Сыходзь, сыходзь мірна, пакуль можаш…
Ноч перамен. Чым бы яна ні скончылася, ужо
зразумела — па-ранейшаму не будзе
нічога. Цяжкасці з камунікацыяй з-за адсутнасці інтэрнэту і часцяком мабільнай
сувязі, адсутнасць лідараў і агульнай каардынацыі не перашкодзіла людзям
збірацца разам. Яны казалі, што будуць збірацца штовечар, пакуль ён не сыдзе.
«Заўсёды хлусілі і прыпісвалі, але, каб так нахабна”, “усё, больш ні капейкі ў школу не дам, ні на кветкі, ні на рамонты”, “гэта ж яны маіх дзяцей вучаць”, “нічога-нічога, ім сюды ж яшчэ на працу хадзіць”, — такія размовы можна было пачуць ля гімназіі №37, што на вуліцы Фёдарава ў Мінску. Людзі чакалі вынікаў. Дачакаліся аўтазаку. Машына бадзёра, ламаючы галінкі дрэў, заехала на школьны дворык, наблізілася да людзей. Тыя ўзяліся за рукі: “Хучэй-хутчэй, станавіцеся ў ланцуг, у сцэпку”. Аўтазак развярнуўся. Заехаў з другога боку, забраў чальцоў выбарчай камісіі. Яны так і не наважыліся назваць намалёваныя лічбы.
“А гэта ж настаўнікі, яны ж дзяцей вучаць! Як жа можна?!” — задаваліся рытарычным пытаннем жыхары Сухарава. “Хто пойдзе да Стэлы? — запытаўся мужчына гадоў 50-55, — праз 10 хвілін збіраемся тут і ідзем". Некалькі дзясяткаў чалавек рушылі ў цэнтр горада.
А між тым ля школы №6, што на вуліцы Рыгора Шырмы, людзі ўсё яшчэ
стаялі ў чаканні вынікаў галасавання. “Мае бацькі, ім ужо па 80 гадоў, збіраліся
за Лукашэнку галасаваць. Кажуць нам, што пры ім, што пры іншым, усёроўна ў г-не
жыць. Бо іншы прыйдзе, нам лепш не будзе, мы да лепшых часоў не дажывем”, — распавядае жанчына сярэдняга веку. — А я ім
сказала, ну тады прадам тут кватэры набуду дамок пад Вільняй і з’едзем адсюль, а вы заставайцеся ў сваім г-не, унукаў больш
не ўбачыце”.
На пачатку адзінаццатай гадзіны да школы пад’ехаў аўтобус, каб забраць
чальцоў камісіі. Лічбы яны так і не агучылі.
Падобныя карцінкі можна было назіраць на шматлікіх выбарчых участках Мінску. Не дачакаўшыся праўды, з розных канцоў горада людзі пачалі сцягвацца да праспекту Пераможцаў. А сілавікі — перакрываць усе шляхі. Так пачалася ноч перамен. Пад сігналы аўтамабілістаў, крыкі "сыходзь", апладысменты, пад бел-чырвона-белымі сцягамі і з белымі бранзалетамі. Моладзь і людзі сярэдняга веку. Бацькі і дзеці. Студэнты і рабацягі. Яны ішлі ў цэнтр, ведаючы, што іх там будуць чакаць. Ішлі, бо казалі, што больш трываць немагчыма.
Іх сустрэлі калоны
аўтазакаў і спецтэхнікі, вадамёты і светла-шумавыя гранаты, шчыты, шлемы, гумавыя дручкі і шмат усяго, што было куплена на нашы грошы, з нашых падаткаў. Гэтак
жа, як і з нашых падаткаў бяруцца заробкі чальцоў камісій, выканкамаўскіх работнікаў, а яшчэ сілавікоў, суддзяў… — усіх тых, хто павінен нас абараняць, перад намі справаздачыцца, абараняць
законнасць… Але ж абараняюць толькі спакой і сон адной асобы.
Мінск не спаў. Беларусь не спала. Бо яна нарэшце прачнулася. І гэта не купка, як любіць казаць Лукашэнка, “адмарозкаў-апазіцыянераў”, гэты тыя, хто яшчэ ўчора быў “па-за палітыкай”. Тыя, хто нават галасаваў “за стабільнасць” на мінулых выбарах і верыў, што ўсе галасы лічаць як след. Гэта тыя, хто нарэшце ўсвядоміў: нам тут жыць. Нам тут гадаваць дзяцей. Гэта наша краіна. Наша, а не яго. Ён купіў большасць чальцоў камісій за тры капейкі, купіў ЦВК за немалыя грошы (нашы грошы, нагадваю), ён купіў суддзяў, сілавікоў, дарэчы, таксама за тры капейкі… Але краіну яму не купіць. Яна наша, нашых дзяцей і нашых унукаў. І нават яго ўнукаў.
Таму лепш сыходзь, сыходзь, як просяць людзі. Сыходзь, пакуль не позна. Сыходзь, пакуль можаш… Той Беларусі, якую ты сабе намаляваў, больш няма. Сыходзь мірна.
На досвітку наша краіна прачнецца дакладна іншай.