761-шы дзень вайны. Расійцы ціснуць у Данецкай вобласці, але шанцы на поспех невялікія

На франтах Украіны працягваецца пазіцыйная вайна. Расійцы крыху прасунуліся ў Данецкай вобласці, але эксперты лічаць, што наступ на Часаў Яр не прынясе поспеху. На гэтым кірунку расійцы ціснуць ужо чатыры месяцы.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 сакавіка, за мінулыя суткі на фронце адбылося 60 баявых сутыкненняў.

На Ліманскім напрамку ўкраінскімі ваярамі адбітыя 8 атак расійцаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Ямпалёўка, Вясёлае Данецкай вобласці, дзе вораг пры падтрымцы авіяцыі спрабаваў прарваць абарону Украіны.

На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі 8 нападаў ворага ў раёнах населеных пунктаў Багданаўка, Кляшчэеўка, Андрэеўка Данецкай вобласці.

На Аўдзееўскім напрамку УСУ адбіла 10 атак ворага ў раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Першамайскае Данецкай вобласці.

На Новапаўлаўскім напрамку сілы абароны працягваюць стрымліваць расійцаў у раёнах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка, Ураджайнае, дзе вораг пры падтрымцы авіяцыі 25 разоў спрабаваў прарваць абарону.

На Арэхаўскім напрамку войскі РФ тры разы пры падтрымцы авіяцыі атакавалі пазіцыі абаронцаў Украіны ў раёнах населеных пунктаў Старамаёрскае Данецкай вобласці і Рабоціна Запарожскай вобласці.

* * *

Паводле звестак Інстытута вывучэння вайны, расійскія войскі прасунуліся на некалькіх кірунках у Данецкай вобласці. Апублікаваныя ISW 24 сакавіка геалакацыйныя кадры паказваюць, што расійцы прасунуліся на поўдзень ад Багданаўкі (на паўднёвы захад ад Бахмута) і на поўнач ад Кляшчэеўкі (на паўднёвы захад ад Бахмута), на поўдзень ад Новаміхайлаўкі (на паўднёвы захад ад Данецка).

На ўчастку мяжы Данецка-Запарожскай вобласці працягваліся пазіцыйныя баявыя дзеянні, аднак пацверджаных змяненняў лініі фронту на гэтым участку не зафіксавана.

Геалакацыйныя кадры паказваюць, што расійскія сілы нядаўна наступалі на захад ад Тоненькага (на захад ад Аўдзееўкі), украінскія войскі ўтрымліваюць пазіцыі на заходняй ускраіне Арлоўкі (на захад ад Аўдзееўкі), нягледзячы на нядаўнія расійскія заявы аб прасоўванні расійцаў на захад.

Расійскія блогеры сцвярджалі, што расійскія сілы прасунуліся да двух кіламетраў на паўночны захад ад Вербавага за апошнія некалькі дзён, але ISW не знайшоў візуальнага пацверджання гэтай заявы.

* * *

Расійскія войскі спрабуюць прасоўвацца ў напрамку Часавага Яру Данецкай вобласці, але наўрад ці змогуць пагражаць населенаму пункту акружэннем або акупацыяй у бліжэйшыя месяцы, гаворыцца ў справаздачы ISW.

У лістападзе 2023 года расійскія войскі пачалі лакалізаваную наступальную аперацыю на Бахмуцкім напрамку з мэтай вярнуць тэрыторыю, вызваленую Украінай у ходзе контрнаступлення летам 2023 года, і захапіць Часаў Яр. Аднак за апошнія чатыры месяцы расійскія войскі дамагліся толькі нязначных тактычных поспехаў на паўночны захад і захад ад Бахмута.

Асобныя расійскія крыніцы апісваюць расійскую актыўнасць у раёне Бахмута ў апошнія месяцы як умовы для магчымай наступальнай аперацыі па атачэнні і захопу Часавага Яру. Але ўкраінскія сілы пабудавалі значныя ўмацаванні ў форме кольца ў раёне Часавага Яра, і расійскія войскі, верагодна, будуць з усіх сіл спрабаваць прарваць іх.

Украінскія і расійскія крыніцы паведамілі, што расійскія войскі планавалі перакінуць дадатковыя сілы ў раён Бахмута з Аўдзееўскага напрамку ў сярэдзіне лютага, але магчымасць выкарыстоўваць тактычныя ўразлівыя месцы непасрэдна на захад ад Аўдзееўкі заахвоціла расійскія войскі падтрымліваць тэмп наступальных дзеянняў у гэтым раёне.

На думку экспэртаў ISW, гэта таксама магло істотна перашкодзіць расійскаму камандаванню засяродзіць дадатковыя сілы на Бахмуцкім кірунку. Незразумела, ці дастатковыя сілы акупантаў у раёне Бахмута для патэнцыйнага наступу на Часаў Яр. Пры гэтым расійскім войскам, верагодна, прыйдзецца дамагчыся прыкметных тактычных поспехаў на паўднёвы ўсход і паўночны захад ад Часавага Яра, перш чым прыступіць да спробаў акружэння населенага пункта.

Раней ва УСУ адзначалі, што акупанты робяць «магутны рывок» у кірунку горада Часаў Яр Данецкай вобласці. Гэта можа адкрыць ім плацдарм для наступу на Канстанцінаўку. Пры гэтым войскі РФ з гэтай мэтай актыўна сцягваюць на Бахмуцкі напрамак рэзервы і цяжкую тэхніку.

* * *

photo_2024_03_25_09_17_11.jpg

* * *

У ноч на 25 сакавіка расійскія войскі атакавалі ракетамі і дронамі Адэскую і Мікалаеўскую вобласці Украіны. Перад ударам дронаў вораг выпусціў супрацьрадыёлакацыйную ракету. Так расійцы спрабавалі абясшкодзіць СПА.

Расійцы канцэнтраваліся на аб'ектах энергетыкі. У Мікалаеўскай вобласці вораг трапіў па энергетычным аб'екце, успыхнуў пажар, які аператыўна ліквідавалі пажарныя. Людзі не пацярпелі. Таксама абломкамі дрона пашкоджаны жылы будынак,  пацярпелі 11 чалавек, тры з іх шпіталізаваныя. Таксама пашкоджаныя аб’екты энергетыкі ў Адэскай вобласці, праз гэта ў Адэсе сёння не будзе хадзіць электратранспарт.

* * *

Пасля тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Хол» у расійскіх Telegram-каналах пачала з'яўляцца інфармацыя аб праявах ксенафобіі ў РФ у дачыненні да неэтнічных рускіх. Таксісты адмаўляюцца абслугоўваць выхадцаў з Таджыкістана або аб паліцэйскіх рэйдах па хостэлах у пошуках мігрантаў.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ксенафобская рыторыка прагучала ад дэпутатаў Дзярждумы. Напрыклад, дэпутат ад часова акупаванага Крыма Міхаіл Шарамет прапанаваў абмежаваць уезд мігрантаў у Расію падчас вайны супраць Украіны, таму што іх нібыта выкарыстоўваюць заходнія спецслужбы. Намеснік старшыні Дзярждумы і нядаўні кандыдат у прэзідэнты Уладзіслаў Даванкоў прапанаваў увесці палітыку «нулявой талерантнасці» да мігрантаў, якія ўчынілі якія-небудзь правапарушэнні на працягу першага года знаходжання ў РФ, а таксама ўвесці ў дачыненні да іх «лічбавы кантроль» і распрацаваць праграму «замяшчэння мігрантаў».

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у адказ заявіў, што «ілжэпатрыёты» спрабуюць гуляць на эмоцыях людзей і «заклікаюць да фашысцкіх метадаў». Ён прыгразіў «кароткай размовай» з распальвальнікамі міжнацыянальнага канфлікту.

Эксперты Інстытута адзначаюць, што Кадыраў вымушаны балансаваць паміж адстойваннем ісламскіх каштоўнасцяў Чачні і падтрымкай усё больш ультранацыяналістычнага Крамля.