Украінскі аналітык Глібавіцкі: Украінцы нясуць частку адказнасці за існаванне рэжыму Лукашэнкі

Заснавальнік украінскага аналітычнага цэнтра «pro.mova», эксперт па доўгатэрміновых стратэгіях Яўген Глібавіцкі ў інтэрв'ю «Press Club Belarus» выказаў шэраг важных тэзісаў, якія тычацца адносін паміж нашымі краінамі і народамі.

Украінскі аналітык Яўген Глібавіцкі. Фота: theukrainians.org

Украінскі аналітык Яўген Глібавіцкі. Фота: theukrainians.org


Украіна давала рэсурсы Лукашэнку


— Мне вельмі шкада, што цяпер паўтараецца сітуацыя Другой сусветнай вайны: калі Чэрчыль разглядаў частку французскага флоту як патэнцыйную небяспеку для Брытаніі, калі яна пад прымусам пачне дзейнічаць у інтарэсах Германіі. Тое ж стаўленне ёсць у многіх украінцаў з нагоды таго, што з тэрыторыі, кантралюемай рэжымам Лукашэнкі, ідуць абстрэлы.
Украіна гандлявала з рэжымам Лукашэнкі ў спадзеве, што гэта будзе ўтрымліваць яго ад поўнага пераходу на расійскі бок, захоўваць амбівалентнасць, у выніку за існаванне гэтага рэжыму частку адказнасці нясуць і ўкраінцы.
Падобным чынам — як Германія давала рэсурсы Расіі, і тая за гэтыя грошы змагла рыхтавацца да вайны, — Украіна давала рэсурсы Беларусі і Лукашэнку. І важна, каб мы ўсе ўсведамлялі свае памылкі, і ўкраінцы ў тым ліку.
Ці магчыма было іх пазбегнуць? Так, дзесьці можна было па-іншаму дзейнічаць, а нейкія памылкі, калі б сітуацыя паўтарылася, хутчэй за ўсё, паўтарыліся б таксама. Але важна крытычна пераглядаць сваю сітуацыю, сваю пазіцыю, і гэта частка даросласці — калі пераацэньваеш тое, у якім кантэксце ты дзейнічаў.

Ва Украіне сутыкнуліся архаіка з сучаснасцю


Мы трымаем за вас кулакі. Таму што нам вельмі важная незалежная Беларусь, свабодная Беларусь, Беларусь, якая не проста сусед, а надзейны блізкі партнёр. Гэта немагчыма з рэжымам Лукашэнкі, немагчыма з Беларуссю, якая залежыць ад Расіі.
Украінскія рашэнні не могуць быць скапіяваныя і ўжытыя ў Беларусі. Украіна можа быць натхненнем. Украіна можа быць тым «улоннем» для нейкіх праектаў, дзе можна вырошчваць наступную версію сябе для таго, каб потым перанесці яе ўнутр новай Беларусі. Украіна можа быць добрым параўнальным прыкладам, дзе можна назіраць, якія дзеянні прыводзілі да якіх наступстваў, што інфармацыйна і якім чынам было зроблена.
Мы бачым, што ва Украіне сутыкнуліся расійская архаіка з сучаснасцю, накіраванай у будучыню (з украінскага боку). Бачым, як у ваенны час украінцы неверагодна выкарыстоўваюць гумар, іронію, сатыру. А застрашванне і шок, на якія разлічвалі расійцы, не працуюць.
Гэта дае разуменне таго, у якіх плоскасцях могуць быць неабходныя рашэнні для беларускага грамадства. Якімі будуць рашэнні — вам самім гэта лепш ведаць.

Мы ўбачылі, што Расія можа быць пераможанай


Мы не маем ні гістарычнага досведу, ні жадання ціснуць масай ці размяшчэннем, ці яшчэ нейкімі перавагамі. Нам вельмі важныя адносіны двух народаў, якія абодва траўмаваныя савецкім і расійскім імперскім мінулым. І мы можам выходзіць на новыя блізкія адносіны, дзе шмат даверу і суперажывання адно да аднаго.
Вельмі важная навіна для ўсіх нас: мы ўбачылі, што Расія можа быць пераможанай, што незалежнасць можна абараняць і што простыя людзі могуць рабіць рэчы, якія немагчыма было ўявіць.
Паводле «Салідарнасці».