422-і дзень вайны: Украіна чакае добрых навін пасля «Рамштайна»
Усе краіны-сябры NATO пагадзіліся з прыняццем Украіны ў Альянс, заявіў кіраўнік NATO Енс Столтэнберг. Але здарыцца гэта, відаць, не вельмі хутка. Можа, нават пасля вайны.
«Рамштайн»
На авіябазе «Рамштайн» сёння, 21 красавіка, адбудзецца пасяджэнне кантактнай групы падтрымкі Украіны. Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін паведаміў, што ўжо сустрэўся перад пасяджэннем з міністрам абароны Украіны Рэзнікавым. Ён таксама паабяцаў, што партнёры будуць падтрымліваць Украіну «столькі, колькі спатрэбіцца».
На сустрэчы на базе «Рамштайн» саюзнікі будуць казаць не толькі пра найбліжэйшыя патрэбы Украіны, але і пра стратэгію на ўвесь 2023 год, паведаміў Рэзнікаў. Ён таксама нагадаў, што ў гэты дзень спаўняецца год з дня заснавання «Рамштайна».
«На парадку дня — аналіз таго, што ўжо зроблена, наша стратэгія на 2023 год, бягучыя патрэбы Узброеных сіл і размеркаванне праграм падтрымкі паміж усімі сіламі абароны Украіны», — адзначыў украінскі міністр.
З пачатку расійскага ўварвання NATO даў Украіне вайсковую дапамогу на 55 мільярдаў долараў, паведаміў кіраўнік Пентагона Лойд Осцін падчас адкрыцця пасяджэння кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны на базе «Рамштайн» у Германіі.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг сказаў, што Зяленскі прыняў запрашэнне ўзяць удзел у саміце NATO ў Вільні ў ліпені. «Як я сказаў учора ў Кіеве, будучыня Украіны — у еўраатлантычнай сям'і. Усе саюзнікі NATO пагадзіліся, што Украіна стане чальцом NATO», — дадаў генеральны сакратар агранізацыі.
Рашэнне пра сяброўства Украіны ў NATO не будзе хуткім, заявіў міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус. Паводле яго, такія рашэнні не павінны прымацца толькі з пачуцця салідарнасці. Таксама міністр падкрэсліў, што Украіну ў NATO могуць прыняць толькі пасля заканчэння вайны.
Начная атака дронамі: куды трапілі расіяне?
Пасля амаль месяца зацішша Кіеў уначы зведаў чарговы паветраны напад. Сілы СПА збілі ўсе цэлі ворага, але ёсць «прылёты» ў іншых абласцях Украіны.
Уначы расіяне выпусцілі з Бранскай вобласці да 12 ударных дронаў «Shahed-136/131», восем з якіх былі збіты, паведаміла камандаванне паветраных сіл. Так, упершыню за 25 дзён расіяне атакавалі Кіеў іранскімі БПЛА.
Пра гэта паведаміў начальнік КГВА Сяргей Папко. Паводле яго слоў, на падлёце да ўкраінскай сталіцы было выяўлена і збіта каля васьмі варожых беспілотнікаў, абышлося без ахвяр і разбурэнняў.
У Вінніцкай вобласці ў выніку начной атакі дронамі пашкоджаны аб'ект інфраструктуры, паведаміла спікер АК «Південь» Наталля Гумянюк.
Расіяне ўначы ўдарылі дронамі і па Палтаўскім раёне, ёсць разбурэнні цывільнай інфраструктуры, папярэдне пацярпелых няма, паведаміў кіраўнік АВА Дзмітрый Лунін.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў два чалавекі загінулі, трое атрымалі раненні. У Данецкай вобласці адзін загінулы (у горадзе Часавы Яр) і адзін паранены, паводле даных АВА.
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 21 красавіка: асабовага складу — каля 185 050 (+630 за мінулыя суткі) чалавек.
Армія РФ асноўныя намаганні засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі на іх адбіта больш за 60 нападаў праціўніка. Найбольш жорсткія баі вядуцца за Бахмут, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
Стала вядома, што ў студзені ЗША думалі, нібыта расіяне «вось-вось захопяць Бахмут», і нават папярэджвалі пра гэта ўкраінскае камандаванне ды раілі адступіць. Аднак украінскае кіраўніцтва вырашыла працягнуць абарону горада, піша «The Washington Post» са спасылкай на сакрэтныя дакументы Пентагона.
Чыноўнікі РФ не разглядаюць акупаваныя тэрыторыі як частку Расіі
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што кантрольна-прапускныя пункты паміж Расіяй і акупаванымі тэрыторыямі на ўсходзе Украіны істотна запавольваюць пастаўкі на фронт боепрыпасаў, аднак Масква з меркаванняў бяспекі не мае намеру адмаўляцца ад іх. У прыватнасці, Крэмль можа выкарыстоўваць гэтыя пункты пропуску для прадухілення масавага перамяшчэння мужчын з акупаванай Украіны, якія пазбягаюць прымусовай мабілізацыі, для прадухілення ўцёкаў расійскіх мабілізаваных у Расію і для падтрымкі расійскіх фільтрацыйных мерапрыемстваў.
Існаванне гэтых кантрольна-прапускных пунктаў яшчэ раз падкрэслівае, што расійскія чыноўнікі не разглядаюць жыхароў акупаванай Украіны як расійскіх грамадзян і кіруюць імі як акупацыйныя ўлады, насуперак пастаянным заявам пра тое, што анексаваныя тэрыторыі з'яўляюцца часткай РФ, адзначаюць эксперты ISW.
Вайна за межамі Украіны
У сакрэтных дакументах Пентагона гаворыцца пра тое, што Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны нібыта рыхтавала ўдары па расійскіх войсках і наймітах ПВК «Вагнер» у Сірыі з удзелам курдскіх фарміраванняў. Аднак у снежні Зяленскі загадаў спыніць падрыхтоўку аперацыі, піша «The Washington Post».
Мэтай адкрыцця новага поля бою за тысячы кіламетраў ад Украіны нібыта было нанясенне расійскаму войску і групе Вагнера, якая актыўна дзейнічае ў Сірыі, страт — і гэта, імаверна, прымусіла б РФ перадыслацыраваць частку сваіх рэсурсаў з Украіны ў Сірыю.
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус лічыць «цалкам нармальным» правядзенне пэўных аперацый УСУ на тэрыторыі Расіі, якія могуць спатрэбіцца для абароны ад агрэсіі. У якасці прыкладу ён прывёў блакіраванне шляхоў забеспячэння.
ЗША і вайна ва Украіне
Байдэн меў размову з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен, падчас якой бакі абмеркавалі падтрымку Украіны, пацвердзілі абавязацельствы ЗША і ЕС забяспечыць Кіеву неабходную дапамогу і намер ускласці на Крэмль выдаткі за расійскую агрэсію, паведаміў Белы дом. Пазней гэтыя тэмы амерыканскі прэзідэнт абмеркаваў і з Макронам.
Група сенатараў і кангрэсменаў ЗША ад Рэспубліканскай партыі накіравала ліст Байдэну з заклікам спыніць перадачу Украіне зброі, паколькі «з кожным новым пакетам дапамогі і кожнай новай зброяй, якая прадастаўляецца Украіне, рызыка прамога канфлікту з Расіяй расце». Аўтары паслання патрабуюць спыніць «неабмежаваную дапамогу Украіне» з боку ЗША — і ўжываюць тэрмін «проксі-вайна».
У Су-34 над Белгарадам адбыўся «няштатны сход боепрыпасу»
У Белгарадзе прагрымеў выбух, на скрыжаванні вуліц Ватуціна і Губкіна ўтварылася вялікая варонка, пашкоджаны аўтамабілі і крама, тры чалавекі пацярпелі, пішуць расійскія СМІ. Мінабароны РФ заявіла, што пры выкананні палёту самалёта Су-34 ВКС над Белгарадам адбыўся «няштатны сход авіяцыйнага боепрыпасу».
РФ зноў пагражае сарваць здзелку са збожжам
Расія адправіла ліст у Аб'яднаны Каардынацыйны камітэт Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, у якім пагражае выйсці са збожжавай здзелкі, піша «Politico». Масква папярэджвае, што не можа гарантаваць бяспеку караблёў, якія павязуць украінскі экспарт пасля 18 траўня, і што рэгістрацыя караблёў будзе працягвацца толькі да гэтай даты.
Паводле korrespondent.net, ВВС; www.pravda.com.ua, Украінская служба РБК