Генерал ЕС: Спыненне агню ва Украіне можа быць забяспечанае міжнароднай місіяй ААН
Пачаліся 1068-я суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Расіяне перахопліваюць ініцыятыву на фронце, але гэта адбываецца шляхам «мясных штурмаў» і надзвычай вялікіх страт.
Расіяне, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, атакуе пазіцыі сіл абароны Украіны. Украінскія абаронцы стойка стрымліваюць націск акупантаў, наносячы ім значныя страты. Усяго, за мінулыя суткі зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ 26 студзеня.
На Купянскім і Новапаўлаўскім кірунках сілы абароны адбілі па 9 расійскіх штурмаў. На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 26 разоў. На Краматорскім кірунку армія РФ 33 разы атакавала ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Часоў Яр, Ступачкі, Прадцечына і Белая Гара.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак у раёне Тарэцка.
Па-ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе УСУ спынілі 52 штурмавых дзеянні агрэсара.
Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі, дзе адбілі 16 штурмавых дзеянняў расіян. Авіяцыя РФ нанесла па сваёй тэрыторыі 33 авіяцыйныя ўдары, скінулі 57 авіябомбаў.
* * *
У ноч на 26 студзеня аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія войскі акупавалі вёску Врэмаўка і практычна захапілі Вялікую Навасёлку ў Данецкай вобласці. «Вораг прасунуўся ў вялікая Навасёлку, Тарэцку, Котліна, каля Надзіеўкі, Петрапаўлаўкі і Котліна, каля Славянкі» — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
Данецкая абласная ваенная адміністрацыя прыняла рашэнне аб прымусовай эвакуацыі сем'яў з дзецьмі з населеных пунктаў Камарскай і Крыварожскай грамад з-за ўзмацнення абстрэлаў і пагрозы жыцця мірных жыхароў.
Па словах начальніка Данецкай АДА Вадзіма Філашкіна, цяпер у Камарскай грамадзе застаецца 76 дзяцей, а ў Крыварожскай — 34.
Улады заклікаюць бацькоў адказна паставіцца да эвакуацыі, падкрэсліваючы неабходнасць забяспечыць дзецям бяспечныя ўмовы пражывання, далей ад зоны актыўных баявых дзеянняў.
25 студзеня начальнік Пакроўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Дабрак паведаміў, што з Пакроўска і грамады эвакуявалі ўсіх дзяцей.
* * *
* * *
Старшыня ваеннага камітэта ЕС генерал Роберт Брыгер выказаў меркаванне, што спыненне агню ва Украіне можа быць забяспечанае пры ўдзеле міжнароднай місіі пад мандатам ААН. У яе склад маглі б увайсці не толькі еўрапейскія салдаты, але і ваенныя з краін глабальнага Поўдня і Каўказа.
Як сказаў Брыгер у інтэрв'ю выданню Welt, краіны-члены ЕС могуць даць значныя сілы для маніторынгу спынення агню, у залежнасці ад палітычнага рашэння. Ён адзначыў, што назіранне за дэмілітарызаванай зонай уздоўж фронту запатрабуе значнай вайсковай прысутнасці, магчыма, у «высокім пяцізначным дыяпазоне».
Брыгер таксама выказаў сумневы адносна плана прэзідэнта ЗША Дональда Трампа хутка спыніць вайну ва Украіне шляхам «замарожвання» лініі фронту. Ён адзначыў, што такое рашэнне малаверагодна і можа прывесці да працяглага канфлікту, падобнага сітуацыі паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй.
Раней Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў меркаванне, што для забеспячэння спынення агню ў Укарыне спатрэбіцца мінімум 200 тысяч міратворцаў.
* * *
Амерыканскія дыпламаты заклікалі даць выключэнне для ўкраінскіх праграм з 90-дзённага замарожвання замежнай дапамогі, уведзенага дзяржсакратаром ЗША Маркам Рубіа, піша Financial Times.
Згодна з дакументамі, з якімі азнаёмілася выданне Financial Times, высокапастаўленыя дыпламаты ў Бюро па пытаннях Еўропы і Еўразіі Дзяржаўнага дэпартаменту звярнуліся да Рубіа з просьбай выключыць працу агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) ва Украіне з шырокамаштабнай дырэктывы, якая ўступіла ў сілу 25 студзеня. Цяпер запыт знаходзіцца на разглядзе, але з Вашынгтона паступаюць пазітыўныя сігналы, пра што гаворыцца ў электронным лісце супрацоўнікам USAID ва Украіне, з якім азнаёмілася FT.
Праграмны дырэктар адной з няўрадавых арганізацый заявіў, што замарожванне можа стаць «катастрофай» для праектаў па падтрымцы школ, бальніц і энергетычнай інфраструктуры ў Украіне.
Украінскі чыноўнік, знаёмы з сітуацыяй, пацвердзіў FT, што ваенная дапамога ЗША не падпадае пад дзеянне загаду Рубіа аб замарозцы. «Ваенная дапамога Украіне застаецца некранутай. Прынамсі, на гэты момант яна дакладна не з'яўляецца часткай гэтай 90-дзённай замаразкі», — прыводзіць выданне яго словы.