Дональд Трамп: Я не ведаю, што адбылося з Пуціным, ён звар'яцеў
Украіна другі дзень запар зазнала масіраваную дронавую атаку, і, падобна, што яна расплюшчыла вочы Дональду Трампу, які заявіў, што Пуцін звар'яцеў, і хоча ўсю Украіну. Гэта, дарэчы, было і раней зразумела, але не Трампу. Ці наважыцца ўсё ж прэзідэнт ЗША на маштабныя санкцыі супраць Расіі? Ідзе 1188-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 180 боесутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 траўня.
Па-ранейшаму асноўны кірунак атак арміі РФ — Пакроўскі, дзе абаронцы Украіны спынілі 63 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Катляроўкі, Малінаўкі, Лісоўкі, Удалага, Зверава, Траецкага, Елізаветаўкі, Андрэеўкі, Арэхавага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 24 атакі ў раёнах Канстанцінопалю, Навасёлкі, Свабоднага Поля і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз у бок Рэдкадубу, Зялёнай даліны, Новага Свету і паблізу Грэкаўкі, Ліпавага, Торскага.
На Краматорскім і Тарэцкім кірунках зафіксавана па 10 боесутыкненняў на кожным. Па шэсць атак расіян зафіксавана на Харкаўскім і Северскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі УСУ спынілі 26 штурмавых дзеянняў арміі РФ.
* * *
«Крывавая фантазія без шанцу на поспех», — так у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) ахарактарызавалі агучаную Дзмітрыем Мядзведзевым ідэю «буфернай зоны» ва Украіне.
Нагадаем, 22 траўня Уладзімір Пуцін заявіў, што вырашыў стварыць «буферную зону бяспекі» ўздоўж дзяржаўнай мяжы РФ з Украінай. У нядзелю, 25 траўня, намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што пад буфернай зонай Пуцін нібыта меў на ўвазе амаль усю тэрыторыю Украіны. Мядзведзеў паказаў відэа з чырвонай картай Украіны нібыта пад кантролем РФ, акрамя невялікага анклава ўздоўж польска-украінскай мяжы.
У ISW нагадалі, што ў перыяд з 1 студзеня па 24 траўня 2025 года расійцы прасоўваліся ў сярэднім на прыкладна 14,3 квадратных км у суткі па тэрыторыі Украіны і Расіі. Пры такіх тэмпах, ім спатрэбіцца прыкладна 91 год, каб захапіць прапанаваную Мядзведзевым «буферную зону». Пры гэтым агульныя страты гэтай кампаніі могуць дасягнуць каля 50 мільёнаў чалавек, што складае прыкладна траціну цяперашняга насельніцтва Расійскай Федэрацыі.
У ISW адзначылі, што названыя ацэнкі экспертаў выцякаюць са здагадкі, што расійскія войскі змогуць захаваць цяперашні тэмп прасоўвання, і не ўлічваюць шэраг геаграфічных і абаронных бар'ераў, якія агрэсару давядзецца пераадолець для захопу астатніх 80% тэрыторыі Украіны. У прыватнасці, для пераадолення згаданых перашкод, расійцам прыйдзецца:
- прарвацца праз умацаваную сістэму буйных гарадоў, якія фарміруюць магутную лінію абароны ў Данецкай вобласці (Канстанцінаўка, Дружкоўка, Славянск, Краматорск);
- фарсіраваць Днепр і зноў захапіць Херсон;
- правесці марскую дэсантную аперацыю ў Чорным моры для захопу плацдармаў у Адэскай вобласці;
- аднавіць кантроль над гарадамі Сумы і Харкаў, а таксама захапіць Кіеў і іншыя буйныя гарады ў цэнтральнай і заходняй частцы Украіны.
У справаздачы нагадалі, што ў першыя месяцы вайны войскі РФ не змаглі дасягнуць многіх з названых мэтаў, а з моманту захопу Бахмута ў траўні 2023 года не ўзялі пад кантроль ніводнага буйнога горада.
* * *
Расійцы зноў ажыццявілі масіраваную атаку на Украіну ў ноч на 26 траўня. У прыватнасці, атакавалі дронамі Адэскую вобласць, у выніку чаго разбураны жылы дом, пашкоджаныя дахі іншых дамоў, гаражы і аўтамабілі. Абышлося без ахвяр.
Уначы 26 траўня расійцы атакавалі Днепрапятроўскую вобласць. Пацярпелі Нікапаль і Марганецкая Абшчына. Пашкоджаны шматкватэрныя і прыватныя дамы і аўтамабілі.
26 мая Хмяльніцкая вобласць падвергнулася чарговай камбінаванай атацы з боку расійскіх войскаў. Паводле папярэдніх звестак, абышлося без пацярпелых сярод грамадзянскага насельніцтва, аднак ёсць разбурэнні аб'ектаў грамадзянскай інфраструктуры.
У ноч на 26 траўня расійскія войскі ажыццявілі масіраваную атаку беспілотнікамі на Харкаў. У горадзе прагучала прынамсі 13 выбухаў.
У выніку начной атакі РФ у Запарожскай вобласці двое чалавек атрымалі раненні, разбураны прыватны дом.
Паветраная трывога ў Кіеве доўжылася шэсць гадзін. У выніку атакі ёсць пашкоджанні ў Дняпроўскім раёне горада, абышлося без пацярпелых.
Польшча вырашыла падняць у паветра знішчальнікі ў адказ на дзеянні Расеі, якая зноў атакавала Украіну, выкарыстоўваючы авіяцыю далёкага дзеяння.
У расійскай Елабузе ў Татарстане ўвечары 25 траўня былі чутныя выбухі. Паведамлялася пра атаку на завод па вытворчасці дронаў тыпу «Шахед», якімі расійцы штодня атакуюць Украіну.
* * *

* * *
Расійскія атакі супраць Украіны з выкарыстаннем тысячы ўдарных БпЛА могуць стаць рэальнасцю, піша The Economist. Выданне адзначае, што яшчэ год таму 30 ўдарных беспілотнікаў, якія атакавалі Украіну за адну ноч, лічыліся чымсьці Надзвычайным. Цяпер Расея ўжывае сотні БпЛА.
«Летась Крэмль вырабляў блізу 300 беспілотнікаў "Шахед" на месяц; такая ж колькасць цяпер выпускаецца менш чым за тры дні. Украінская вайсковая выведка заяўляе, што мае дакументы, якія сведчаць, што Расія плануе павялічыць вытворчасць беспілотнікаў да 500 у дзень, а гэта азначае, што атакуючыя раі ў 1000 адзінак могуць стаць рэальнасцю», —піша The Economist.
Найноўшыя мадэлі БПЛА слаба паддаюцца ўплыву ўкраінскай РЭБ, яны не разлічваюць на GPS, кіруюцца штучным інтэлектам і выкарыстоўваюць ўкраінскую сетку мабільнага інтэрнэту. Інжынеры распавялі, што дроны кіруюцца з дапамогай ботаў у Telegram, якія ў рэжыме рэальнага часу адпраўляюць звесткі пра палёт і відэа аператарам.
The Economist піша, што Украіна яшчэ мае шанцы на барацьбу з беспілотнікамі і крылатымі ракетамі, «але перспектывы супраць балістычных пагроз з'яўляюцца больш змрочнымі». Амерыканская сістэма Patriot мае фактычную манаполію на балістычную супрацьракетную абарону, і Украіна мае такія комплексы. Аднак кампанія Lockheed Martin, што вырабляе сістэмы Patriot і ракеты да іх, мае аб'ём вытворчасці да 650 ракет у год. А гэта прыкладна на 100 менш, чым прагназуемая расійская вытворчасць балістычных ракет. Звычайна для перахопу адной расійскай балістычнай ракеты патрабуецца дзве ракеты-перахопніка.
* * *
Расійская Федэрацыя масіраванымі дронавымі атакамі на гарады Украіны спрабуе пераканаць свет, што яе перамога непазбежная, аднак аналітыкі лічаць гэта ілюзіяй, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Адзначаецца, што Пуцін выкарыстоўвае масіраваныя ўдары па ўкраінскіх гарадах, агрэсіўную рыторыку і празмерны песімізм Захаду датычна сітуацыі на полі бою ў якасці складнікаў шматвектарнай стратэгіі, накіраванай на падрыў маральнага духу ўкраінцаў і перакананне Захаду ў непазбежнасці перамогі Расіі і бескарыснасці далейшай падтрымкі Украіны.
У ISW адзначылі, што са студзеня 2025 года расійцы ажыццявілі сем найбуйнейшых ракетна-дронавых атак за ўвесь час поўнамаштабнай вайны.
«Крэмль спрабуе выкарыстаць маштабныя ўдары і ўсё больш агрэсіўную рыторыку, каб адцягнуць увагу ад слабых вынікаў расійскага войска на гэтым этапе вайны. Пуцін можа лічыць, што маштабныя атакі на ўкраінскія гарады і жорсткая рыторыка супраць NATO і краін Усходняй Еўропы будуць адцягваць увагу ад павольнага і знясільваючага прасоўвання Расіі на ўсходзе Украіны», — лічаць у ISW.
Акрамя таго, расійскія чыноўнікі спрабуюць схаваць рэальны стан рэчаў датычна эканамічных і матэрыяльна-тэхнічных абмежаванняў, якія ўсё больш абцяжарваюць здольнасць Расіі дасягаць поспехаў на полі бою.
«Расія сутыкаецца з сур'ёзнымі складанасцямі ў размеркаванні рэсурсаў паміж вайсковай вытворчасцю і грамадзянскім сектарам, а для пераадолення вострага недахопу працоўнай сілы ўсё больш актыўна прыцягвае мігрантаў. Крэмль, імаверна, пераглядае свае магчымасці для вядзення зацяжной вайны і, відавочна, пераарыентуе свае намаганні, каб прымусіць Захад загадзя пагадзіцца на патрабаванні Масквы, улічваючы абмежаваныя эканамічныя і вайсковыя рэсурсы Расіі», — перакананыя ў ISW.
Аналітыкі ўпэўненыя, што Пуцін, верагодна, разлічвае, што ўдары вялікай далёкасці і агрэсіўная рыторыка, спарадзяць у Захаду і Украіны адчуванне безнадзейнасці і адаб'юць жаданне еўрапейскіх сталіц і ЗША ў далейшым дапамагаць УСУ, ствараючы ілжывае ўяўленне аб непазбежнасці перамогі Расіі.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэзка ахарактарызаваў кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, заявіўшы, што той «зусім звар'яцеў» і папярэдзіў: калі ён паспрабуе захапіць усю Украіну, гэта прывядзе да «падзення» Расіі
У сваёй нататцы ў сацсетцы Truth Social Трамп адзначыў, што заўсёды меў «вельмі добрыя стасункі» з Пуціным, аднак, з ягоных слоў, расійскі кіраўнік змяніўся. Трамп заявіў, што Пуцін «зусім звар'яцеў» і «беспадстаўна забівае людзей», паказваючы на расійскія атакі па ўкраінскіх гарадах.
«Ракеты і беспілотнікі абстрэльваюць гарады ва Украіне без усялякай прычыны. Я заўсёды казаў, што ён (Пуцін – рэд.) хоча ўсю Украіну, а не толькі яе частку, і, магчыма, гэта аказваецца праўдай, але калі ён гэта зробіць, гэта прывядзе да падзення Расіі», — напісаў Трамп.
Крыху раней, падчас размовы з журналістамі на ўзлётнай паласе ў Морыстаўне, штат Нью-Джэрсі, перад пасадкай на борт самалёта Air Force One, Дональд Трамп заявіў, што глыбока незадаволены дзеяннямі Пуціна.
«Я незадаволены тым, што робіць Пуцін. Ён забівае шмат людзей, і я не ведаю, што, чорт пабірай, адбылося з Пуціным. Я ведаю яго вельмі даўно. Заўсёды ладзіў з ім, але ён накіроўвае ракеты на гарады і забівае людзей, і мне гэта зусім не падабаецца», — сказаў Трамп.
«Мы размаўляем, а ён выпускае ракеты па Кіеве і іншых гарадах», – адзначыў ён, і заявіў, што разгледзіць магчымасць прымянення тарыфаў супраць Расіі, каб дамагчыся прагрэсу ў мірных перамовах.
* * *
Міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкельманс заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо атрымаў запрашэнне на саміт Паўночнаатлантычнага альянсу, які сёлета пройдзе 24 і 25 чэрвеня ў Гаазе. Ён таксама пацвердзіў, што на саміце NATO будзе прысутнічаць прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп. Іншых дэталяў кіраўнік абароннага міністэрства не прывёў.