюз капітуляваў, NATO склала зброю. Пажадана, дарэчы, каб NATO склала сваю зброю адразу на расійскія склады. І яшчэ зусім крышачку — на беларускія.

Ізраіль, дарэчы, можа пакуль не здавацца Расіі. Ізраіль можа здацца для пачатку ХАМАС. А потым, калі хто яшчэ застанецца, то яны ўжо змогуць здацца Расіі.

Ну, таму што з перамогай ні ў ХАМАС, ні ў Расіі неяк трошкі не задалося. Кіеў за тры не ўзялі, да Ерусаліма не дайшлі. Таму няхай ужо ўсе самі здаюцца. Правільна? І тады адразу здарыцца мір. І шчасце. Ну, можа, не для ўсіх. І не адразу. І некаторыя сыдуць пакрыўджаныя. Але камусьці сапраўды здарыцца шчасце.

Глядзіце таксама

І што характэрна — сёй-той зноў ратуе свет, а свет гэтага зусім не цэніць. Украіна да яго прад'яўляе беспадстаўныя прэтэнзіі. Еўрасаюз крыўдзіць санкцыямі. Пра NATO наогул маўчу. NATO так пастаянна палохае вучэннямі. Ізраіль ... а Ізраіль, дарэчы, пакуль нічога дрэннага не сказаў і не зрабіў. Але Ізраіль ён яшчэ і не ратаваў ні разу.

А галоўнае, сёй-той жа выдатна разумее, што калі яны ўсе не капітулююць, то ў яго старэйшага саюзніка будуць вялікія непрыемнасці. А непрыемнасці ў старэйшага саюзніка малодшы наогул не факт што перажыве. Таму саюзнікам вельмі трэба, каб усе капітулявалі. Дзеля міру, бяспекі і выратавання ўсяго чалавецтва. І пажадана, каб найхутчэй. Таму што трымацца больш няма сіл. Ну калі ласка. Ну капітулюйце ўжо! Ну што вам? Ну хоць хто-небудзь ужо —капітулюйце!