Што стаіць за «справай патрыётаў»?
«У мяне склалася ўражанне, што ўся гэтая справа — частка нейкай больш вялікай правакацыі, якая, дзякуй Богу, не здарылася», — кажа Мікалай Статкевіч.
На сённяшні момант праваабаронцам вядома пра 21 затрыманага фігуранта справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», распачатай па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. З іх 18-ці прад’яўлена абвінавачванне. Гэтую справу інакш яшчэ называюць і «справай патрыётаў».
«У мяне склалася ўражанне, што ўся гэтая справа — частка нейкай больш вялікай правакацыі, якая, дзякуй Богу, не здарылася», — распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень і адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, што частка 3 артыкула 293 КК «Масавыя беспарадкі» гучыць так: «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, якiя суправаджаюцца ўчыненнем дзеянняў, прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула, а таксама фiнансаванне цiiншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці».
Па гэтым артыкуле фігурантам справы пагражаеарышт на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.
«У 2010 годзе ў турме КДБ мне паказвалі фотаздымкі зброі, якую нібыта знайшлі ў офісе ў маім стале, — напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. — Некалькі гранат, два пісталеты… Я папрасіў следчага прынесці адзін пісталет на допыт.Ён не прынёс… Я гэта да чаго? Да таго, што КДБ усё ж лепіць «справу баевікоў», чальцоў няіснага «Белага легіёну», у якіх таксама нібыта знайшлі нейкую зброю.І я баюся, што пасля размовы з Пуціным, у якой Лукашэнка завіў, што «жыць нам спакойна ніхто не дасць», справу далепяць. Што ні ў чым не вінаватых людзей пасадзяць, хоць доказы ў гэтай «справе» такія ж, як некалі ў майго следчага».
— Маё меркаванне, што па гэтай справе ва ўлады нічога няма, — дадае Мікалай Статкевіч. — Яе можа толькі фальсіфікаваць. Напрыклад, па БТ паказалі Сяргея Кунцэвіча, якому прад’яўлена абвінавачванне па справе, і паказалі машыну, з якой дасталі нейкія бутэлькі з вадкасцю. Але ёсць відэа, якое зняў не вядомы мне чалавек. На ім — тыя самыя «кактэйлі» дастаюць спачатку з міліцэйскага аўтобуса. Таму мы ўсе гэтыя факты перадалі дэлегацыі Еўрасаюза, Еўрапарламента, а таксама ўсім сацыял-дэмакратычным партыям Еўропы і ў сусветнае аб’яднанне — Сацыялістычны інтэрнацыянал. Міжнародная грамадскасць павінна ведаць, да якіх метадаў апускаюцца беларускія ўлады. Увогуле, у мяне склалася ўражанне, што ўся гэтая «справа патрыётаў» — частка нейкай больш вялікай правакацыі, якая, дзякуй Богу, не здарылася.
— Якія, на ваш погляд, перспектывы гэтай справы?
— Я думаю, што, калі людзі крышку забудуцца пра гэтыя фільмы і гэтыя істэрыі, калі ўлада таксама вырашыць супакоіцца, то і фігурантаў справы будуць паціху вызваляць.
— Як на Захадзе ставяцца да ўсяго гэтага?Ці ёсць з гэтай нагоды нейкая вызначаная пазіцыя альбо пакуль там вырашылі не псаваць адносіны з афіцыйным Мінскам?
— Заходнія чыноўнікі вельмі шкадуюць сваіх намаганняў па наладжванні дыялогу з Мінскам, а таму тыя, хто будаваў гэтыя масты, павінен зараз скрыгатаць скрозь зубы, хаця многія дэманструюць шчырае абурэнне. Калі ж 1 мая, у дзень, калі мы плануем чарговую акцыю, улады дазволяць сабе нешта накшталт таго, што было 25 сакавіка, то можа змяніцца ў момант і заходняя палітыка да Беларусі. Але ў такім выпадку хаця б нашым унукам і дзецям не давядзецца вяртаць заходнія крэдыты. Бо беларускія ўлады іх проста не атрымаюць.