«Reuters»: Італія, Венгрыя і Кіпр выступаюць за «мірныя перамовы і неадкладнае спыненне агню»

Італія і Венгрыя заклікалі Еўрасаюз патрабаваць спынення агню ва Украіне і мірных перамоў з Расіяй. Як піша «Reuters», такім чынам яны супрацьпаставілі сябе іншым краінам ЕС, якія маюць намер заняць жорсткую лінію ў дачыненні да Масквы напярэдадні саміту, які адбудзецца на наступным тыдні.

acedf79_2.jpeg


У праекце заключнай заявы да саміта 30-31 траўня, з якой азнаёмілася «Reuters» і якая датаваная 19 траўня, гаворыцца, што Еўрасаюз «непахісны ў сваім абавязанні дапамагчы Украіне ажыццявіць яе неад'емнае права на самаабарону супраць расійскай агрэсіі». У ёй не згадваюцца мірныя перамовы.
На сустрэчы пасланнікаў ЕС у пятніцу, паводле слоў прысутных асоб, пасол Італіі прапанаваў ўнесці змены ў тэкст, сказаўшы, што ў ім павінна ўтрымлівацца спасылка на мірныя перамовы і неадкладнае спыненне агню як адна з першых мэт ЕС.
Гэтая прапанова была падтрыманая Венгрыяй і Кіпрам — аднымі з дзяржаў, што найбольш крытычна настроеныя ў дачыннені да новага пакета санкцый ЕС супраць Расіі, які ўжо некалькі тыдняў блакуецца з-за ўнутраных рознагалоссяў.
Венгрыя выступае супраць планаванага нафтавага эмбарга, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасці расійскім грамадзянам.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, выступаючы ў аўторак на форуме ў Давосе, заняла жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі і не згадала пра мірныя перамовы.
«Украіна павінна выйграць гэтую вайну, а агрэсія Пуціна павінна стаць стратэгічным правалам», — сказала яна.
У апошнім праекце высноў саміта гаворыцца, што ЕС «па-ранейшаму прыхільны ўмацаванню здольнасці Украіны абараняць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт».
Паводле слоў дыпламатаў, краіны Балтыі і Польшча з'яўляюцца аднымі з самых моцных прыхільнікаў жорсткай лініі, а Латвія патрабуе яшчэ больш выразнай фармулёўкі павелічэння вайсковай падтрымкі.
Перагледжаны праект павінен быць прадстаўлены сёння пасля сустрэчы пасланнікаў ЕС, сказаў адзін з дыпламатаў.
На мінулым тыдні Італія прапанавала мірны план, які прадугледжвае ўдзел ААН, ЕС і АБСЕ ў якасці пасярэднікаў для першапачатковай арганізацыі спынення агню на месцах.
Паводле reform.by.