572-гі дзень вайны: Украіна вызваліла Кляшчэеўку, расійскія войскі — у цяжкай сітуацыі

Вызваленне Андрэеўкі і Кляшчэеўкі, якое адбылося на працягу апошніх дзён, ставіць Бахмут, які з такой цяжкасцю ўзялі расійцы, пад пагрозу акружэння. Складаная сітуацыя з украінскім контрнаступам вымушае Расію выкарыстоўваць «элітныя» падраздзяленні як «пушачнае мяса».

Украінскія вайскоўцы ў Кляшчэеўцы. Фота: «Украінская праўда»

Украінскія вайскоўцы ў Кляшчэеўцы. Фота: «Украінская праўда»

УСУ вызваляе Украіну па ўсіх напрамках

Генеральны штаб УСУ, як звычайна, сціпла паведамляе, што ўкраінскія вайскоўцы «працягваюць вядзенне абароны на ўсходзе і поўдні Украіны і наступаюць на мелітопальскім і бахмуцкім кірунках. За мінулыя суткі адбылося больш за 35 баявых сутыкненняў».

Намесніца міністра абароны Ганна Маляр у эфіры тэлемарафону адзначыла, што сілы абароны Украіны з пачатку наступу на асноўным кірунку, паўднёвым, ужо вызвалілі 260 квадратных кіламетраў тэрыторыі. «Наш асноўны кірунак наступу — поўдзень... Па ўсім поўдні вораг знаходзіцца ў абароне. І запарожскі, і херсонскі кірунак — там вораг абараняецца», — сказала яна.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што 17 верасня ўкраінскія войскі вызвалілі Кляшчэеўку (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута) і наступалі ў іншых месцах на гэтым кірунку. Расійскія «ваенкары» адмаўлялі, што ўкраінскія сілы вызвалілі Кляшчэеўку, і сцвярджалі, што УСУ нібыта кантралююць толькі паўднёвую і цэнтральную часткі населенага пункта. На кадрах, апублікаваных 17 верасня, відаць, як украінскія войскі абстрэльваюць расійскія сілы ў ваколіцах Кляшчэеўкі і вымушаюць іх адступіць.

Кіраўнік прэс-службы Усходняй групоўкі войскаў Украіны капітан Ілля Еўлаш пацвердзіў вызваленне Кляшчэеўкі. «Гэта адбылося дзякуючы намаганням 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, 5-й асобнай штурмавой брыгады і аб'яднанай брыгады Нацпаліцыі «Люць», — сказаў ён. Аб'яднаная штурмавая брыгада Нацпаліцыі «Люць» апублікавала відэа з Кляшчэеўкі і таксама пацвердзіла вызваленне населенага пункта.

У зоне адказнасці АСУВ «Поўнач» на валынскім і палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка застаецца без істотных змен.

Андрэеўка і Кляшчэеўка — чаму гэта важна

Кантроль над Кляшчэеўкай і Андрэеўкай дазваляе УСУ працягваць аперацыю, накіраваную на атачэнне Бахмута, паколькі гэта набліжае блакіраванне лагістычных шляхоў у Бахмут з паўднёвага кірунку. «Кляшчэеўка і Андрэеўка — усё. Гэта сцяг Бахмута, калі што», — пісаў расійскі тэлеграм-канал «Трынаццаты».

Яшчэ 25 ліпеня афіцыйны прадстаўнік усходняй групоўкі УСУ Сяргей Чараваты казаў, што магчымае вызваленне Андрэеўкі палепшыць тактычнае становішча ўкраінскіх сіл і дазволіць акружыць Бахмут ці выцесніць з яго расійскую армію.

Аднак, як адзначае ўкраінскі OSINT-праект «Deep State», хоць украінскія вайскоўцы паспяхова адразаюць шляхі да Бахмута з поўдня (дзе знаходзяцца Андрэеўка і Кляшчэеўка), горад па-ранейшаму можа забяспечвацца з поўначы. «СМІ распаўсюджвалі некампетэнтныя загалоўкі аб «атачэнні Бахмута». Але гэтага няма і блізка», — пішуць аўтары праекта.

Тым не менш, непасрэдна на ўскраінах Кляшчэеўкі ёсць высокія ўзгоркі, якія дазваляюць фактычна кантраляваць не толькі сам Бахмут, які знаходзіцца ў нізіне, але і аўтадарогу на Горлаўку, якая праходзіць за чатыры кіламетры на ўсход. Гэта важны шлях забеспячэння расійскага гарнізона. Калі яго перарэзаць, застаецца толькі дарога з Бахмута ў Папасную, а таксама шлях у Лісічанск, які, праўда, стаў небяспечным, паколькі УСУ ўшчыльную наблізіліся і да гэтай трасы з поўначы.

Акрамя таго, каля Кляшчэеўкі праходзіць чыгунка да Горлаўкі і далей — да Данецкак. Менавіта за гэты чыгуначны насып зараз адышлі расіяне пасля страты сваіх пазіцый.

376638157_657073179939097_5305178210523618226_n.jpg

Масіраваная атака на Украіну — адбіта

У ноч на панядзелак, 18 верасня, расійскія войскі атакавалі Украіну дронамі-камікадзэ і трыма тыпамі ракет — Х-101, Х-555 і Х-55. Як распавялі ў паветраных сілах, «шахеды» ляцелі з двух кірункаў — Прыморск-Ахтарск (Расія) і мыс Чаўда (Крым). А пускі крылатых ракет са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС акупанты здзейснілі з Валгаградскай вобласці.

«Усяго зафіксаваны 24 ударныя БпЛА, у напрамку Мікалаеўскай і Адэскай абласцей. Прыцягнуты восем бартоў, зафіксаваны пускі 17 крылатых ракет тыпу Х-101/Х-555/Х-55», — дадалі вайскоўцы. Паводле звестак ВПС Украіны, супрацьпаветранай абаронай па маршруце руху былі знішчаны 18 ударных дронаў і ўсе 17 ракет.

Кіраўнік Адэскай АВА Алег Кіпер паведаміў, што зафіксавана траплянне ў рэкрэацыйную інфраструктуру Вілкаўскай абшчыны. Узнік пажар, які аператыўна ліквідаваны, пацярпелых няма.

Абломкі збітага БПЛА пацягнулі ўзгаранне двухпавярховага будынка, які не эксплуатуецца, у Снігірэўскай абшчыне Мікалаеўскай вобласці. Людзі не пацярпелі.

Намеснік кіраўніка Хмяльніцкай АВА Сяргей Цюрын заявіў, што ў выніку збіцця ракет выбуховай хваляй пашкоджаны дахі і вокны ў некалькіх дамах, адбылося падзенне абломкаў і два выбухі на тэрыторыі вытворчага прадпрыемства. Пажары патушаны, пацярпелых няма.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «The Economist» заявіў, што Украіна рыхтуецца супрацьстаяць магчымым ударам акупантаў па энергетычнай інфраструктуры восенню. Па словах Буданава, Украіна працуе над спецыяльнай кампаніяй стрымлівання і адплаты, каб супрацьстаяць магчымым ударам акупантаў па энергетычных аб'ектах увосень і зімой.

Аналітыка вайны. Дэсантнікаў выкарыстоўваюць як пяхоту

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter піша, што за апошнія два тыдні Расія, верагодна, дадаткова ўзмацніла 58-ю агульнавайсковую армію, якая знаходзіцца ў цяжкім становішчы, дадатковымі паветрана-дэсантнымі часткамі ПДВ на арэхаўскім кірунку ў Запарожскай вобласці.

Як адзначаецца ў зводцы, па меншай меры пяць палкоў ПДВ, набраных з 7-й і 76-й дывізій, верагодна, цяпер сканцэнтраваны ў зоне некалькіх кіламетраў ад прыфрантавой вёскі Рабоціна.

Паводле звестак брытанскай выведкі, у поўным складзе такія сілы павінны налічваць блізу 10 тысяч элітных дэсантнікаў. Аднак амаль усе падраздзяленні, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў крытычным стане.

«Бягучая сітуацыя, верагодна, будзе ўспрынята кіраўніцтвам ПДВ як вельмі нездавальняючая. На працягу ўсёй вайны расійскае камандаванне імкнулася адрадзіць Паветрана-дэсантныя войскі як высокамабільную ўдарную сілу для наступальных аперацый. І зноў іх выкарыстоўваюць у якасці лінейнай пяхоты для папаўнення выматаных сухапутных сіл», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны (ГУР) паведаміла, што кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, што выклікала адпаведныя чуткі сярод расійскіх мілблогераў і інсайдарскіх крыніц. Кадыраў не з'яўляўся ў сацсетках два тыдні і апублікаваў відэа толькі 17 верасня, на якім ён прамаўляе абстрактны тэкст, кажа, што слухае Каран і прайшоў пару кіламетраў.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што працяглая занепакоенасць з нагоды здароўя Кадырава ў расійскай інфармацыйнай прасторы падкрэслівае залежнасць Пуціна ад Кадырава ў пытанні захавання стабільнасці ў рэгіёне.

На думку экспертаў, дэстабілізацыя кіравання Кадырава ў Чачні стане сур'ёзным ударам па рэжыме Пуціна, збольшага праз тое, наколькі важным для ранняй папулярнасці Пуціна ў Расіі было ўсталяванне стабільнасці ў Чачні праз жорсткую і крывавую вайну.

Аналітыкі адзначаюць, што Пуціну без Кадырава, верагодна, будзе цяжка забяспечыць стабільнасць у Чачні. Афіцыйным асобам у РФ варта быць занепакоенымі тым, што інфармацыя пра хваробу Кадырава можа паўплываць на доўгатэрміновую стабільнасць кантролю ўлад РФ над Чачэніяй.