902-і дзень вайны: Лукашэнка перадае РФ ваенную тэхніку са сваіх дзеючых частак
Ужо тыдзень доўжыцца «прарыў» пад Курскам. Баі ідуць не толькі ў Курскай вобласці, расійскае вайсковае камандаванне скардзіцца, што УСУ «здзейснілі ўварванне праз мяжу» пры падтрымцы бронетэхнікі з Сумскай вобласці ў Белгародскую вобласць.

Беларускія арсеналы таксама апусцелі. Лукашэнка перадае Расіі ваенную тэхніку са сваіх дзеючых частак — СМІ
Беларусь перадае ваенную тэхніку ў Расійскую Федэрацыю, якая адчувае дэфіцыт рэсурсаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў адправіць расіянам тэхніку са складоў дзеючых частак, бо беларускае войска таксама мае вычарпаны арсенал, піша bel-news.by.
Пра такое рашэнне кіраўніка Беларусі выданню стала вядома з крыніцы ў беларускім Міністэрстве абароны.
Адзначаецца, што Расія звярнулася да Беларусі з просьбай аб перадачы часткі тэхнікі пасля паспяховых дзеянняў Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці, паколькі сутыкнулася з вострым дэфіцытам узбраенняў як на гэтым кірунку, так і на іншых.
Такія перадачы беларускай ваеннай тэхнікі адбываюцца не ўпершыню. Напрыклад, у 2022 годзе, калі расійскія ўзброеныя сілы панеслі значныя страты ва Украіне пасля поўнамаштабнага ўварвання, Расія папрасіла Беларусь выкарыстаць яе арсеналы. Затым былі перададзены танкі Т-72А, боепрыпасы, артылерыя і грузавая тэхніка са складоў.
Паведамляецца, што сёння сітуацыя крытычная. У 2022 годзе Лукашэнка здаў у РФ тэхніку са складоў, а цяпер вымушаны здаваць тэхніку ўжо з дзеючых падраздзяленняў. Гэта сведчыць аб тым, што ўласныя арсеналы Беларусі былі фактычна вычарпаны.
Ужо тыдзень доўжыцца «прарыў» у Курскай вобласці: якія тэрыторыі не кантралюе РФ (баявыя карты)
У Курскай вобласці працягвае пашырацца зона баявых дзеянняў. Пад кантролем Украіны знаходзіцца амаль тысяча квадратных кіламетраў тэрыторыі РФ. Аналітыкі адзначаюць, што Узброеныя сілы Украіны прасоўваюцца далей, нягледзячы на нядаўнія расійскія заявы аб так званай «стабілізацыі» лініі фронту.
Куды ўдалося прасунуцца УСУ і дзе ідуць баі ў Курскай вобласці, разбіралася www.rbc.ua.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) звярнулі ўвагу на тое, што Узброеныя сілы Украіны, верагодна, здзейснілі новыя пранікненні ў заходнюю частку Курскай вобласці ў раёне населеных пунктаў Слабодка-Іванаўка (на паўночны захад ад горада Сумы і за 2 кіламетры ад міжнароднай мяжы), Цёткіна (на поўдзень ад Слабодкі-Іванаўкі ўздоўж міжнароднай мяжы), Гардзееўка, Успенка і Віктараўка (усе на поўнач ад Сумаў уздоўж міжнароднай мяжы і на поўдзень ад Карэнева).
Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што больш не кантралююць Слабодку-Іванаўку, Успенаўку і Віктараўку. Паводле іх даных, працягваюцца баі ў раёне населенага пункта Снагосць (на поўдзень ад Карэнева) і Крамянае (на ўсход ад населенага пункта Снагосць), а ўкраінскія сілы наступаюць на поўнач і поўдзень ад Карэнева, спрабуючы абысці населены пункт.

Раённы цэнтр Суджа, верагодна, знаходзіцца пад кантролем Узброеных сіл Украіны. Фота: understandingwar.org
На падставе геалакацыйных здымкаў аналітыкі ISW указваюць
на прасоўванне Узброеных Сіл Украіны ў межах вёскі Крамянае і на ўсход ад вёскі
Жураўлі (паўночна-ўсход ад Карэнева).
Прарасійскія военачальнікі кажуць, што ўкраінскія сілы таксама прасунуліся на поўнач ад пасёлку Жураўлі ў напрамку вёскі Агульны Калодзеж (на паўночны ўсход ад Карэнева і ў 30 кіламетрах ад міжнароднай мяжы).
Таксама ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся ў лясным масіве на поўнач і ўсход ад Сямёнаўкі (на поўдзень ад Льгова і прыкладна ў 24 кіламетрах ад міжнароднай мяжы) падчас верагоднага механізаванага штурму памерам у батальён у напрамку вёскі Каўчук (на поўдзень ад Льгова і за 27 кіламетраў ад міжнароднай мяжы). Хаця, як адзначаюць аналітыкі, дакладныя контуры прасоўвання Украіны незразумелыя.

Плошча баявых дзеянняў у Курскай вобласці перавысіла 1000 кв. кіламетраў. Фота: t.me/agentstvonews
Акрамя таго, геалакацыйныя здымкі таксама могуць сведчыць пра тое, што ўкраінскія войскі апошнім часам дзейнічалі ў Суджы (хаця расійскія вайскоўцы сцвярджаюць, што ўкраінскія войскі захапілі гэты горад, а таксама Спальнае) і ў населеным пункце Заалешнікі.
Украінская тэхніка магла дзейнічаць і ў паўночнай частцы Гір’і (на паўднёвы ўсход ад Суджы і за 13 кіламетраў ад міжнароднай мяжы), хаця б часова прасунуўшыся ўглыб вёскі.
Міністэрства абароны Расіі, у сваю чаргу, паведаміла аб абстрэлах каля вёскі Баркі (на паўднёвы ўсход ад Сужы). Між тым, з інтэрнэт-відэа вынікае, што ўкраінскія сілы пачалі дзейнічаць у Дар'іна (на паўночны захад ад Суджы і ў трох кіламетрах ад міжнароднай мяжы).

Прыкладныя раёны баявых дзеянняў на 12 жніўня з інтэрактыўнай карты «Радыё Свабода». Фота: svoboda.org
У сваю чаргу, расійскае выданне «Агенцтва» называе вёску Кромскія Быкі (за 30 км ад мяжы) самым аддаленым ад мяжы пунктам, дзе вядуцца баявыя дзеянні. Паведамляецца, што ўкраінскія вайскоўцы спрабуюць замацавацца на подступах да гэтага населенага пункта.
Пры гэтым самая заходняя кропка баявых дзеянняў — вёска Снагосць (за 11 км да мяжы па прамой). Вечарам ішлі баі ў раёне вёскі. Пры гэтым расіяне сцвярджаюць, што вёска Віктараўка, размешчаная на поўдзень ад Снагосьці, нібыта знаходзіцца пад кантролем Узброеных сілаў Украіны.
На думку расіян, самы ўсходні пункт баёў у Курскай вобласці — вёска Гір’і.
Акрамя таго, нядаўна стала вядома пра баі не толькі ў Курскай вобласці, расійскае вайсковае камандаванне скардзіцца, што Узброеныя сілы Украіны «здзейснілі ўварванне праз мяжу» пры падтрымцы бронетэхнікі з Сумскай вобласці ў Белгародскую вобласць, а менавіта на паўночны захад ад Грайварона, каля Калацілаўкі і Прылесся і каля Безыменнага.
Навіны вайны
- Дыверсіі і падпалы — гэта элемент падрыўной дзейнасці, арганізаванай спецслужбамі РФ з мэтай дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ва Украіне, заявіла спікер офіса генпракурора Украіны Надзея Максімец.
Паводле яе слоў, часцей за ўсё падпалы здзяйсняюць маладыя людзі ва ўзросце 18-23 гадоў, якія шукаюць хуткі спосаб зарабіць грошы ў інтэрнэце.
Пры гэтым большасць выканаўцаў альбо наогул не атрымліваюць абяцаныя грошы, альбо атрымліваюць значна меншую суму, дадала Максімец. Яна адзначыла, што сапраўдная мэта гэтых дзеянняў — не знішчэнне маёмасці, а перашкода дзейнасці УСУ.
- Украінскі OSINT-праект DeepState паведамляе, што войска РФ акупавала Лісічнае, Іванаўку, Свірыдонаўку Пакроўскага раёна Данецкай вобласці і прасунулася ў Гродаўцы, Канстанцінаўцы, Невельскім, каля Сяргееўкі, Пяшчанага і Новатарэцкага. Войскі РФ адкінутыя каля Стэльмахоўкі Луганскай вобласці.
- Украіна атрымала 4,2 млрд еўра ад Еўрасаюза ў рамках праграмы Ukraine Facility.
Украінскі ўрад накіруе гэтыя сродкі на сацыяльныя праграмы, гуманітарную сферу і іншыя важныя бюджэтныя праграмы. Ваенныя выдаткі Украіна працягвае фінансаваць выключна за кошт уласных рэсурсаў. З пачатку года ЕС прадаставіў Украіне ўжо больш за 12 млрд еўра бюджэтнай падтрымкі.
- Уначы расійскія БПЛА атакавалі энергааб'екты ў паўночным рэгіёне Украіны, у выніку чаго былі абясточаныя прамысловыя і бытавыя спажыўцы ў асобных раёнах Чарнігаўскай вобласці.
- У Сумскай вобласці ўведзеныя абмежаванні на перамяшчэнне ўсіх катэгорый грамадзян у памежнай 20-кіламетровай зоне, паведаміў Украінскі Генштаб.
Адпаведнае рашэнне прыняло ваеннае камандаванне «ў сувязі з павелічэннем інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, актывізацыяй дзейнасці дыверсійна-разведвальных груп, сіл спецыяльных аперацый праціўніка і з мэтай захавання жыцця цывільнага насельніцтва і вайскоўцаў». Допуск асоб на гэту тэрыторыю праводзіцца па пашпартах грамадзян Украіны з адпаведнай адзнакай аб рэгістрацыі пражывання ў гэтай зоне.
- Украіна і Расія захаваюць пастаўкі газу ў Еўропу праз газавымяральную станцыю Суджа ў Курскай вобласці, нягледзячы на баі ў рэгіёне, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Яны патлумачылі, што абодва бакі маюць фінансавы стымул працягваць пастаўкі газу. Для Кіева транзіт забяспечвае найважнейшыя сродкі для яго разбуранай вайной эканомікі — каля 1 млрд долараў у 2021 годзе, у той час як Еўропа застаецца адным з найбуйнейшых спажыўцоў расійскага трубаправоднага газу.
- Раніцай РФ абстраляла Зімоўнік, Садовае і Цягінку Херсонскай вобласці, параненыя пяць чалавек, сярод іх замежнік, паведаміла пракуратура Украіны.
- Увечары 12 жніўня расіяне абстралялі горад Багадухаў Харкаўскай вобласці — адзін чалавек паранены, у чатырох дзяцей ва ўзросце ад некалькіх месяцаў да 11 гадоў дыягнаставалі вострую рэакцыю на стрэс, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. Яшчэ адзін чалавек паранены ў выніку ракетнага абстрэлу вёскі Заброддзі Богадухаўскага раёна. Таксама адзін чалавек пацярпеў у Ваўчанску ў выніку атакі FPV-дрона.
- У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, 17 атрымалі раненні, з іх двое дзяцей, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.
- У Данецкай вобласці за 12 жніўня ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі чатыры чалавекі: двое ва Украінску, па адным у Тарэцку і Канстанцінаўцы. Яшчэ чатыры чалавекі ў вобласці за суткі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін.
- У Сумскай вобласці ў выніку начнога ракетнага ўдару паранены адзін чалавек. Пашкоджана лінія электрасеткі, газаправод, будынак бальніцы. Без электра- і газазабеспячэння засталася частка насельніцтва горада Сумы.

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 13 жніўня: асабовага складу — каля 593 160 (+1160за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8455 (+5), баявых браніраваных машын — 16 385 (+17), артылерыйскіх сістэм — 16 764 (+36), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 13 491 (+19), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 22 649 (+59), спецыяльнай тэхнікі — 2806 (+5).

Супрацьпаветраная абарона Украіны ноччу знішчыла 30 з 38 ударных БПЛА тыпу Shahed у Мікалаеўскай, Вінніцкай, Сумскай, Кіраваградскай, Херсонскай, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай і Чаркаскай абласцях, паведамілі ў паветраных сілах. Акрамя таго, Расія падчас начной атакі ўжыла дзве балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23.
- ЗША падтрымліваюць прасоўванне УСУ ў Курскай вобласці, паколькі гэтая аперацыя накіраваная на самаабарону.
Пра гэта заявіў намеснік спікера Дзярждэпу Ведант Патель. Ён падкрэсліў, што Пуцін пачаў незаконнае ўварванне ва Украіну, і калі яму не падабаецца, як краіна абараняе сябе, ён можа проста вывесці войскі і завяршыць вайну. Патэль дадаў, што Вашынгтон па-ранейшаму не дазваляе ўжываць амерыканскае ўзбраенне для удараў углыб тэрыторыі Расіі.
- МАГАТЭ паведаміла, што агледзела пашкоджаную градзірню на Запарожскай АЭС, але не змагло вызначыць прычыну пажару, які адбыўся там 11 жніўня.
«Эксперты агенцтва не выявілі ніякіх непасрэдных прыкмет рэшткаў беспілотніка і прыйшлі да высновы, што малаверагодна, што ён — першакрыніца пажару пачаўся каля градзірні», — гаворыцца ў заяве агенцтва.
На думку спецыялістаў, пашкоджанні станцыі, верагодна, сканцэнтраваныя ва ўнутранай частцы вежы на ўзроўні размеркавання вадзяных фарсунак на вышыні прыкладна 10 метраў. «Каманда пацвердзіла, што не было ніякіх значных прыкмет абломкаў, попелу або сажы, размешчаных у аснове градзірні», — дадалі ў МАГАТЭ.