Што вядома пра беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расіі

У складзе расійскіх ПВК ва Украіне ёсць і беларусы. Украінскай выведцы вядома пра некалькіх загінулых. Дваіх выхадцаў з Беларусі падазраюць у злачынствах супраць мірнага насельніцтва. Матэрыял «Deutsche Welle».

1592572805_361.jpg


У канцы траўня Галоўнае ўпраўленне выведкі (ГУВ) Мінабароны Украіны паведаміла, што ў Беларусі хаваюць вайскоўцаў, якія падпісалі кантракты з прыватнымі расійскімі ваеннымі кампаніямі (ПВК) і ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны. Як сцвярджалася, пахаванне «кантрактнікаў» прайшло ў Мар'інай Горцы (Мінская вобласць) і Асіповічах (Магілёўская вобласць). Імёны загінулых не называліся.
Між тым Служба бяспекі Украіны (СБУ) заявіла, што двое ўраджэнцаў Беларусі з расійскай ПВК Вагнера падазраюцца ў злачынствах супраць мірнага насельніцтва ў Кіеўскай вобласці. Што вядома пра беларусаў, якія ваююць на баку РФ?

Пяцёра ўраджэнцаў Беларусі загінулі, ваюючы на баку Расіі

1 чэрвеня «РС» апублікавала паведамленне пра пецярых загінулых выхадцаў Беларусі, якія ваявалі ва Украіне на баку Расіі. Трое — Павел Яўглеўскі (51 год), Пётр Лузанаў (33 гады) і Ілля Курналёў (21 год) — жылі ў Данецку. Вядома таксама, што Яўглеўскі камандаваў батальёнам так званай «народнай міліцыі "ДНР"», а Лузанаў служыў у в/ч 08805 у Данецку. Яшчэ адзін загінулы этнічны беларус, Уладзіслаў Чарноў (25 гадоў), жыў у Тамбоўскай вобласці і служыў ва УС РФ па кантракце.
Як паведамлялі СМІ, 12 траўня над горадам Папасная (Луганская вобласць, Украіна) быў збіты самалёт палкоўніка авіяцыі РБ у адстаўцы Мікалая Маркава. 63-гадовы адстаўнік служыў па кантракце ў адной з расійскіх ПВК. Маркава пахавалі 17 траўня ў горадзе Ліда (Гродзенская вобласць).
Афіцыйнага пацвярджэння або абвяржэння гэтай інфармацыі ад беларускіх уладаў да гэтага часу не было, нічога пра гэта не пішуць і дзяржаўныя СМІ. У сваю чаргу, аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў «ByPol» сцвярджае, што мае звесткі пра ўдзел у баявых дзеяннях на баку Расіі 55-гадовага беларускага генерал-маёра Аляксандра Карэва. Ва Узброеных сілах Беларусі ён займаў пасаду намесніка камандуючага ВПС і СПА, у канцы 2021 года быў звольнены ў запас па выслузе гадоў. Нейкіх довадаў удзелу Карэва ў вайне ва Украіне «ByPol» не прыводзіць.

Дваіх беларусаў з ПВК Вагнера абвінавачваюць у ваенных злачынствах

Пра беларусаў, якія ваююць ва Украіне ў складзе расійскай ПВК, нядаўна паведамляла СБУ ў сувязі з расследаваннем злачынстваў супраць мірнага насельніцтва ў Кіеўскай вобласці. СБУ сцвярджае, што ўстанавіла асобы васьмі падазраваных, пяцёра з іх — вайскоўцы з РФ, трое — байцы ПВК Вагнера. Сярод іх — выхадцы з БеларусіАляксандр Ступніцкі і Сяргей Сазанаў.
Ім інкрымінуецца 14 эпізодаў: забойства грамадзянскіх асоб, абстрэлы і знішчэнне жылых дамоў, катаванні і незаконнае ўтрыманне людзей у падвалах без ежы і вады, выкраданне маёмасці. У тым ліку гаворка ідзе пра забойства старасты вёскі Матыжын Вольгі Сухенка і яе сям'і.
Як вядома, улады РФ адмаўляюць як само існаванне ў краіне прыватных вайсковых кампаній, так і іх удзел у вайне ва Украіне. «На Украіне нічога падобнага не назіраецца, толькі велізарная колькасць наймітаў з заходніх краін. Думаю, што размовы пра наяўнасць "Вагнера" на Украіне абумоўленыя менавіта жаданнем адцягнуць увагу ад таго, што робяць нашы заходнія калегі», — растлумачыў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю італьянскай тэлекампаніі «Mediaset».
Між тым розныя следчыя не раз паказвалі, што расійскія ПВК апошнім часам актыўна вярбуюць наймітаў. «Для таго, каб павялічыць колькасць байцоў, патрабуюцца і "вагнераўцы", і паўднёвыя асеціны, і "кадыраўцы"», — адзначае аналітык расійскай «Conflict Intelligence Team» Кірыл Міхайлаў.

Што вядома пра беларусаў з ПВК Вагнера?

Пра сувязі беларусаў з ПВК Вагнера вядома даўно. Яшчэ ў 2018-2019 гадах СБУ паведамляла пра 11 «вагнераўцаў» з беларускім пашпартам, у тым ліку пра Аляксандра Ступніцкага і Сяргея Сазанава, якіх цяпер падазраюць у ваенных злачынствах у Кіеўскай вобласці.
«ПВК — гэта самая закрытая частка гісторыі, якая тычыцца ўдзелу беларусаў у вайне ў Данбасе і іншых канфліктах на баку Расіі. "Вагнераўцы", інфармацыя пра якіх з'яўлялася ў публічнай прасторы, у асноўным прафесійныя вайскоўцы або сілавікі, многія з іх дзесяцігоддзямі служылі ў праваахоўных органах. Той жа Сазанаў, які цяпер засвяціўся ў абвінавачаннях СБУ, 17 гадоў праслужыў у праваахоўнай сістэме», — адзначае ў размове з DW адзін з аўтар кнігі «Беларускі Данбас» (прызнана ў Беларусі экстрэмісцкай) журналіст Ігар Ільяш.
І адзначае, што ёсць мноства доказаў таго, што байцы ПВК Вагнера адкрыта прыязджалі ў Беларусь, наведвалі сваякоў, жылі ў краіне, і, насуперак усім заявам беларускіх спецслужбаў і праваахоўных органаў, у іх не было ніякіх праблем з законам.

Беларусы з ПВК Вагнера маглі б сядзець у турме

«Важна адзначыць, што двое байцоў ПВК Вагнера, Аляксандр Ступніцкі і Сяргей Сазанаў, якіх цяпер падазраюць у злачынствах, учыненых у Кіеўскай вобласці, жылі альбо часта прыязджалі ў Беларусь ужо пасля таго, як сталі наймітамі. Больш за тое, паводле маіх звестак, Ступніцкі мяняў пашпарт у РБ ужо нават пасля таго, як у 2018 годзе "засвяціўся" ў дакладзе СБУ. Калі б беларускія спецслужбы не заплюшчвалі на гэта вочы, гэтыя людзі маглі б зараз быць за кратамі ў Беларусі, а не здзяйсняць злачынствы ва Украіне», — упэўнены Ільяш.
Наколькі вядома, аніводнай крымінальнай справы за наёмніцтва ў дачыненні да беларусаў, звязаных з ПВК Вагнера, не заведзена. Ніякіх каментароў беларускіх уладаў пра дачыненне грамадзян РБ да ваенных злачынстваў ва Украіне таксама не было.
У той жа час крымінальныя справы адкрываюць супраць беларусаў, якія ваююць на баку УСУ. Яшчэ ў сакавіку 2022 года намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Міхаіл Бедункевіч расказаў, што 50 чалавек абвінавачваюць у «саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы».