Сціплы рыцар Алесь Яўдаха
Адным з першых быў затрыманы вядомы беларускі кнігараспаўсюднік Алесь
Яўдаха. Спецназ КДБ «Альфа» забраў яго адразу па заканчэнні літаратурнай прэміі
«Дэбют» 21 сакавіка. Што мы ведаем пра Алеся, і чым мог быць небяспечны «класічны
кніганош ХІХ ст.», як назваў Яўдаху ягоны сябар Сяргей Дубавец?
![padczas_splavu_na_czounah_pa_islaczy__2015.jpg padczas_splavu_na_czounah_pa_islaczy__2015.jpg](/img/v1/images/padczas_splavu_na_czounah_pa_islaczy__2015.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падчас сплаву на чоўнах па Іслачы, 2015 г.
Алесь нарадзіўся ў Мінску ў 1975 годзе, атрымаў тэхнічную адукацыю, у войску не служыў — здароўе не дазволіла. У беларускіх колах пачаў мільгаць у 1990-я, далучыўшыся да кампаніі, якая сфармавалася вакол рэдакцыі “Нашай Нівы”. З таго часу “беларускае слова” і ягоны распаўсюд стала для яго шляхам і жыццём.
Алесева інтэрнэт-крамаknihi.by — найстарэйшы сайт, які займаецца гандлем выключна беларускай літаратурай, у тым ліку выданнямі, якія не даходзяць або забароненыя для продажу ў афіцыйных гандлёвых сетках краіны. Ад пачатку 2000-х гадоў Яўдаха дасылае беларускія кнігі па ўсім свеце: у тым ліку замоўцам у ЗША, Аўстралію, Канаду і г.д. Не абыходзілася і без эксцэсаў, напрыклад, у 2013-м ён быў аштрафаваны на велізарную па тых часах суму за распаўсюд кнігі “Маладафронтаўцы”.
Класічны кніганош ХІХ стагоддзя
“Ягоная справа вельмі важная для Беларусі, — лічыць Алесеў сябар Усевалад Сцебурака, — бо займацца беларускай кнігай для грошаў — гэта ўтопія. Сёння, як і пяць, і дзесяць год таму, — гэта не справа, на якой можна зарабіць мільёны: ён жа не прадае дапаможнікі для абітурыентаў альбо Дэна Браўна. Гэта бізнэс, які не можа існаваць без персанальнай зацікаўленасці прадаўца. Настолькі ж бізнэс, наколькі і справа Ідэі — сіметрычна. Займацца такім бізнэсам, не цікавячыся ім, немагчыма”.
![Усевалад Сцебурака, Алесь Яўдаха і Зміцер Бартосік каля паўстанцкага крыжу, Астравецкі раён. Усевалад Сцебурака, Алесь Яўдаха і Зміцер Бартосік каля паўстанцкага крыжу, Астравецкі раён.](/img/v1/images/usevalad_sceburaka__ales_jaudaha_i_zmicer_bartosik_kalja_paustanckaha_kryzu__astravecki_r_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Усевалад Сцебурака, Алесь Яўдаха і Зміцер Бартосік каля паўстанцкага крыжу, Астравецкі раён.
Яўдаха сумяшчае ў сабе рэчы, якія рэдка каму ўдаецца сумясціць: ён кніжнік, але не ў сэнсе збірання рэдкіх кніг па букіністах для ўласнай бібліятэкі. Не літаратуразнаўца, не калекцыянуе знаёмствы з паэтамі і пісьменнікамі, але выдатна ведае іх як аўтараў кніг, якімі ён займаўся. За гэта літаратары яго паважаюць, але ён не імкнецца стаць з імі ў адзін шэраг. Ён займаецца кнігамі як прадуктам: “беларускае слова” — ягоная зброя.
“Гэта ягоны чын, ён класічны кніганош ХІХ стагоддзя, — мяркуе Сяргей Дубавец. — Яму ёсць на кавалак хлеба — і ўсё. Алесь не гоніцца за раскошай, наадварот ахвяруе. У мяне была “Руская кніга”, ён агітаваў мяне рабіць другое выданне: усім займаўся цалкам, выдаў. Ясна, што ён нічога не наварыў на гэтым, мо яшчэ і страціў. У краіне няма кніжнага рынку, таму любы такі агмень пад наглядам, пад каўпаком. Уяўляю, як яму было цяжка... Але ён хлопец моцны, цягнуў, як мог”.
Падарожжы, “Дынама” і бокс
Алесь не любіць кавярні і рэстараны, хутчэй можа запрасіць сяброў дадому альбо на прыроду. Клікаць яго ў бар ці клуб на выходныя бессэнсоўным. Модныя тэндэнцыі ён альбо не прымае, альбо прымае мінімальна, таму ў сяброўскім коле нават атрымаў мянушку: “рэтраград”. Гаджэты, стылёвую вопратку і сацыяльныя сеткі Алесь з іроніяй крытыкуе.
“Ён з нас сцябаўся, — узгадвае блізкі сябар Павел Славінскі. — Нармальным адпачынкам для яго ёсць паехаць у лес на тыдзень. Калі мы, скажам, ездзілі ў лес на выходныя, ён смяяўся, маўляў, гэта не сур’ёзна: каб нармальна адчуць прыроду, трэба ехаць на тыдзень, каб дні праз два пачала нармальна працаваць галава, можна было абстрагавацца ад лішніх думак і г.д.”
Іншы бок Алесевых інтарэсаў — футбол. Гуляў з сябрамі, прыкладна раз
на тыдзень, заўзеў за мінскае “Дынама”, бываў на выездах клубу: па Беларусі, ва
Украіне, Грузіі.
![Алесь Яўдаха глядзіць трансляцыю футбольнага матчу ў бары Алесь Яўдаха глядзіць трансляцыю футбольнага матчу ў бары](/img/v1/images/ales_jaudaha_hljadzic_transljacyju_futbolnaha_matczu_u_bary.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Яўдаха глядзіць трансляцыю футбольнага матчу ў бары
“Гэта наша суполка: ганяем на выезды, камунікуем, так завязалася сяброўства, — тлумачыць Віталь Шабуня, які ведае Алеся ўжо 12 гадоў. — Напрыклад, ездзілі ў Тбілісі, калі там праходзіў турнір: тбіліскае “Дынама”, “Карпаты—Львоў”, днепрапятроўскі “Днепр” і мінскае “Дынама”. Так “ганялі” штогод, камунікавалі. Людзі ў курсе падзеяў, вельмі перажываюць, пытаюцца пра варыянты дапамогі. Футбольная тэма ж перацякае і ў чалавечыя адносіны — мы ўсе сябры”.
![Алесь Яўдаха — заўзятар мінскага ''Дынама'' Алесь Яўдаха — заўзятар мінскага ''Дынама''](/img/v1/images/ales_jaudaha___zauzjatar_minskaha___dynama__.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Яўдаха — заўзятар мінскага ''Дынама''
Разам з Віталём Алесь у свой час займаўся боксам — для тонусу і падтрымкі формы. Маўляў, мужчына — гэта заўжды абаронца, таму мае быць моцным і ўпэўненым у сабе. Пры гэтым Яўдаха застаецца ціхім і неканфліктным чалавекам. “Ні разу не бачыў, каб з кімсьці сварыўся”, — дадае Віталь.
“Кшталцавацца” — што гэта?
Паводле сяброў, Алесь вельмі паслядоўны чалавек і аднолькавы як для сяброў, так і для сваякоў — двудушнасці ў ім ніколі не было. Менавіта гэтым ён імпануе: адчуваецца ўпэўненасць, сіла, але без напругі. Гэтым і заваёўвае давер: сваім трошкі іранічным, але вельмі “пацанскім” стаўленнем.
“Алесь — чалавек вельмі псіхічна ўстойлівы, стабільны, надзейны, трошкі флегматычны, — распавядае Усевалад Сцебурака. — Ніколі не бачыў у яго дэпрэсіяў, наадварот, заўсёды падбадзёрваў. Ён ніколі не будзе наракаць ці выгаворваць сумныя гісторыі з уласнага жыцця. Класічны мужчынскі падыход: сваё трымае глыбока і не дзеліцца з першым сустрэчным, але “не жуе соплі” і заўсёды лёгкі на пад’ём”.
![Алесь Яўдаха на курсах ''Мовананова'' ў Маладэчне (фота Настассі Роўды) Алесь Яўдаха на курсах ''Мовананова'' ў Маладэчне (фота Настассі Роўды)](/img/v1/images/ales_jaudaha_na_kursah___movananova___u_maladeczne__fota_nastassi_roudy_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Яўдаха на курсах ''Мовананова'' ў Маладэчне (фота Настассі Роўды)
Адно з улюбёных Алесевых словаў — “кшталцавацца” — самаўдасканальвацца.
Менавіта праца над сабой ёсць ягоным шляхам: у бізнэсе, у спорце, у чалавечых
адносінах і г.д. Пра яго можна сказаць: прыземлены ў добрым сэнсе, не мройнік,
спакойны і надзейны.
“Гэта чалавек звышсціплы, — дадае Міхась Міцкевіч. — Былі спрэчкі і за чаркай, і ў паходзе ля вогнішча, але не магу ўзгадаць сітуацыі, каб ён павысіў голас. У падарожжах я заўжды намагаўся трапіць з ім у адзін намёт, каб пасля адбою яшчэ паўгадзінкі з Алесем “патрындзець”. Ён чалавек начытаны, у мяне нават было ўражанне, што думкі, якія мне прыходзілі ў галаву, Алесь ужо даўно абдумаў і зрабіў высновы. Ён для мяне прыклад, апора. Калі я вагаўся ў нечым, у Алеся быў такі аўтарытэт, што ягоная думка была апошняй кропкай у маёй спрэчцы з самім сабой”.
![z_sjabram__mihasjom_mickeviczam_u_hrodne.jpg z_sjabram__mihasjom_mickeviczam_u_hrodne.jpg](/img/v1/images/z_sjabram__mihasjom_mickeviczam_u_hrodne.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З сябрам Міхасём Міцкевічам у Гродне
Заўжды верны Ідэі
Начытанасць Алеся ў сяброўскім коле легендарная: яго цікавіць усё, па кожным пытанні ён мае сваё меркаванне, якое часта розніцца ад агульнапрынятага. Таму з ім цікава гутарыць на любую тэму. Пры гэтым — адкрыты да дыялогу: можа выслухаць любое меркаванне, нават калі яно не супадае з ягоным.
“Для мяне Алесь ёсць прыкладам у плане ведання мовы і гісторыі, — працягвае Павел Славінскі. — Напрыклад, у гісторыі, дзякуючы яму, шмат якія моманты сталі для мяне зразумелымі. Гэта быў ягоны ўнёсак у развіццё майго кругагляду. Ён размаўляе ўвесь час на мове, але пры гэтым для яго не праблема пераключыцца на рускую. Так і з кнігамі: апроч беларускіх аўтараў ён з задавальненнем чытае таго ж Пялевіна, то бок ніякага шавінізму ў яго няма”.
![Падчас вандроўкі па Нёмане Падчас вандроўкі па Нёмане](/img/v1/images/padczas_vandrouki_pa_njomane__2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падчас вандроўкі па Нёмане
Прынцыповай пазіцыяй Алеся ёсць не з’язджаць з краіны, што б ні сталася. І тут варта ўзгадаць ягоную дзяжурную фразу, старадаўні рыцарскі дэвіз: “Рабі, што мусіш, а будзе, як будзе”. Міхась Міцкевіч памятае, як пасля падзеяў Плошчы–2010, калі вакол панавала скруха і расчараванне, шмат хто з агульных з Алесем сяброў падумваў пра тое, каб з’ехаць за мяжу. Але аднойчы Яўдаха за кубкам кавы ў сябе на кухні прывёў цікавы прыклад:
“Калі Чачня змагалася за незалежнасць і загінуў Джахар Дудаеў, там таксама былі ўпадніцкія настроі, — перадае Алесевы словы Міцкевіч. — Тады нехта сказаў: “Хто змагаўся за Джахара, можа ўстаць і пайсці, а хто змагаўся за незалежнасць — працягваем”. На мяне гэта паўздзейнічала, праўда, а што змянілася? На дадзены момант гэта параза — наша асабістая ці грамадства, але не параза Ідэі. Гэта Алесева думка, з якой ён жыве і ніколі не вагаецца. Ён заўжды верны сваёй Ідэі”.
“Не веру!”
Такім чынам, паводле фармальных падставаў, Алесь Яўдаха — ідэальны фігурант “Справы патрыётаў”. Глядзіце: ён некалі меў праблемы праз кніжку “Маладафронтаўцы”, быў у тусоўцы фанатаў “Дынама”, трымаў сябе ў добрай фізічнай форме, меў штампы пра выезды ва Украіну. Канешне ж, ведаў Міраслава Лазоўскага. А як ні ведаць? Абодва ж займаліся кніжным гандлем. Па ўсім падыходзіць! Гучыць абсурдна, але логіка тых, хто арыштоўваў Алеся, бачыцца менавіта так. Але…
![Алесь Яўдаха — партрэт на фоне муроў Каложскай царквы, Гродна Алесь Яўдаха — партрэт на фоне муроў Каложскай царквы, Гродна](/img/v1/images/ales_jaudaha___partret_na_fone_murou_kalozskaj_carkvy__hrodna.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Яўдаха — партрэт на фоне муроў Каложскай царквы, Гродна
“Лічу, што на яго месцы мог быць кожны, — кажа Усевалад Сцебурака. — Лазоўскі па маладосці мог быць у “Белым Легіёне” і не хаваў гэтага, наадварот — ганарыўся. Данілаў сімпатызаваў вайсковай тэме. Але Алесь нават у войску не служыў ніколі! Я бачу толькі шызоідны момант, што ў Міраслава нумар Яўдахі мог быць на хуткім выкліку ў тэлефоне, бо яны абодва займаліся кніжкамі, кантактавалі. Глабальна, канешне, гонар апынуцца ў такой кампаніі, але гэта абсурд”.
Ніхто з Алесевых сяброў не верыць у выстаўленыя абвінавачванні — ані яму асабіста, ані рэшце абвінавачаных, для ўсіх гэта нонсэнс. “Шок”... “Чалавек трапіў цалкам выпадкова”. “Ніколі не чуў ад яго нічога рэвалюцыйнага”. “Ён там не павінен быць”. “Не веру!” — так гучаць рэакцыі людзей, якія ведалі Яўдаху па 5-10 год, фактычна былі для яго сям’ёй.
“Зачыстка тэрыторыі ад беларусаў”
Паводле Сяргея Дубаўца, “Справа патрыётаў” — першая справа ў Беларусі, паводле якой пасадзілі людзей, якія ў выпадку пэўных агрэсіўных раскладаў былі б 100-адсоткавымі абаронцамі незалежнасці. Дык што ж за дзяржава садзіць сваіх абаронцаў?..
“Слова “акупацыя” ў нас асацыюецца з немцамі, а мы, нібыта, і не так страшна жывем, — працягвае Дубавец. — Але гэта акупацыйная адміністрацыя, якая душыць беларушчыну па ўсіх франтах, напханая прарасійскімі элементамі і нават грамадзянамі РФ у сілавых ведамствах. У нас шмат кажуць пра патрыятызм, незалежнасць, але зараз маскі скінутыя. Чаму заўтра цябе ці мяне не арыштаваць?.. Заканамерна, што іх пасадзілі і будуць далей садзіць. Гэта зачыстка тэрыторыі ад беларусаў”.
![ales_jaudaha.jpg ales_jaudaha.jpg](/img/v1/images/ales_jaudaha.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле Дубаўца, фігурантам “Справы патрыётаў” варта было б даваць не статус “палітвязняў”, на што дагэтуль не могуць адважыцца беларускія праваабаронцы, а статус “палонных”. Чаму менавіта палонных? Бо іх захапіла чужая ўлада, акупацыйная адміністрацыя, якая не прымае самастойных рашэнняў, і сядзець яны будуць не паводле закону, а паводле рашэння “зверху”. Урэшце, з такой логікай усё стае на свае месцы.