Гадавіна трагедыі ў Хірасіме: японцы моляцца за мір
77 гадоў таму Узброеныя сілы ЗША узарвалі над Хірасімай атамную бомбу. У выніку ядзернага ўзрыву ад яго наступстваў загінула, паводле розных падлікаў, ад 140 да 170 тысяч чалавек. Сёння Хірасіма зноў расказвае свету пра сваю трагедыю і моліцца за мір.
![Штогод японцы пускаюць каляровыя папяровыя ліхтарыкі на ваду насупраць Атамнага купала ў Хірасіме Штогод японцы пускаюць каляровыя папяровыя ліхтарыкі на ваду насупраць Атамнага купала ў Хірасіме](/img/v1/images/_113765424_rt_gettyimages_1160084542.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Штогод японцы пускаюць каляровыя папяровыя ліхтарыкі на ваду насупраць Атамнага купала ў Хірасіме
Званы ў Хірасіме нагадваюць пра 77-ю гадавіну першай у свеце атамнай бамбардзіроўкі, але сёння там гавораць не пра гэта — а пра пагрозу новай ядзернай катастрофы, якая ўзнікла пасля ўварвання Расіі ва Украіну.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш далучыўся да тысяч людзей, якія сабраліся ў Парку міру ў цэнтры Хірасімы, каб успомніць гадавіну бамбардзіроўкі.
«Ядзерная зброя — гэта глупства. Яна не гарантуе аніякай бяспекі — толькі смерць і разбурэнні, — сказаў Гутэрыш, не згадваючы пры гэтым наўпрост Расію. — Праз тры чвэрці стагоддзя праз мы павінны спытаць, што мы даведаліся з грыбападобнага воблака, якое паднялося над гэтым горадам у 1945 годзе».
![Японскія грамадзяне моляцца за мір падчас цырымоніі ўшанавання памяці ахвяр атамнай бамбардзіроўкі. Фота: AFP Японскія грамадзяне моляцца за мір падчас цырымоніі ўшанавання памяці ахвяр атамнай бамбардзіроўкі. Фота: AFP](/img/v1/images/1000__1__17.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Японскія грамадзяне моляцца за мір падчас цырымоніі ўшанавання памяці ахвяр атамнай бамбардзіроўкі. Фота: AFP
Мэр Хірасімы Кадзумі Мацуі быў больш рэзкім і крытычным у дачыненні да ваенных дзеянняў Масквы ва Украіне. Хірасіма сёлета не запрасіла на штогадовую цырымонію расійскага амбасадара.
«Урываючыся ва Украіну, расійскі лідар, абраны для абароны жыцця і маёмасці свайго народа, выкарыстоўвае іх як прылады вайны, крадучы жыцці і сродкі для існавання мірных жыхароў у іншай краіне», — сказаў Мацуі. — Цяпер ва ўсім свеце ідэя пра тое, што свет залежыць ад ядзернага стрымлівання, набірае абароты».
Ён падкрэсліў, што сёння ўвесь свет думае, што мір залежыць ад ядзернага стрымлівання: «Прыняць статус-кво і адмовіцца ад ідэалу міру, які падтрымліваецца без прымянення ваеннай сілы, азначае паставіць пад пагрозу само выжыванне чалавечай расы».
Хвілінай маўчання ўшанаваў памяць пра загінулых пасля выбуху бомбы прэм'ер-міністр Японіі Фуміа Кісіда. Ён заклікаў свет адмовіцца ад ядзернай зброі. Узгадваючы ў сваім выступленні напружаную сітуацыю паміж Кітаем і Тайванем, Кісіда сказаў, што Японія будзе цесна супрацоўнічаць з ААН у сувязі з дзеяннямі Кітая, якія «сур'ёзна ўплываюць на мір і стабільнасць міжнароднай супольнасці».
У чацвер амбасадар Расіі ў Японіі Міхаіл Галузінусклаў кветкі да памятнага каменю ў парку і заявіў журналістам, што Расія ніколі не ўжыве ядзерную зброю. Ён сказаў, што Расія «прыкладае намаганні па скарачэнні ядзернага ўзбраення» і раскрытыкаваў рашэнне японскіх улад не запрашаць яго на цырымонію ўшанавання памяці ахвяр атамнай бамбардзіроўкі ў Хірасіме.