Вызвалены Іван Кавальчук працуе над праектам рэстаўрацыі Мядзельскага замка
Дваццаціпяцігадовы Іван Кавальчук, вызвалены пасля абвінавачання па «справе патрыётаў», працягвае працу над дыпломным праектам рэканструкцыі Мядзельскага замка.
Малюнак замка, зроблены Іванам Кавальчуком у турме.
Чэрвеньскім днём я прыехала ў Мядзел да сям’і педагогаў Кавальчукоў. У той час яны вельмі хваляваліся за лёс сына, які знаходзіўся на Валадарцы. Віктар Уладзіміравіч выкладае ў школе працоўнае навучанне, чарчэнне і сусветную мастацкую культуру, а Людміла Станіславаўна — беларускую мову і літаратуру ў Слабадской школе.
Спадар Віктар родам з Лідчыны. Яго бацькі ў 1960-я гады перабраліся ў Мядзел і пабудавалі хату. У ёй Кавальчукі прымаюць родных і гасцей. Сядзіба аздоблена нацыянальнай сімволікай, гербамі гарадоў, малюнкамі бацькі і сына Кавальчукоў, выявай «Пагоні».
У хаце ў куце побач з іконамі вісіць у драўлянай рамачцы партрэт Рыгора Барадуліна з вершам. У іншай — 10 прыказанняў Божых і 7 цяжкіх грахоў. Другі пакой упрыгожваюць партрэты бацькоў Віктара Уладзіміравіча, выява Кастуся Каліноўскага, старадаўняя скрыпка. Гаспадар рэгулярна выпісвае «Народную волю» і часопіс «Дзеяслоў», сочыць за літаратурнымі навінамі, сам піша вершы.
Надпiс «Людвісарня», прымацаваны над сховішчам гаспадарчых прыладаў, які азначаў у
ВКЛ майстэрню па адліву буйных рэчаў з каляровых металаў, гармат і званоў,
сведчыць пра валявы характар бацькі і сыноў.
Матуля Івана накрыла стол у альтанцы і паклапацілася пра добры пачастунак. Яна распавяла пра іх першае знаёмства з гаспадаром.
Віктар
з Людмілай пазнаёміліся больш за трыццаць гадоў таму, калі былі студэнтамі філфака
Мінскага педынстута. Людмиле параілі звярнуцца да хлопца
ў інтэрнаце, які добра малюе, з просьбай
зрабіць плакат напярэдадні спартовых спаборніцтваў. Малюнак ён выканаў праз
некалькі дзён, а потым сказаў: «Пойдзеш за мяне замуж?» А яна жартам адказала: «Так,
у суботу!»
Некалькі гадоў яны сустракаліся, і, сапраўды, Людміла стала жонкай Віктара. Яе накіравалі ў Бярэзінскі раён. Потым сужанцы пераехалі ў Мядзел.
З канца
1990-х Віктар Уладзіміравіч пачаў выкладаць свае прадметы ў школе
па-беларуску і гэта стала яго прынцыпам.
У Кавальчукоў нарадзіліся
двое сыноў: у 1986-м — Аляксей, у 1991-м — Іван. Хлопцы выраслі ў сям’і
беларускамоўнымі, бо так іх навучылі бацькі. Яны не належалі да моладзевых
арганізацый і суполак, як і іх бацька, які называе сябе сябрам партыі Ісуса
Хрыста.
Аляксей паступіў на філфак, правучыўшыся год, зразумеў, што гэта не яго шлях, працуе ў горадзе. Іван, пераняўшы ад бацькі прыхільнасць да жывапісу, вырашыў пайсці пасля 10 класаў у мастацкі каледж імя Ахрэмчыка, а па заканчэнні яго — на архітэктурны факультэт БНТУ. На пятым курсе Іван абраў за дыпломную тэму сваю юнацкую мару: праект рэканструкцыі старажытнага Медзельскага замка.
«Іван адшукаў у архівах чарцяжы, запісы, гістарычныя звесткі, назапасіў шмат матэрыяла, — з хваляваннем расказаў бацька. — Замак стаяў у нас на беразе возера. Існуе шмат розных згадак, трактовак і версій. Ён быў збудаваны ў змешаным матэрыяле. Данжон быў каменны, а сцены былі драўляныя. Усяго было 5 вежаў. Зараз гэта мясціна з’яўляецца паўвыспай, а на часы Паўночнай вайны гэта была выспа. Дайсці туды было немагчыма, не ведаючы маста. А мост быў схаваны на метр пад вадой. Мост клаўся ў шахматным парадку, жардзіны аднаго этапу, потым — другога. Як перакрочыць па іх ведалі тыя, хто жыў у замку. Шведы не здагадваліся, якім чынам перабрацца да замка. Гісторыя сцвярджае, што выдала схаваны ход на замак карова. Па слядах каровы шведы здолелі перайсці праз мост і авалодаць замкам».
Іван хоча дабрацца
да шведскіх архіваў, каб даведацца дакладней, як выглядаў замак. Матэрыял далі
раскопкі і звесткі, якія захаваліся ў нас. У Івана быў цэлы блакнот, дзе
сабраны малюнкі ў розных накідах алоўкам, запісы, прысвечаны гэтым
даследванням.
Спадар Віктар ведае шмат гістарычных звестак, датычных старога Мядзелу. Памятае асобную легенду пра земскага магната Антонія Кошчыца, якую выкарыстаў у сваёй паэме «Барыслава» Уладзімір Дубоўка…
Падчас вучобы на апошніх курсах Іван сумяшчаў навучанне ў БНТУ і працу ў адной з вядучых праектных арганізацый Беларусі. Ён удзельнічаў у розных мерапрыемствах на факультэце, у інтэрнаце ён быў адказны за пакой адпачынку, меў ад яго ключы, дапамагаў камэнданту сачыць за парадкам. Іван распрацоўваў дызайн будынкаў і інтэр’ераў. У стасунках з сябрамі па факультэце Іван праяўляў сябе беларускамоўным.
21 сакавіка гэтага года Івана ў Мінску арыштавалі. Тры дні матуля шукала сына і не магла знайсці. У міліцыі казалі: не ведаем, няма такога. Брат пайшоў у студэнцкі інтэрнат і ад сяброў даведаўся, што Івана затрымалі і правялі вобшук.
15 чэрвеня з Івана снялі абвінавачанне, а 29-га ліпеня вызвалілі з-пад варты. Сфабрыкаваная справа развалілася. Мы сустрэліся з Іванам ў сярэдзіне ліпеня пасля яго вызвалення. Яны з братам Аляксеем дапамагалі ў арганізацыйнай грамадскай працы.
«Калі мяне арыштоўвалі невядомыя, — успамінаў Іван, — я падумаў, што на мяне напалі злачынцы. — Без прад’яўлення дакументаў яны зацягнулі мяне ў машыну… У турме, калі пачуў, у чым мяне абвінавачваюць, падумаў, што мне прыйшоў канец. Праз некаторы час, калі я пачаў атрымліваць лісты ад брата і бацькоў, мне стала значна лягчэй. Вестачка з дому мае эмацыйнае значэнне. Вельмі моцна мне дапамог перадачамі і сваёй падтрымкай брат Аляксей».
Іван сказаў, што яго фармальна адлічылі з універсітэта, але запэўнілі, што ўвосень ён будзе мець магчымасць абараніць дыплом. Іван вучыўся на платнай аснове.
Над дыпломнай тэмай Іван працаваў разам са сваім сябрам па факультэце. Сябар абраў адзін з аспектаў і здолеў абараніць сваю працу. Іван выбраў свае бачанне аб’екта гістарычнай рэканструкцыі. Яшчэ з турмы Іван даслаў брату Аляксею аркуш з малюнкам замка.
«Паводле даследванняў замак ў Мядзелi быў ужо ў 10-13 стагоддзі за памежны абарончы пункт Полацкага княства, — напісаў Іван на аркушы. — Але сам замак і сам Мядзел на той момант да 14-га стагоддзя знаходзіўся на востраве Замак Мядзельскага возера, адкуль тагачасныя жыхары, спаліўшы ўсё папярэдне сышлі на поўдзень( магчыма з-за чумы). На беразе возера Мястра ўтварылася два Мядзела: стары Мядзел на поўначы і Каралеўскі Мядзел на поўдні. Першы быў валоданнем шляхты, другім валодалі магнаты, княжацкія і кралеўскія роды. Першае ўпамінанне Мядзела датуецца1324 годам, дзе вялікі князь Гедымін узгадвае яго ў лісце папу Рымскаму, што да Мядзела падышлі крыжакі, і калі б не замак, яны б узялі яго».
«Некалі маю ідэю падтрымаў студэнт-каліновец Руслан Шошын, — успамінае Іван. — Блукаючы па Мядзелу, мы разам з ім выношвалі мару адрадзіць замак. Руслан параіў звярнуцца ў шведскія архівы. Верагодна, калі- небудзь удасцца адбудаваць цокаль, аглядную пляцоўку, адрэстаўраваць адну вежу і зрабіць там музей. Я кансультаваўся з Антосем Астаповічам, але ён звярнуў увагу на тое, што зараз на месцы няма адпаведнай інфраструктуры, каб зрабіць замак турыстычна атракцыйным. Будзем верыць, што гэта справа будучыні», — кажа Іван Кавальчук.