Без цябе. Як «справа «Белага Легіёну» змяніла жыццё сем’яў арыштаваных

Па «справе патрыётаў» за кратамі застаецца 16 чалавек. Дагэтуль не ўсе сваякі ахвотна ідуць на кантакт з журналістамі. Некаторыя цураюцца нечаканай публічнасці, іншыя проста баяцца нашкодзіць блізкаму чалавеку. Свабода сабрала гісторыі пяці сем’яў, якія чакаюць з турмы бацьку, мужа, сына, брата.

2bd45122_b5f1_4d46_bd85_ce5d59dc6a07.jpg

Ганна Дундукова і Міраслаў — жонка і сын Андрэя Дундукова






"Міраслаў цяпер ня ведае, дзе тата. Мы кажам яму, што тата паехаў у горы. І што мы дасылаем пасылкі тату, бо ён ня мае чаго там есці. Вось так і ходзім у СІЗА з перадачамі, а сын думае, што гэта пошта і мы дасылаем пасылкі. Першыя дні мы казалі Міраславу праўду, ён жа бачыў працэс затрымання. Але сын быў у вельмі жахлівым стане. Плакаў, пад ложак хаваўся. Расказваў нешта пра злых людзей, якія прыйшлі па тату. Прыйшлося амаль на месяц аддаць Міраслава маім бацькам. Каб ён ня бачыў, чым я тут займаюся. Каб забыў усё.
Цяпер Міраслаў ужо крыху апамятаўся. Толькі пытае, дзе тата, дзе хросны (Міраслава Дундукова хрысціў Міраслаў Лазоўскі, таксама затрыманы па справе "Белага Легіёну"). Вельмі радуецца, калі лісты прыходзяць. Гэта для сына сапраўднае свята. Вельмі чакае, потым глядзіць, што там напісана. Малюнкі разглядвае. Тата нам малюе малюнкі. Казкі піша для сына.
На кватэру іншую пераехалі. Раней на найманай жылі, а цяпер, каб зэканоміць, вырашылі пераехаць. Жывём у Святланы, нявесты Міраслава Лазоўскага. У нас увогуле ўсё змянілася ў жыцці. Галоўнае — ня стала побач таты і мужа. Мне цяпер самой трэба выхоўваць сына, клапаціцца пра мужа. Гэта і фінансава вельмі цяжка, і маральна. Сын маленькі, чатыры гады. У Менск мы пераехалі пяць месяцаў таму, вось-вось павінны былі вырашыць з садком. А цяпер зноў пераехалі, зноў усё нанова.

f6b5c31c_ed30_4de1_b53f_08f171674bc9.jpg


Бацькі падтрымліваюць. З першай гадзіны. Мне бяз гэтага было б нашмат цяжэй. У розных пытаннях. Я яшчэ нічога дрэннага ня чула ад бацькоў. Толькі спачуванне. Альбо нейкая дапамога. Нават фільмы гэтыя, паказаныя па БТ, ня вельмі паўплывалі.
Я ў адзін дзень дарослай стала. Мне побач з Андрэем заўсёды падавалася, што я такая маленькая дзяўчынка. Ён мужны, сталы. А я пры ім. А цяпер у адзін момант зразумела, што сям’я на мне. Што яму патрэбная мая дапамога. Ён пра мяне сем гадоў клапаціўся, а цяпер… Хаця ён і цяпер спрабуе. Праз лісты, праз сяброў падтрымлівае. Але я ж разумею, што яму цяпер падтрымка патрэбная больш.Самае складанае, што мы ня ведаем. Ня ведаем, што адбываецца, ня ведаем, колькі чакаць суду. Хлопцы там таксама ня маюць інфармацыі. Гэта вельмі цяжка".

Аляксей Кавальчук — брат Івана Кавальчука

2c29a7f8_2873_4cf7_8c6a_de8c13b6d99d.jpg


"Як я даведаўся, што брата затрымалі? Ад сяброў. Яны пачалі яго шукаць. Потым я ўжо сам шукаў. У РУУС, у ізалятары пачаў тэлефанаваць. І мне толькі ў КДБ не далі адказу. А на наступны дзень пазваніў дзяжурны адвакат, ці як гэта называецца. Дзяржава яго дае. Ну вось, адвакат мне сказаў, дзе брат.
Мы з Іванам ня разам жылі. Ён у студгарадку, а я тут, у Каменнай Горцы. Іван маладзейшы за мяне на 6 гадоў. Апошнім часам мы ня вельмі часта бачыліся. Іван пісаў дыпломную, працаваў. У яго зусім часу не было. Я таксама сваёй працай заняты. Але раз на тыдзень прыкладна сустракаліся. У Мінску па справах сустракаліся, піва папіць. Да бацькоў разам ездзілі, па гаспадарцы ў іх разам нешта рабілі, каля дому.

cf9985f0_d7df_417e_a024_bf7c208a701c.jpg

Пасля затрымання брата маё жыцьцё стала "да арышту" і "пасля". У бацькоў таксама… Увогуле першы час я ня мог ані працаваць, анічога. Справамі Івана займаўся пераважна. Ва ўніверсітэт трэба было паперы адвозіць. Па працы трэба было нешта зрабіць за яго... Туды пад’ехаць, там нешта вырашыць. З адвакатам кантактаваць трэба. Дзе мог, там дапамагаў. Даводзілася круціцца. Перадачы, сустрэцца з кожным… Першы час я ўвогуле на заспакаяльных сродках сядзеў. І бацькі таксама. Цяпер ужо прасцей стала.
Іван калі піша ліст бацькам, то яны мне тэлефануюць. Калі мне піша — я ім званю. Часьцей сталі размаўляць… Родныя іншых затрыманых звоняць, дапамогу прапаноўваюць. Мы так перазнаёміліся крыху. Я Івану пасля затрымання кожны дзень пісаў ліст, акрамя выходных. А потым адвакат мне сказаў, што за першыя два тыдні ён не атрымаў ніводнага. Пазней стаў нумараваць лісты, то пачалі даходзіць. Я і цяпер пішу ліст у дзень яму. Але даходзяць не ад усіх. Ведаю, што сябры, знаёмыя пішуць Івану. Але з 50 лістоў даходзіць толькі каля 5.
Я "Ўкантакце" суполку стварыў. "Падтрымка Івана Кавальчука". Пішу туды навіны ад яго, лісты публікую. Усякае такое. Ужо каля ста падпісчыкаў там. Сябры, знаёмыя, аднакурснікі. У яго добрыя сябры. Часам прыяжджаюць, грошы прывозяць, падтрымліваюць.
Што далей будзе, я ня ведаю. Думаю, некага асудзяць на большыя тэрміны, некага на меншыя. Некага адпусцяць. Цяжка сказаць".

Віка Мароз і Ярамір — жонка і сын Віктара Мароза

2bd45122_b5f1_4d46_bd85_ce5d59dc6a07.jpg

"Сыну нічога не кажу. Дакладней, кажу, што бацька ў камандзіроўцы. Але ён адчувае, пастаянна пытае, калі ўжо тата прыедзе. Калі ідзём на дзіцячую пляцоўку, то Ярамір іншых татаў хапае за рукі. Таму што тата з ім пастаянна гуляў на вуліцы. У футбол яны гулялі, іншае такое.
Вядома, што цяжка. Складана перажываць усё гэта. Мы вельмі моцна чакаем. Спадзяёмся, што тата вернецца.
Я не працавала, пакуль Віктар быў на свабодзе. А цяпер шукаю працу. Ярамір трохі хварэе. Як паправіцца, то пойдзе ў сад. Ужо дамовіліся наконт гэтага. А я пайду працаваць… Гэта звязана ня толькі з тым, што недахоп грошай і што мы жывём на найманай кватэры. Мне трэба неяк адцягнуць увагу. Хачу сысці ў працу, каб можна было спакойна чакаць мужа. Я ж пастаянна думаю пра гэта. Пра тое, дзе ён цяпер. Гэта вельмі цяжка.

896e6234_301a_4001_92ae_ab9bd4195b31.jpg

Нашы знаёмыя не маглі паверыць, што Віктар за кратамі. Дагэтуль ня могуць. "Віцю? Куды? Як гэта?". Два тыдні прайшло, усе пыталіся, ці ня выпусцілі. Людзі ж ня ведаюць нічога, як усё працуе. Дзіўна ўсё гэта неяк.Ад людзей падтрымкі неяк больш. І спачуванне ў вачах бачу. Асабліва калі сын іншых мужчын за руку возьме. Але суседзі ўсе разумеюць, гуляюць з ім. Дапамагаюць нам добрымі словамі".


Анатоль Яўдаха — бацька Алеся Яўдахі

630cf807_3a1c_42da_9e8b_f11e8a891d02.jpg


"Пра тое, што Алеся затрымалі, нам паведамілі яго сябры. Пазванілі амаль адразу пасля затрымання. Я напачатку ня ведаў, што мне думаць. Ён не такі чалавек, каб нейкую непрыемную сітуацыю стварыць. Алесь дысцыплінаваны. Кнігамі захоплены. Увесь яго свет — гэта беларускія кнігі… Мы дзейнічалі па законе. Паехалі ў РУУС, напісалі заяву. Аб знікненні. А потым у нас быў ператрус. Прыехалі а 12-й. Уначы.
Пішам сыну лісты. Пра што? Пра што бацька сыну можа пісаць. Пра ўсё добрае. Мая задача цяпер — максымальна яго падтрымаць. Як толькі можна. Пра сямейныя справы расказваю. Алесю там вельмі няпроста, мы разумеем. Часта пішам яму. Ён часта адказвае. Алесь не патрабавальны да зместу перадачаў, але пра канверты, паперу і асадкі пастаянна просіць. Гэта для яго самае галоўнае.

5c8a77c4_39c6_4c05_b3d3_d29ef177ab8d.jpg


У нас не было з Алесем праблем. Але мы сталі яшчэ больш блізкімі цяпер. Усё адчуваецца больш востра. Адчуваеш, што яго няма побач.
Ці змянілася жыццё пасьля 21 сакавіка? Не скажу, што радыкальна змянілася. Але цяпер мы шмат часу сыну аддаём. Трэба займацца яго справамі, сустракацца з сябрамі, рабіць нешта яшчэ.
Мая жонка, маці Алеся, перажывае. Вельмі перажывае. Ёй, як і ўсім нам, цяжка. Яна стараецца не расслабляцца. Сітуацыя непрадказальная. Ніхто ня ведае, чаму так стала, чым усё гэта завершыцца. Я ня ведаю. Я спадзяваўся, што затрыманне Алеся звязана з Днём Волі, што гэта часова ўсё. А цяпер, бачыце…
Час ідзе, а толькі горш. Інфармацыі няма. Вельмі хочацца, каб усё гэта скончылася. Усім людзям, якія трапілі ў гэтую сітуацыю, якія там за кратамі, якія чакаюць сваіх блізкіх на свабодзе, усім нам вельмі няпроста.

Святлана — нявеста Міраслава Лазоўскага


6590fb48_dce3_48b5_8132_1f962a6278a7.jpg

"Мы з Міраславам Лазоўскім знаёмыя вельмі даўно. Але блізкія адносіны ў нас гады чатыры таму склаліся.
Я ня ведала пра затрыманне Міраслава, калі да нас дадому прыехалі з вобшукам. Па тэлефоне з сяброўкай размаўляла, і тут грукат у дзверы. Я ня так даўно пераехала да Міраслава, таму не пайшла адчыняць.
Суседзяў ня ведаю. Хто там можа быць? Я не рэагавала. Але стук паўтараўся. Замок пачалі адчыняць. Мужчынскія галасы. Жаночыя. У мяне першая думка была — бандыты. Хацела ў міліцыю званіць, Міраславу. Раптам мужчына ў чорным з'явіўся, з ліхтарыкам. Уключыла святло, а ў яго на форме надпіс: "Міліцыя". Потым прывялі Міраслава. У кайданках. Мне дазволілі толькі вады яму падаць. Размаўляць не дазволілі.

6a7fe311_114a_49aa_acb9_8eb28c3de268.jpg


Цяпер ад Міраслава ўжо нармальна лісты даходзяць. Напачатку было горш. Другі ліст прыйшоў, а першы знік, потым затрымкі былі. Мае не даходзілі лісты да яго. Магчыма, іх прытрымлівалі. А цяпер рэгулярна даходзяць.
У мяне цяпер у жыцці самае галоўнае — праверыць паштовую скрыню. З працы адразу да яе, паглядзець, ці ёсць што. Калі ёсць, то бягу чытаць, пішу адказ потым. Вось учора так было акурат. А цяпер вось хачу паспець на Галоўпаштамт. Там ёсць скрыня, куды калі да 9 раніцы кінуць ліст, то яго сёння ж і даставяць. Магчыма, раніцай заўтра.
З некаторымі сябрамі Міраслава мы пачалі больш размаўляць. Прыемна здзіўленая была, калі ў першы ж дзень званілі. Прапаноўвалі дапамогу. Як толькі кароткая навіна выйшла пра яго затрыманне. Людзі звоняць. Каву-гарбату са мной п’юць, пытаюць, што мне трэба. Машынай падвозяць да КДБ. Сапраўдныя сябры ў бядзе праяўляюцца. А ёсць і іншае. Мяне непрыемна здзівіла, што некаторыя людзі, на якіх разлічвала, сябе ніяк не праявілі. Я думала, што хоць слова падтрымкі мне скажуць. А людзі не патэлефанавалі нават. Нехта вітацца перастаў. Кожны сам выбірае, зрэшты. Але ў Міраслава шмат сяброў, шмат людзей прапаноўвае мне дапамогу.
У мяне змяніліся прыярытэты. Тое, што некалі падавалася вельмі важным, цяпер не турбуе зусім. Сышло на вельмі далёкі план. Побытавыя праблемы падаюцца такімі смешнымі. Калі людзі пачынаюць скардзіцца, я сяджу і думаю — мне б вашы праблемы, турботы. А некаторыя знаёмыя, хто раней любіў пазваніць, паскардзіцца на сваё жыццё, цяпер маўчаць. Людзі разумеюць, што іх праблемы ў параўнанні з маімі проста смешныя. Чалавек да ўсяго прывыкае, але я дагэтуль не прывыкла, што Міраслава няма побач, што ён у СІЗА. Я вельмі цяжка гэта перажываю і праз два месяцы.
Мы з ім цяпер думаем пра шлюб. Магчыма, нават пакуль ён будзе ў СІЗА. Абмяркоўваем. Таму што невядома, як далей будзе развівацца сітуацыя. Які будзе суд, тэрмін. Гэтая бяда нас зблізіла яшчэ больш".
svaboda.org