845-ты дзень вайны ва Украіне. Калі Пуцін прыменіць ядзерную зброю?

Расійскія войскі працягваюць штурмаваць ва Украіне, аднак, як толькі УСУ пачалі атрымліваць зброю, штурмы РФ захлынуліся. Прынамсі, па звестках ISW, прасоўвання не фіксуецца амаль нідзе. Тым часам аналітыкі думаюць пра тое, як можа скончыцца гэтая вайна, і разглядаюць багата сцэнароў — ад перамоваў да ядзернага ўдару.

photo_2023_11_12_19_06_50.jpg

Расійскія войскі ў нядзелю значна нарасцілі намаганні на Пакроўскім кірунку. За мінулыя суткі на фронце адбылося 104 баявыя сутыкненні. Генштаб Украіны называе сітуацыю «напружанай, аднак кантраляванай».

Паводле паведамлення Генштаба УСУ, на Пакроўскім кірунку колькасць боесутыкненняў за суткі ўзрасла да 40, што з'яўляецца найбольшым паказчыкам з пачатку чэрвеня. Пры падтрымцы ўсіх наяўных сродкаў агнявога паражэння (авіяцыі, артылерыі, узбраення баявых машын, ударных БпЛА, FPV-дронаў і стралковай зброі) расійцы спрабавалі ўклініцца ў баявыя парадкі абаронцаў Украіны паблізу Новааляксандроўкі, Еўгенаўкі, Калінавага, Сокала, Навасёлаўкі першай і Уманскай.

На Ліманскім і Курахоўскім кірунках было адбіта па 10 расійскіх атак. Сітуацыя на гэтых напрамках характарызуецца як «напружаная».

На Северскім кірунку падраздзяленнямі Сіл абароны адбітыя дзевяць штурмаў. На Врэмаўскім кірунку расійцы пры падтрымцы авіяцыі ажыццявілі 11 беспаспяховых атак, сітуацыя пад кантролем Сіл абароны Украіны.

На Арэхаўскім і Прыдняпроўскім кірунках сем штурмавых дзеянняў ворага поспеху не мелі. Страт пазіцый не дапушчана. На іншых кірунках, па даных Генштаба УСУ, сітуацыя засталася без істотных змен.

* * * 

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі 15 і 16 чэрвеня працягвалі наступальныя дзеянні на поўначы Харкаўскай вобласці ў раёне Глыбокага, Ваўчанска і Ціхага. Геалакацыйныя відэазапісы паказваюць на тое, што захопнікі прасунуліся да агрэгатнага заводу ў Ваўчанску. Кадры ўкраінскіх сіл, якія наносяць удары па расійскіх пазіцыях на гэтым заводзе, апублікаваныя 15 чэрвеня, сведчаць, што расійскія войскі ўтрымлівалі пазіцыі ў паўночна-заходняй частцы завода. «На момант напісання публікацыі незразумела, ці захоўваюць расійскія сілы гэтыя пазіцыі», — адзначаецца ў справаздачы.

ISW паведамляе, што 16 чэрвеня расійскія войскі працягнулі наземныя атакі на лініі Купянск-Сватава-Крэменная, на кірунку Часава Яра, на аўдзееўскім кірунку, у раёне мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, на захадзе Запарожскай вобласці, на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці ў раёне Крынак, але нідзе не здзейснілі ніводнага пацверджанага прасоўвання.

16 чэрвеня Міністэрства абароны Расіі заявіла, што расійскія войскі захапілі Загорнае (на паўднёвы захад ад Гуляйполя), што выклікала дэбаты і крытыку з боку расійскіх ваенных блогераў. Адзін блогер сцвярджаў, што ўкраінскія войскі сышлі з Загорнага яшчэ ў 2023 годзе. Іншы блогер раскрытыкаваў новага міністра абароны Расіі Андрэя Белавусава за выдумванне гісторый поспеху на перадавой, каб прыкрыць адсутнасць значных перамог.

* * *

3653601.jpg

* * * 

Каментуючы саміт міру ў Швейцарыі, аналітыкі ISW працягваюць лічыць, што Пуцін не зацікаўлены ў добрасумленных перамовах і толькі імітуе зацікаўленасць у перамовах у асобных выпадках у рамках больш шырокіх інфармацыйных намаганняў, накіраваных на тое, каб падбухторваць Захад пайсці на саступкі, якія б парушылі суверэнітэт Украіны.

Пуцін наўрад ці будзе зацікаўлены ў добрасумленных перамовах у агляднай будучыні, улічваючы, што нядаўна ён выклаў тэорыю расійскай перамогі ва Украіне, заснаваную на здагадцы, што расійскія войскі здольныя да нявызначанага ў часе паўзучага прасоўвання на поле бою, каб вытрымаць заходнюю падтрымку Украіны, адзначаюць эксперты інстытута.

* * * 

Расія падвышае падаткі, каб фінансаваць свае растуць патрэбы, якія ў прыватнасці звязаныя з вайной супраць Украіны, гаворыцца ў аглядзе Міністэрства абароны Брытаніі.

У РФ чакаюць, што падатковыя змены забяспечаць дадатковыя паступленні ў бюджэт у памеры каля 29 мільярдаў долараў у 2025 годзе. Для гэтага стаўка падатку на прыбытак прадпрыемстваўузрасце з 20 да 25%, а праз новую шкалу вышэйшая стаўка падатку на прыбытак вырасце з 15 да 22%.

Брытанская выведка адзначае, што дадатковыя выдаткі для бізнесу амаль напэўна абмяжуюць далейшыя прыватныя інвестыцыі ў неваенныя сектары, якія і без гэтага знаходзяцца ў стане стагнацыі, а ваенныя сектары з высокай доляй верагоднасці манапалізуюць значную частку наяўных расійскіх працоўных рэсурсаў.

* * * 

Bussiness Insider прыводзіць меркаванне стратэгічнага аналітыка з Гаагскага Цэнтра стратэгічных даследаванняў Фрэдэрыка Мертэнса, які лічыць, што Украіна «рыхтуе глебу» для будучых паветраных удараў па Крыме пасля прыбыцця знішчальнікаў F-16. Пра гэта сведчаць, на яго думку, украінскія ўдары па паўвостраве, асабліва па расійскіх наземных сістэмах СПА.

«Крым уразлівы. У расійцаў адносна абмежаваная прастора для манеўру на паўвостраве. Пуціну ёсць што губляць як у палітычным, так і ў вайсковым плане. Таму калі абмежаваная колькасць знішчальнікаў і можа аказаць рэальны ўплыў, то толькі тут — і над Чорным морам, якое стане цалкам даступным, як толькі будзе вырашана пытанне з СПА ў Крыме», — заявіў ён.

У сваю чаргу старшы навуковы супрацоўнік праграмы «Еўропа, Расія і Еўразія» Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў Марыя Снегава заявіла, што Расія не можа дазволіць сабе страціць Крым.

Эксперт па пытаннях дэмакратыі Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі Эліна Бекетава адзначыла, што калі Украіна зможа аднавіць кантроль над Чорным морам і вярнуць Крым, то «гэта будзе азначаць канец вайны».

* * * 

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Літвіненка ў інтэрв'ю The Times заявіў, што Пуцін можа звярнуцца да выкарыстання тактычнай ядзернай зброі, «калі Расія акажацца на мяжы катастрафічнай паразы». Такая параза, з ягоных слоў, можа прывесці да развалу расійскіх франтоў, дэзерцірства з войска і пратэстаў у Маскве.

Паводле яго слоў, няма ніякай верагоднасці таго, што Пуцін прыменіць ядзерную зброю, пакуль Расія мае перавагу ў вайне, а таксама сумнеўна, каб Пуцін ужыў стратэгічную ядзерную зброю, якая амаль напэўна справакавала б Трэцюю сусветную вайну.

Літвіненка адзначыў, што параза Расіі на полі бою ва Украіне не прывядзе да «аўтаматычнага ўжывання Масквой ядзернай зброі», бо Пуцін можа паспрабаваць пераканаць свой народ у тым, што параза — гэта «перамога».