СМІ: Лукашэнкаўскі экс-міністр становіцца адным з найбуйнейшых бізнесменаў акупаванага Марыупаля

Вядома, што ў Расіі каля двух гадоў Уладзімір Навумаў працаваў у дзяржаўнай карпарацыі "Растэхналогіі". Але, падобна, змена геапалітычнай сітуацыі абудзіла ў экс-міністра цікавасць да ўласнага бізнэсу. 

Уладзімір Навумаў, Міхаіл Мясніковіч, Рашыд Нургаліеў, 2008. Фота Sputnik

Уладзімір Навумаў, Міхаіл Мясніковіч, Рашыд Нургаліеў, 2008. Фота Sputnik

Каманда BYInside спецыяльна для выдання PlanB высветліла, чым займаецца цяпер былы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі і экс-міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

Ад турэмнага спецназа...

Уладзімір Навумаў нарадзіўся ў Смаленску, але жыў і вучыўся ў Беларусі. Спачатку ў школе ў Стоўбцах, адкуль родам яго маці. Потым у беларускай сталіцы — у Мінскай вышэйшай школе МУС СССР.

Першай важнай прыступкай у яго кар'еры стаў пераход у 1991 годзе з патрульна-паставой службы на пасаду камандзіра толькі што сфарміраванага атрада спецпрызначэння "Беркут".

Задачай гэтага спецпадраздзялення было здушэнне бунтаў зняволеных. Пад кіраўніцтвам Навумава "Беркут" вызваляў закладнікаў у турмах Оршы і Мінска. У 1994 годзе па ініцыятыве камандзіра сфера дзейнасці "Беркута" была пашырана на барацьбу з тэрарызмам. І атрад змяніў назву на "Дыямент". Цікава, што і ў «Беркуце», і ў «Дыяменце» Навумаў перасякаўся, мабыць, з самым жорсткім здушыцелем выступаў 2020 года, цяперашнім намеснікам міністра ўнутраных спраў Мікалаем Карпянковым.

Масавыя чысткі міліцэйскага кіраўніцтва, учыненыя Лукашэнкам у першыя тыдні пасля перамогі на выбарах 1994 года, не закранулі Навумава. І ён даказаў сваю лаяльнасць новым начальнікам спачатку крывавай зачысткай краіны ад злачынных элементаў. А потым, у 1999-2000 гадах, ужо на пасадзе кіраўніка Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі, і ад палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Менавіта Уладзіміра Навумава называюць сярод датычных да знікненняў апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага.

У 2004 годзе па падазрэнні ў гэтых злачынствах Еўрасаюз уключыў яго, а таксама Віктара Шэймана (былога генпракурора), Юрыя Сівакова (былога міністра МУС) і камандзіра САХР МУС Дзмітрыя Паўлічэнку ў санкцыйны спіс. І не выкрэсліваў нават у перыяды пацяпленняў паміж Мінскам і Бруселем. Таксама Навумаў сярод непажаданых асоб у ЗША, Вялікабрытаніі і ў некаторых іншых краінах.

… да міністэрскага фатэля

У 2000-м Уладзімір Навумаў стаў міністрам унутраных справаў. І прабыў на гэтай пасадзе да сярэдзіны 2009 года.

На гэтай пасадзе ён запомніўся перадачай ва ўвядзенне Міністэрства аховы здароўя выцвярэзнікаў. Запрашэннем у якасці прэс-сакратара міністэрства актрысы Святланы Бароўскай. "Ветлівымі міліцыянерамі", абавязанымі насіць бэйдж са сваімі дадзенымі і "ветліва і ўважліва ставіцца да грамадзян". А яшчэ жорсткім прыхаваным (часам — не толькі) супрацьстаяннем з шэрым кардыналам лукашэнкаўскага круга — кіраўніком Савета бяспекі Віктарам Шэйманам. Справай у дачыненні да аднаго з яго прыдворных бізнесменаў, саўладальніка Гандлёвага дома "Ждановічы" Яўгена Шыгалава. І вымушанай эміграцыяй пад пагрозай затрымання іншага — кіраўніка «Белтэхэкспарту» Уладзіміра Пефціева.

Навумаву ўдалося, здавалася, атрымаць перамогу, калі ў 2008-м Шэйман быў адпраўлены ў адстаўку з-за выбуху на Дзень незалежнасці. Але доўга святкаваць яе міліцэйскаму міністру не ўдалося. На фоне ўзмацнення пазіцый Віктара Лукашэнкі і Уладзіміра Макея і росту незадаволенасці экстравагантнымі метадамі яго кіраўніцтва ў самім МУС у красавіку 2009 года Уладзімір Навумаў пайшоў у адстаўку. З фармулёўкай — "па стану здароўя".

Ад беларускага хакея да марыупальскага порта

Яшчэ паўгода Навумаў заставаўся ў Беларусі, дзе з 2001 года паралельна кіраваў і Федэрацыяй хакея Беларусі. У пачатку 2010-га ён пакінуў і гэтую пасаду. І з'ехаў у Маскву, дзе з тых часоў праводзіў большую частку свайго часу.

Вядома, што ў Расіі каля двух гадоў Уладзімір Навумаў працаваў у дзяржаўнай карпарацыі "Растэхналогіі". Затым у адной з камерцыйных фірмаў забяспечваў бяспеку дастаўкі тавараў у Паўднёвую Амерыку.

Але, падобна, змена геапалітычнай сітуацыі абудзіла ў экс-міністра цікавасць да ўласнага бізнэсу. Як высветліў BYInside, з лістапада 2023 года Уладзімір Навумаў з'яўляецца ўладальнікам 75% долі ў зарэгістраванай у Маскве кампаніі "Зорка Фуд".

Глядзіце таксама

Што гэта за бізнэс?

Кампанію адкрылі ў самым канцы 2021 года Юры Пашкевіч і Кірыл Фядотаў. Але зараз партнёрам Навумава з 25% доляй лічыцца Таццяна Пашкевіч.

У якасці асноўнага віду дзейнасці "Зорка Фуд" значыцца "гандаль аптовы мясам і мяснымі прадуктамі". Але бізнес-прыярытэтам сталі збожжа і кармы. Сталі прыкладна тады, калі асноўную сваю дзейнасць "Зорка Фуд" перанесла ў так званую «ДНР».

У пачатку 2023 года яна адкрыла філіял у Марыупалі. У карпаратыўным профілі ў VK у сакавіку 2023 года з'явілася аб'ява, паводле якой марыупальскі філіял «Зорка Фуд» пачынае прыём пшаніцы ў Марыупальскім гандлёвым порце.

Затым у чэрвені таго ж года на стужцы ТАСС была размешчана навіна пад назвай "Першая кампанія з Беларусі пачала экспарт збожжа праз порт Марыупаля".

У ёй са спасылкай на старшыню ўрада так званай «ДНР» Яўгена Сонцава, у прыватнасці, паведамлялася: «У марыупальскі порт зайшла першая — пакуль адзіная — кампанія з Беларусі, яна перавальвае на экспарт сваю сельгаспрадукцыю: збожжа, тэхнічныя культуры. Яны працуюць у нас ужо каля двух месяцаў, арандавалі складскія памяшканні. Заключаны прамыя кантракты з адміністрацыяй порта, зараз за мяжу адпраўлена пяць партый па некалькі тысяч тон».

Сямейны падрад

Назву трэйдара прадстаўнік «ДНР» не назваў. Але адзначыў, што фірма ўжо вывучае магчымасці пераарыентаваць на Марыупаль увесь аб'ём свайго экспарту, паколькі гэты транспартны калідор аказаўся для яе карацейшы за іншыя.

На афіцыйным сайце «ДНР» назва крыху пазней прагучала.

«Кампанія «Зорка Фуд» працуе на тэрыторыі ДНР з 2022 года. Ажыццяўляе дзейнасць па пастаўцы сельгаспрадукцыі прадуктаў харчавання з ДНР у Рэспубліку Беларусь і з Рэспублікі Беларусь у ДНР», — гаварылася ў адной з навін.

Першы год працы праз марыупальскі порт паказаў, што перспектывы для "Зорка Фуд" ёсць. Па выніках 2023 года яе выручка вырасла ў 260,1 раза і склала 202 млн. расійскіх рублёў. Таксама кампанія ў 5,9 разы скараціла страту, які годам раней (яшчэ без Навумава) складаў 44,1 млн расейскіх рублёў.

Гандлем збожжам вырашыў заняцца і сын Уладзіміра Навумава — Захар. Як высветліў BYInside, былы супрацоўнік беларускага МЗС, які з'ехаў разам з бацькам у Маскву, зарэгістраваў у маі бягучага года ў расійскай сталіцы фірму "Венера Агра". У «Венера Агра» і «Зорка Фуд» адзін і той жа кіраўнік— Анар Абасаў.

Падарунак ад Пушыліна

Як прасоўваецца збожжавы бізнэс у сям'і Навумавых у гэтым годзе, пакуль дадзеных няма.

Выклікаўся дапамагчы ў гэтым былому міністру МУС Беларусі кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін.

У красавіку 2024 года Пушылін выдаў распараджэнне, у якім пагадзіўся «прыняць прапанову адміністрацыі гарадской акругі Марыупаль і таварыства з абмежаванай адказнасцю «Зорка Фуд» аб прадастаўленні названай юрыдычнай асобе ў арэнду без правядзення таргоў зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў муніцыпальнай уласнасці плошчай 88952 квм.» у Марыупалі.

Для чаго Навумаву спатрэбілася зямля памерам з 12 футбольных палёў, таксама сказана ў распараджэнні.

Што ўяўляе сабой будучы праект і якія сродкі мае намер укласці Уладзімір Навумаў, дае прадстаўленне інфармацыя з яго прэзентацыі.

Яна прайшла 30 верасня 2024 года і была прымеркавана да "Дня ўз'яднання Данецкай і Луганскай народных рэспублік, Запарожскай і Херсонскай абласцей з Расіяй".

Амбіцыйны праект

Сваёй увагай праект, які называецца «Чатыры сезоны», ушанаваў старшыня ўрада самаабвешчанай «ДНР» Яўген Сонцаў. Быў на прэзентацыі і сам заснавальнік "Зорка Фуд" Уладзімір Навумаў.

«Зусім хутка на гэтай пустцы з'явіцца буйны харчова-лагістычны комплекс. Па сутнасці, гэта будзе вялізны аграрны рынак. Больш за паўтысячы месцаў аптовага і рознічнага гандлю. А яшчэ сучасныя сховішчы, фудкорты, выставачныя і экспазіцыйныя залы. Гэты цэнтр, безумоўна, адкрые шырокія магчымасці для бізнесу і пашырыць рынак збыту для нашых фермераў і прадпрымальнікаў. Ну а жыхары рэспублікі атрымаюць шырокі асартымент свежай і якаснай садавіны і агародніны па даступных цэнах», — расхваліў маштабнасць праекта Яўген Сонцаў.

Як было адзначана, агра-мол пабудуюць у тры этапы, і ён стане найбуйнейшым аптова-размеркавальным цэнтрам у рэгіёне. На ім створаць 100 працоўных месцаў, а яго плошча складзе 22 тыс. кв. метраў. Дарэчы, абыдзецца інвестару будаўніцтва ў 2 млрд. расійскіх рублёў.

Або ў 20 млн долараў. У сваю бытнасць міністрам Уладзімір Навумаў не саромеўся называць памер свайго штомесячнага аклада. Сума, якую ён хоча выдаткаваць на агра-мол у Марыупалі, у 100 разоў большая за тую, якую ён зарабіў за ўсе дзевяць гадоў на чале МУС Беларусі.