615-ты дзень вайны. Украінскія войскі прасунуліся пад Бахмутам

Украінскія войскі ажыццявілі пацверджанае прасоўванне паблізу Бахмута і на захадзе Запарожскай вобласці 30 кастрычніка.

Фота libkos

Фота libkos

Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на геалакацыйныя звесткі, украінскія сілы прасунуліся на паўночны ўсход ад Курдзюмаўкі (10 км на паўднёвы захад ад Бахмута).

Дадатковыя геалакацыйныя даныя ад 29 кастрычніка сведчаць, што ўкраінскія сілы нязначна прасунуліся на захад ад Рабоціна на захадзе Запарожскай вобласці.

У той жа час Генеральны штаб УСУ пацвердзіў, што сілы абароны працягваюць наступальныя дзеянні пад Бахмутам і наступальныя аперацыі на Мелітопальскім кірунку. Камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што расійскія войскі «значна ўзмацнілі сваю групоўку» пад Бахмутам і перайшлі ад абарончых дзеянняў да больш актыўных.

Зрэшты, ISW заўважае, што не можа праверыць істотныя змены ў складзе расійскіх войскаў пад Бахмутам. Расійскія «ваенкары» сцвярджаюць, што пазіцыйныя баі працягваюцца на паўночны захад ад Бахмута каля Бярхоўкі, Васюкоўкі і Арэхава-Васільеўкі.

 

Калаж unian.net

Калаж unian.net

Расійскія акупацыйныя войскі падышлі да коксахімічнага заводу ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці, пасля чаго ён фактычна стаў шэрай зонай. Аднак акупанты не кантралююць Аўдзееўскі каксахім: украінскія абаронцы ўвесь час наносяць па ім удары, не даючы акупантам размясціць там пазіцыі.

Пра гэта распавёў у эфіры тэлеканала FREEOM ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка. Паводле яго слоў, цяпер для расійцаў важна перарэзаць чыгунку і выйсці на правы бок ад яе, адкуль адкрыюцца два напрамкі ў паўночным сектары. Гаворка ідзе аб руху або ў бок вёскі Стэпавае, «або заходзе на коксахім».

«Гэта пачатак, скажам так умоўна, баёў у гарадской мясцовасці. Варта адзначыць, што менавіта гэта прадпрыемства дастаткова ўмацавана было за гэтыя гады і ўяўляе сабой крэпасць. Пры гэтым важна яшчэ разумець, што працуе дастаткова зладжана лагістыка, і расійскія акупанты, заводзячы сябе ў гарадскія баі, толькі падпісваюць сабе смяротны прысуд», — адзначыў Каваленка.

На думку аглядальніка, сам працэс гарадскіх баёў будзе вельмі доўгім. Ён не выключае, што баі ў раёне Аўдзееўскага коксахімічнага завода могуць быць адцягваючым манеўрам з боку акупантаў. Затое асноўныя намаганні расійцы «будуць працягваць рабіць на флангах — на паўночным і на паўднёвым, прасоўваючыся да Стэпавага, Тоненькага і, у спробе ўзяць у акружэнне Аўдзееўку, перарэзаць трасу 0542».


1698734908_3578.webp

Інструктар рускіх атрадаў «Шторм-Z» Святаслаў Голікаў прызнаў, што іх «стачваюць пад нуль» падчас так званых «мясных штурмаў» Аўдзееўкі.

Як заявіў Голікаў у сваім канале «Філолаг у шэрай зоне», гэтыя атрады, якія складаюць са штрафнікоў і зняволеных, нясуць велізарныя беззваротныя страты без дасягнення якога-небудзь выніку.

«Штурмавыя атрады «Шторм-Z» на Аўдзееўскім кірунку і паўднёвым флангу Бахмута літаральна за некалькі дзён актыўных дзеянняў стачваюцца практычна пад нуль. У сярэднім, узровень беззваротных страт вар'іруецца ад 40 да 70%, а санітарныя адпаведна складаюць 30-60% асабістага складу», — заявіў Голікаў.

Інструктар акупантаў кажа, што страты настолькі высокія з-за шэрагу фактараў, у прыватнасці адсутнасці належнай падрыхтоўкі, праблем з артылерыйскай падтрымкай штурмаў, адсутнасці эфектыўнай практыкі эвакуацыі параненых і іншых нюансаў.

«Спалучэнне вышэйзгаданых фактараў прыводзіць да рэгулярнага размотвання штурмавых атрадаў у хлам без дасягнення імі хоць бы нейкіх значных вынікаў», — адзначыў Голікаў.

 

Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Расія пакуль можа вытрымліваць баявыя дзеянні і дзе-нідзе павялічваць ціск на фронце, але не здольная вытрымаць гэтае супрацьстаянне стратэгічна. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце.

«Мы павінны цвяроза ацэньваць расійскую сістэму. Яны мабілізавалі ўсе сілы, каб паспрабаваць не страціць захопленае ва Украіне, але сваю тэрыторыю пры гэтым забрудзілі такім узроўнем нянавісці і дэградацыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўжо другі раз за гэты год у Расіі губляецца кантроль над падзеямі.

«То мяцежнікі ідуць на Маскву, і ніхто іх не спыняе, то выпараецца вертыкаль улады ў Дагестане, і адбываецца сапраўдны пагром. Гэта ўсё сігналы таго, што Расія пакуль можа вытрымліваць баявыя дзеянні і дзе-нідзе павялічваць ціск на фронце, але не здольная вытрымаць гэтае супрацьстаянне стратэгічна», — адзначыў Зяленскі.