466-ты дзень вайны. Пад Дняпром расійцы забілі двухгадовае дзіця
Расійцы ў ноч на 4 чэрвеня чарговы раз ударылі па гарадах Украіны ракетамі і дронамі тыпу Shahed. Украінская СПА знішчыла чатыры крылатыя ракеты і тры дроны-камікадзэ. Але без ахвяр не абышлося.
«Акупанты працягваюць начныя атакі па тэрыторыі Украіны
беспілотнікамі і крылатымі ракетамі па вайсковых аб'ектах і аб'ектах крытычнай
інфраструктуры», — паведамілі ў камандаванні Паветраных сіл УСУ.
Адзначаецца, што з 01:00 да 04:00 4 чэрвеня расійцы ўжылі пяць іранскіх ударных БПЛА Shahed-136/131 з Бранскай вобласці, а таксама шэсць крылатых ракет паветранага базіравання Х-101/х-555, выпушчаных з шасці стратэгічных бамбавікоў ТУ-95МС з раёна Каспія.
У прыгарадзе Дняпра ратавальнікі дасталі з-пад завалаў цела двухгадовай дзяўчынкі. Усяго
пацярпелі 22 чалавекі, з іх пяцёра дзяцей.
«Два двухпавярховікі, паміж якімі трапіла варожая ракета, часткова разбураныя. Пашкоджаны і 10 прыватных дамоў, аўтакрама, газаправоды», — паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.
Акрамя гэтага, у ноч на 4 чэрвеня расійцы ўдарылі па Нікапалі з артылерыі, у выніку чаго загарэліся два аўтамабілі.
«Пашкоджаныя тры шматпавярхоўкі, рэстаран, лініі электраперадач. На шчасце, без ахвяр», — адзначыў чыноўнік.
Украінская
авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 11 удараў па раёнах засяроджання
асабістага складу праціўніка, а таксама шэсць — па зенітна-ракетных комплексах РФ.
Як адзначаецца ў ранішняў зводцы Генштаба УСУ, было знішчана шэсць расійскіх разведвальных БПЛА, а таксама два ударныя БПЛА тыпу «Ланцэт».
У той жа час падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі падбілі пункт кіравання, зенітна-ракетны комплекс, шэсць артылерыйскіх
падраздзяленняў на агнявых пазіцыях і тры склады боепрыпасаў праціўніка.
Як дадаецца, расійцы нанеслі нанеслі 30 авіяцыйных удараў і здзейснілі 56 абстрэлаў з
рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войска і па населеных пунктах.
Паведамляецца, што ў Сватаве Луганскай вобласці 2 чэрвеня дэзерціравалі каля 40
вайскоўцаў расійскіх акупацыйных войскаў. Яны самавольна пакінулі баявыя пазіцыі.
Для іх пошуку расійцы задзейнічалі два верталёты і падраздзяленне Расгвардыі.
У раёне Бахмута Данецкай вобласці расійцы замянілі падраздзяленні ПВК Вагнера на рэгулярныя войскі. Такое рашэнне паўплывала на інтэнсіўнасць і стратэгію баёў.
«Цяпер значна зменшыліся атакі жывой сілай акупантаў, але павялічылася атака артылерыяй і авіяцыяй. Але ўжо няма масавых «зомбавых» нападаў днём і ноччу без перапынку», — паведаміў вайсковец і снайпер УСУ Раман Трафімец у эфіры нацыянальнага тэлемарафона
Паводле яго слоў, рэгулярныя войскі РФ не так матываваныя і
ў іх больш страху прысутнічае, хоць за імі не стаяць загараджальныя атрады.
Кіраўнік вагнераўцаў Яўген Прыгожын раней паведаміў аб
вывадзе падраздзяленняў сваіх наймітаў з Бахмута. Паводле яго
слоў, да 1 чэрвеня ўсе падраздзяленні ПВК выйдуць у тыл на адпачынак, а потым
будзе «новая задача».
Што за «новая задача», Прыгожын не ўдакладніў, але стала вядома, што вагнераўцаў ён можа адправіць у Белгарадскую вобласць РФ, дзе цяпер досыць неспакойна. Адна з прычын такога рашэння — спроба перадыслакаваць наймітаў не ў франтавы рэгіён.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што Прыгожын ухапіўся за агульную незадаволенасць расійцаў бяспекай на мяжы з Белгарадскай вобласцю, каб прыстрашыць, што сілы групы Вагнера могуць дзейнічаць на тэрыторыі Расіі без адабрэння вайсковага камандавання. Ён заявіў, што вагнераўцы не будуць чакаць запрашэння або дазволу Мінабароны для абароны Балгарадскай вобласці, калі Мінабароны нічога не зробіць для бяспекі рэгіёну.
Прыгожын апраўдаў сваю пагрозу непадпарадкавання, заявіўшы,
што ПВК імкнецца абараніць рускі народ, маючы на ўвазе, што вагнераўцы возьмуць на сябе ролю абаронцы мяжы, якую павінна выконваць МА.
Пагрозы Прыгожына заснаваныя на скаргах іншых вядомых дзеячаў інфармацыйнай прасторы на тое, што расійскія ўлады недастаткова зрабілі для абароны памежных тэрыторый ад наступстваў вайны, і адлюстроўваюць цяперашнюю страту Прыгожыным інфармацыйнай ініцыятывы.