Аналена Бербок: для Еўропы было б «самым танным варыянтам» даць Украіне сяброўства ў NATO

Пакуль лідары розных краін і аб’яднанняў думаюць пра тое, як і на якіх умовах спыніць вайну ва Украіне, расійскія войскі значна павялічылі колькасць штурмаў. Пра паспяховасць атак складана казаць, але тое, што значна выраслі страты арміі РФ — тое дакладна. Ідзе 1089-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

419198707_721028053543609_4124575474195457672_n.jpg

На фронце за мінулыя суткі зафіксавана 261 баявое сутыкненне. Гэта прыкладна ў два з паловай разы больш, чым суткамі раней, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 лютага.

На Пакроўскім кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 71 атаку арміі РФ. На Купянскім кірунку за суткі адбылося 39 атак расіян.

На Краматорскім кірунку войскі РФ атакавалі 29 разоў у раёнах Прадцечына, Ступачак, Белай Гары і ў раёне Часавага Яра. 27 атак адбітыя на Ліманскім кірунку, дзе расійскія войскі спрабавалі ўклініцца ва ўкраінскую абарону ў раёнах Цернаў, Торскага і Дзіброва.

Сілы абароны Украіны адбілі 25 варожых атак на Новапаўлаўскім кірунку. Расійцы здзейснілі 19 штурмаў на Тарэцкім кірунку ў раёнах населеных пунктаў Тарэцк, Дыліеўка і Крымскае.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 15 боесутыкненняў, расійцы нанеслі 33 авіяцыйныя ўдары, скінуўшы 49 кіраваных бомбаў па сваёй тэрыторыі.

* * *

Па даных аналітычнага праекта DeepState, 15 лютага на фронце быў самы цяжкі дзень у 2025 годзе. Аналітыкі адзначаюць штурмавыя дзеянні ў кірунку Канстанцінопаля і Улаклаў у Данецкай вобласці.

У Канстанцінопалі штурмы прайшлі беспаспяхова, ва Улаклах расійцам удалося замацавацца ва ўсходняй частцы вёскі. «Гэты манеўр значна ўскладняе жыццё падраздзяленняў сіл абароны, якія знаходзяцца на ўсходзе вёскі» — адзначаюць аналітыкі.

* * *

Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) пішуць, што наступы войскаў РФ на поўдзень і паўднёвы захад ад Пакроўска за апошнія два тыдні замарудзіліся. Гэта адбываецца на фоне таго, што расійскае камандаванне можа аддаць прыярытэт наступальным аперацыям вясной і летам 2025 года на Канстанцінаўку — самы паўднёвы пункт лініі абароны Украіны ў Данецкай вобласці.

Аналітыкі адзначаюць, што ў снежні 2024 года і студзені 2025-га войскі РФ, якія былі накіраваныя на пашырэнне расійскага выступу на поўдзень і паўднёвы захад ад Пакроўска, хутка прасоўваліся наперад. Аднак з лютага 2025 года тэмпы наступу расійцаў на паўднёвы захад ад Пакроўска замарудзіліся.

У ISW адзначаюць, што расійцы з цяжкасцю прасоўваліся на поўнач ад Котліна і на захад ад Удалага, паколькі, мяркуючы з усяго, сутыкнуліся з больш узгодненай украінскай абароннай у гэтых раёнах. Акрамя таго, УСУ правялі некалькі контратак у раёне Котліна і Пясчанага, накіраваных на стварэнне пагрозы расійскім пазіцыям на выступе.

Адзін расійскі ваенкор выказаў 15 лютага занепакоенасць тым, што запаволенне прасоўвання войска РФ можа дазволіць УСУ пачаць істотныя контратакі ў найбліжэйшыя тыдні і стварыць рызыку, што ўкраінскія сілы змогуць абрынуць расійскі выступ на поўдзень ад Пакроўска.

Аналітыкі дадалі, што камандаванне РФ можа мець намер аддаць прыярытэт наступу на Канстанцінаўку ў 2025 годзе і не ўзмацняць групоўку расійскіх войскаў ад на поўдзень ад Пакроўска.

* * *

16_62_1.jpg

* * *

У ноч на 16 лютага расійцы атакавалі Кіеўшчыну з дапамогай БПЛА, трывога доўжылася больш за 5 гадзін. У выніку атакі ў Барыспальскім раёне Кіева адбылося ўзгаранне і разбурэнне даху складскога памяшкання вытворчасці. Пажар аператыўна ліквідаваны. Таксама пашкоджаны адзін прыватны дом. У Браварскім раёне пашкоджаныя шэсць прыватных дамоў, абышлося без ахвяр.

У ноч на 16 лютага расійцы масіравана атакавалі Нікалаеў, у выніку чаго ўзнік пажар, загарэўся аб'ект крытычнай інфраструктуры, былі пашкоджаныя шматкватэрныя дамы, адзін чалавек паранены.

* * *

Спецпасланнік ЗША ў пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг падчас дыскусій на палях Мюнхенскай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі заявіў, што тое, як будзе выглядаць перамога, — «пытанне для Украіны».

Ён падкрэсліў, што ўкраінцы ваююць мужна, а ахвяры, на якія ім давялося пайсці, з'яўляюцца неверагоднымі. Спецпасланнік адзначыў, што бачыў гэта на ўласныя вочы, калі быў у Ізюме і іншых гарадах на ўсходзе Украіны. Прадстаўнік ЗША падкрэсліў, што першачарговай задачай для ўсталявання міру з’яўляецца спыненне актыўных баявых дзеянняў. Ён параўнаў гэта з раненнем на вайне, калі «спачатку трэба спыніць крывацёк, а потым лячыцца».

Келаг таксама адзначыў, што ў працэсе мірнага ўрэгулявання варта глядзець на далёкую перспектыву. У гэтым кантэксце ён успомніў Конрада Адэнаўэра, які хацеў аб'яднаць Германію, але гэта ўдалося зрабіць толькі праз некаторы час. Спецпасланнік таксама нагадаў пра краіны Балтыі, якія былі захопленыя, і Злучаныя Штаты ніколі гэтага не прызнавалі.

* * *

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк патлумачыў, чаму прадстаўнікоў Украіны не будзе на сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі паміж Расіяй і ЗША, пра якую пішуць у СМІ. «На сёння на перамоўным стале няма нічога, што можна было б абмяркоўваць», — заявіў Падаляк.

Ён падкрэсліў, што Расія не гатовая і не хоча перамоваў. Са слоў Падаляка, РФ патрэбны толькі фармальны перамоўны стол, на якім яна атрымае некалькі рашэнняў. Першае — аператыўную паўзу для таго, каб палепшыць сваё войска; другое — павысіць ультыматыўныя патрабаванні; трэцяе — зноў спекуляваць на тэме санкцый.

Таксама ён заявіў, што не ўпэўнены, што з Расіяй варта праводзіць падобныя перамовы на розных узроўнях. «Якая мэта? Калі мэта абнуліць сваю рэпутацыю, тады можна па гэтым шляху пайсці», — рэзюмаваў Падаляк.

* * *

Міністры замежных спраў «Вялікай сямёркі» падчас Мюнхенскай канферэнцыі абвясцілі, што новыя санкцыі супраць Расіі будуць уведзеныя ў выпадку адмовы Масквы ад «добрасумленных» мірных перамоваў з Украінай. Краіны акцэнтавалі, што асноўнай мэтай з'яўляецца забеспячэнне доўгатэрміновай бяспекі і стабільнасці для Украіны як суверэннай і незалежнай дзяржавы.

Заява была зроблена на фоне пастаяннай падтрымкі Украіны з боку групы G7, якая мае намер дамагчыся моцнага мірнага пагаднення з надзейнымі гарантыямі бяспекі, каб прадухіліць новы пачатак вайны.

* * *

Кіраўніца МЗС Германіі Аналена Бербок заявіла, што для Еўропы было б «самым танным варыянтам» даць Украіне сяброўства ў NATO. «У Вашынгтоне мы ўсе разам заявілі пра шлях Украіны ў NATO і ніхто з нас не здымае гэтага са стала. Гэта будзе самы танны спосаб, калі на стале будзе гэты варыянт NATO. Таму што разгортванне тысяч салдат каштуе вельмі дорага», — адзначыла Бербок.

Раней пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У МЗС Украіны таксама заявілі, што Украіна адмаўляецца прымаць якія-небудзь альтэрнатывы ўступлення ў NATO, улічваючы «горкі вопыт Будапешцкага мемарандума».