Святлана Ціханоўская: У Беларусь вярнуўся сталінскі тэрор
«Калі пачаліся рэпрэсіі, мы крычалі пра дапамогу, але нас амаль не чулі. Калі б мы тады спынілі Лукашэнку, Беларусь бы не стала плацдармам для Пуціна ў яго нападзе на Украіну. Калі б мы тады перамаглі, прадмесці Кіева не былі б зруйнаваныя, расійскія войскі не разрабавалі б Чарнобыльскую АЭС, а тысячы мірных людзей з Бучы, Барадзянкі і Гастомеля былі б жывыя», — сказала Святлана Ціханоўская.
9 чэрвеня ў другі дзень візіту ў Латвію Святлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Сейму. Яе выступ сустрэлі стаячымі апладысментамі. Асноўныя тэзісы выступу прыводзіць Св*бода.
Святлана Ціханоўская заклікала Латвію дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій беларусам і пашырыць праграмы для іх.
Пасля таго, як Святлана Ціханоўская падзякавала народу Латвіі за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і салідарнасць, якая была з самага пачатку пратэстаў у краіне, яна спынілася на рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі.
«У краіну вярнуўся сталінскі тэрор. Верныя савецкім ідэям і Крамлю ўлады закрываюць выдавецтвы, што друкуюць кнігі на беларускай мове. Арыштоўваюць прадпрымальнікаў, як Павел Белавус, якія працуюць у крамах, дзе можна набыць беларускую сымболіку. Людзей, якія выступаюць за эўрапейскую дэмакратычную будучыню асуджаюць на сталінскія тэрміны.
У савецкія часы ў Латвіі былі вязні сумлення, якія праходзілі праз лагеры не адзін і не два разы — такія, як Гунарс Астра, Інтс Цалітыс або Лідзія Дароніна-Ласманэ. На жаль, такія ж вязні сумлення ёсць у сучаснай Беларусі. Сярод іх — палітык Мікалай Статкевіч, якога пакаралі 14 гадамі турмы, а таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якому ў бліжэйшы час пагражае смяротны прысуд... Паводле новага закону, смяротнае пакаранне можа пагражаць і за бяскрыўдны пратэст, і нават за намер. Мэта закону — спыніць людзей страхам».
На думку Ціханоўскай, занадта павольная рэакцыя Еўрасаюза на злачынствы рэжыму Лукашэнкі паспрыяла далейшаму палітычнаму пераследу ў Беларусі і прывяла да трагічных наступстваў ва Украіне.
«Калі пачаліся рэпрэсіі, мы крычалі пра дапамогу, але нас амаль не чулі. Толькі праз 10 месяцаў, пасля захопу самалёта, Еўрасаюз увёў рэальныя санкцыі. Надта позна. Гэта дазволіла рэжыму перагрупавацца і пайсці ў контранаступ. Калі б мы тады спынілі Лукашэнку, Беларусь бы не стала плацдармам для Пуціна ў яго нападзе на Украіну. Калі б мы тады перамаглі, прадмесці Кіева не былі б зруйнаваныя, расійскія войскі не разрабавалі б Чарнобыльскую АЭС, а тысячы мірных людзей з Бучы, Барадзянкі і Гастомеля былі б жывыя».
Яна ў чарговы раз абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што ён толькі выконвае загады Пуціна, пры гэтым спрабуючы выдаць сябе за ахвяру і просіць зняць санкцыі.
Таксама Ціханоўская ўспомніла дзеянні тэлеграм-каналаў і людзей, якія запавольвалі рух чыгункі ў Беларусі, каб не дазволіць расійскім войскам бесперашкодна трапіць ва Украіну.
«Сёння мы знаходзімся на гістарычным раздарожжы. Існуе толькі два шляхі — або еўрапейская дэмакратычная Беларусь, або дэ-юрэ акупацыя Расіяй і шматгадовая ізаляцыя, рэгрэс і бяспраўе».
У сваім выступе яна заклікала Латвію знайсці магчымасць выдаваць беларусам візы і аднавіць выдачу дазволаў на жыхарства, а таксама павялічыць колькасць студэнцкіх стыпендый, стварыць праграмы для беларускіх даследчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, культурных актывістаў. Яна адзначыла, што беларускія незалежныя СМІ «супрацьстаяць савецкаму аўтарытарызму Лукашэнкі і прапагандзе Крамля».
Акрамя таго, Ціханоўская заклікала дапамагчы беларускім фірмам у рэлаксацыі бізнесу, даць ім доступ да фінансавання і дзяржаўных праграмаў падтрымкі. А беларускім студэнтам папрасіла арганізаваць стажыроўкі ў Сейме Латвіі, каб затым гэты досвед быў скарыстаны на карысць Беларусі.