586-ты дзень вайны. Расія пабіла рэкорд па атацы Украіны дронамі «Шахед»
Верасень стаў вельмі напружаным для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Аднак атакі Украіны дронамі не прывялі да нейкага пералому на фронце. Затое Расія выдаткоўвае на такія атакі вялізныя рэсурсы. Адзін іранскі дрон каштуе ад 20 да 40 тысяч долараў.
Генеральны штаб Украіны ў ранішняй зводцы 2 кастрычніка паведамляе, што сілы абароны Украіны вядуць наступальную аперацыю на Мелітопальскім кірунку і наступальныя дзеянні на Бахмуцкім.
Украінская армія працягвае абараняцца на ўсходзе і поўдні Украіны. За мінулыя суткі на фронце адбылося 38 баявых сутыкненняў. Расійцы зноў паспрабавалі вярнуць кантроль над вызваленай раней Андрэеўкай пад Бахмутам. УСУ паспяхова адбілі атакі расійцаў у раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі, Вясёлага, а таксама атакі ў раёне Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці.
Спікер Сіл абароны Таўрычнага кірунку Аляксандр Штупун паведаміў, што вораг удвая павялічыў колькасць нападаў на поўдні.
Спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW) называюць сітуацыю на поўдзень ад Рабоціна нестабільнай, тактычна яна складаная і дынамічная. Аналітыкі адзначаюць, што расійскія войскі праводзяць тактычныя контратакі ў раёне Рабоціна як частку сваёй «глыбокай абароны» супраць украінскіх наступальных аперацый на захадзе Запарожскай вобласці.
Пры гэтым, кажуць эксперты, сітуацыя на поўдзень ад Рабоціна нестабільная, паколькі некаторыя тактычна важныя палявыя ўмацаванні некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі.
Пры гэтым у ISW адзначылі, што УСУ праводзяць ратацыю на мяжы Запарожскай і Данецкай абласцей, а каля Рабоціна яны нават прасунуліся наперад.
1 кастрычніка ўкраінскія войскі працягнулі наступальныя дзеянні пад Бахмутам і пацвердзілі нязначнае прасоўванне. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 верасня, паказваюць, што ўкраінскія сілы нязначна прасунуліся на ўсход ад Андрэеўкі (10 км на паўднёвы захад ад Бахмута).
Адзін з расійскіх вайсковых блогераў заўважыў, што баі на поўдзень ад Бахмута нагадваюць яму сітуацыю ў Ізюме ўвосені 2022 года (з намёкам на контрнаступленне Украіны ў Харкаўскай вобласці), таму што сітуацыя вельмі дрэнная для абодвух бакоў і «запоўненая сур'ёзнымі рызыкамі». Ён пры гэтым адзначыў, што не думае, што Бахмуцкі фронт разваліцца, як гэта адбылося ў Ізюме ў верасні 2022-га.
* * *
Уначы 2 кастрычніка войскі РФ атакавалі тэрыторыю Украіны дронамі-камікадзэ і кіраванымі авіябомбамі. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона паведаміла кіраўніца аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк. Яна адзначыла, што вораг ужыў 18 КАБаў, накіраваных на грамадзянскую інфраструктуру і жылыя раёны. «Пашкоджаныя і бальніца, і аб'екты крычнай інфраструктуры», — заявіла спікер.
Гумянюк дадала, што атака дронамі была не занадта масавая, як мяркуецца, расійцы спрабавалі выведаць размяшчэнне СПА. Яна ўдакладніла, што «Шахеды» запускалі з паўднёва-ўсходняга напрамку.
Defense Express падлічыла, што РФ пабіла свой рэкорд па колькасці па запушчаных па Украіне дронаў-камікадзэ для паветраных нападаў. У верасні захопнікі ўжылі 503 «Шахеды» для ўдараў па тэрыторыі Украіны, што стала рэкордным выкарыстаннем дронаў-камікадзэ дадзенага тыпу за адзін месяц, і «значна больш» за папярэдні найвышэйшы паказчык, які быў зафіксаваны ў траўні (413 самалёта-снарадаў).
З 503 Shahed-136, якія ў верасні РФ запускала па Украіне, сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны ўдалося збіць 396 адзінак, а сярэдняя доля знішчаных мэтаў складае сапраўды высокі паказчык у 78,7%.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацаніў небяспеку аднаўлення Расіяй ПВК «Вагнер». Паводле ацэнак экспертаў, «Вагнер» можа ўяўляць пагрозу для Украіны ў выпадку аднаўлення ў падпарадкаванні Расгвардыі або Мінабароны РФ.
У справаздачы эксперты адзначаюць, што статус групы «Вагнер» застаецца незразумелым на фоне паведамленняў пра перамовы аб будучым супрацоўніцтве так званай ПВК з расійскім урадам. «Вагнер» раскіданы па некалькіх краінах, уключаючы Беларусь, Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Лівію і Малі, і няма адзінага лідара групоўкі.
29 верасня Пуцін публічна абняў былога камандуючага групы «Вагнер», а цяпер супрацоўніка Мінабароны РФ Андрэя Трошава. Некаторыя чальцы ПВК негатыўна адрэагавалі на гэта і вылучылі альтэрнатыўнага лідара. Вядомы тэлеграм-канал, звязаны з «Вагнерам», абвясціў, што 25-гадовы сын Яўгена Прыгожына Павел Прыгожын павінен узяць на сябе «камандаванне» гэтай ПВК, і што ён вядзе перамовы з Расгвардыяй аб вяртанні ПВК да ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне.
У той жа час расійская інсайдарская крыніца сцвярджала, што Павел Прыгожын не з'яўляецца незалежным гульцом і знаходзіцца пад уплывам кіраўніка службы бяспекі «Вагнера» Міхаіла Ватаніна.
Іншая набліжаная да «Вагнера» крыніца заявіла, што кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў разглядае магчымасць далучэння элементаў ПВК да Расгвардыі ў якасці асобнага падраздзялення. Пры гэтым, адзначаюць аналітыкі, «Міністэрства абароны ў любым выпадку павінна было б забяспечыць тэхнікай і матэрыяламі вялікія, адноўленыя сілы, падпарадкаваныя Расгвардыі, паколькі Расгвардыя не мае матэрыяльна-тэхнічнай інфраструктуры, каб зрабіць гэта самастойна».
ПВК можа прадстаўляць пагрозу, у выпадку калі паспяхова адновіцца як буйная ўнітарная арганізацыя пад кіраўніцтвам Расгвардыі, Міністэрства абароны Расіі ці падобных арганізацый.
* * *
Латвійскія спецслужбы заявілі, што па меры ўзмацнення канфрантацыі Расіі з заходнімі краінамі будзе расці і рызыка агрэсіўных аперацый у Латвіі з боку РФ. Пра гэта гаворыцца ў зацверджанай на гэтым тыдні Сеймам абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.
У канцэпцыі адзначаецца, што дзейнасць расійскіх спецслужбаў мае агрэсіўны характар і ўяўляе значную пагрозу калектыўнай бяспецы краін NATO і ЕС, а таксама нацыянальнай бяспецы Латвіі. Палітыка Расіі ўключае ў сябе падрыхтоўку да поўнамаштабнага канфлікту з NATO, адзначаецца ў дакуменце.
У латвійскіх спецслужбах падкрэсліваюць, што Расія не толькі праектуе і распрацоўвае сцэнары ваеннага нападу, але і плануе паслабленне праціўніка на ўсіх напрамках і этапах гібрыднай вайны. Акрамя таго, пагрозу бяспецы Латвіі прадстаўляюць і беларускія спецслужбы, якія ўсё часцей каардынуюць сваю дзейнасць з расійскімі.