Ніколі ніякага міру паміж асноўнай часткай Украіны і Расіяй з Беларуссю не будзе
Галоўны рэдактар «Новай газеты», лаўрэат Нобелеўскай прэміі Дзмітрый Муратаў разважае аб зніжэнні ў Расіі колькасці прыхільнікаў вайны, феномене прапаганды і аб тым, што цяпер немагчыма будзе «забыць Марыупаль».
![Марыупаль Марыупаль](/img/v1/images/20220404_reuters_mariupol_scaled.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Марыупаль
— У мяне ёсць свая дамарослая сацыялогія, — прызнаецца ў інтэрв'ю каналу СаладнікоўДзмітрый Муратаў. — Раз на тыдзень я залажу на барахолку Ozon і гляджу, колькі каштуюць майкі з атрыбутыкай Z, V і іншае.
На мінулым тыдні цана ўпала яшчэ на 8%, і цяпер зніжкі на гэтыя вырабы дасягнулі 68-78%. Гэта значыць, за некалькі месяцаў папулярнасць і кошт вайны, яе каштоўнасць у вачах людзей знізіліся на тры чвэрці.
Медыяменеджар са шкадаваннем канстатуе, што пакуль у Расіі пануе прапаганда, дзяржаве трэба знішчыць медыя, незалежныя ад яе. І прыводзіць наступную статыстыку:
— Усяго, па даных Генпракуратуры Расіі, заблакіравана 138 тысяч сайтаў. З іх 7 тысяч па цэнзурных меркаваннях. Знішчаны дзясяткі незалежных СМІ і расследавальных стартапаў, многія прызнаны іншаагентамі і непажаданымі, а 12 чалавек сядзяць.
Разгром прэсы, або медыйны генацыд, завершаны. А навошта было так баяцца, калі план добры, а ідэя правільная?
Не, было зразумела, што народ трэба пакінуць сам-насам з прапагандай. І ў гэтым гіганцкая віна дзяржавы. Гэта пастаянная радыяцыя прапаганды, злосці і агрэсіі на людзей, якія прывыклі верыць іконе — тэлевізару.
А прапаганда з'яўляецца галоўнай індустрыяй расійскай прамысловасці.
Муратаў праводзіць паралель з тым, як працаваў адзін са СМІ падчас генацыду ў Руандзе:
— Я чытаў даследаванне выдатнага прафесара-англічаніна, які вывучаў разню ў Руандзе ў 1996 годзе, калі народ хуту рэзаў народ тутсі. Крыніцай заклікаў да разні і генацыду была «Радыёстанцыя тысячы пагоркаў».
Народ тутсі не называлі людзьмі, казалі на іх «яны», казалі, што з-за іх усе дрэнна жывуць, што яны замахваюцца на нашы правы і што мы павінны нанесці папераджальны ўдар па гэтым народзе, а людзі бралі мачэтэ і ішлі рэзаць суседзяў.
І вось гэты прафесар бярэ карту пакрыцця «Радыёстанцыі тысячы пагоркаў» тэрыторыі Руанды. І там, дзе сігнал у вёсцы быў моцным і прапаганда даходзіла, там бралі і ішлі забіваць і марадзёрстваваць. А там, дзе гэты сігнал не даходзіў ці быў слабым, ніхто нікуды не збіраўся.
І, дарэчы кажучы, калі паўстанцы захапілі сталіцу і проста адключылі гэту радыёстанцыю, разня вокамгненна спынілася.
Але, па словах Муратава, ёсць сур'ёзнае адрозненне паміж 1996 годам у Руандзе і тым, што адбываецца цяпер, што трэба зафіксаваць і зразумець яго незваротную сутнасць.
— Гэта першая ў свеце і ў цэнтры Еўропы лічбавая вайна, калі кожная смерць, кожнае забойства, кожны падарваны дом, кожны спалены танк, кожнае параненае дзіця — усё гэта знаходзіцца на мільёне розных носьбітаў. Ты не зможаш гэтага забыць.
Ты кожны раз, забіваючы ў пошукавіку слова «Марыупаль», будзеш бачыць тэатр у Марыупалі, і ў свядомасці ўкраінскага народа гэта застанецца назаўжды.