Акцыя салідарнасці ў Кіеве каля беларускай Амбасады (фота)
Учора ўвечары каля беларускай амбасады ў Кіеве прайшла акцыя ў падтрымку затрыманых у Беларусі людзей – і за свабодныя выбары.
Адметнай рысай гэтай акцыі стала тое, што ўпершыню такое мерапрыемства аб’яднала не палітычна ангажаваных актывістаў, а самых звычайных беларусаў, што жывуць і працуюць ва Украіне. Гэта людзі самых розных узростаў, каштоўнасцяў і палітычных поглядаў.
Прайшоў невялічкі пікет. Беларусы ў сваіх прамовах перад амбасадай падкрэслівалі, што выступаюць не ў падтрымку таго ці іншага кандыдата на пасаду прэзідэнта, а, у першую чаргу, за магчымасць свабоднага выказвання беларусамі ў Беларусі сваіх поглядаў, то бок за рэалізацыю базавых правоў і свабод, у тым ліку свабоду волевыяўлення.
Асобна удзельнікі акцыі зазначылі стыхійны характар мерапрыемства і той факт, што само правядзенне гэтай акцыі удалося пагадзіць з уладамі Кіева літаральна за некалькі гадзін. Акцыю салідарнасці падтрымалі сваёй прысутнасцю вядомыя беларусы: Сяргей Кузін, вядомы радыёвядучы (у Кіеве ён працуе на «Радіо Рокс»), Леанід Канфер, журналіст, тэлевядучы, аўтар дакументальных фільмаў, а таксама вядомы ва Украіне беларускі спявак Яўген Літвінковіч.